Жорсткі і хуткі разгон акцыі на Кастрычніцкай
На Кастрычніцкай плошчы Мінска а 18-й прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці з палітвязнямі. Яна трывала дзве хвіліны і была жорстка разагнаная.
18:10
На плошчы пуста. Акцыя скончана.
Засталіся журналісты і тыя, хто унікнуў затрымання. Ходзяць жанчыны-прыбіральшчыцы.
Спецназ сышоў, разыходзяцца і асобы ў цывільным.
18:06
Усіх жорстка затрымліваюць, збіваюць, закідваюць усіх у аўтобус. Адзін аўтобус ад'ехаў, пад'ехаў другі аўтобус.
Затрымалі ўсяго 40 чалавек.
Сярод затрыманых - старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня БХК Алег Гулак, сябра маладых дэмакратаў Міхась Пашкевіч, маладафронтаўцы Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка (ён быў затрыманы загадзя), кіраўнік Моладзі БНФ Андрэй Крэчка.
***
18:03
Людзі становяцца ў шэраг, асобы ў цывільным пачынаюць адціскаць журналістаў, не даюць здымаць, адводзяць іх па адным, а таксама акружаюць тых, хто стаў у ланцуг.
***
Зараз на Плошчы знаходзіцца каля 20 чалавек, ёсць таксама міліцыянеры і «асобы ў цывільным». З іх большасць знаходзіцца ў пераходзе метро, на выхадзе да гандлёвых радоў «Купалаўскі».
***
Ужо чацвёрты год кожны месяц 16‑га чысла праходзіць акцыя ў падтрымку палітвязняў і сем’яў зніклых. У розных гарадах Беларусі і замежжа людзі выходзяць на вуліцы са сцягамі і партрэтамі, каб прызваць беларускія ўлады да спынення рэпрэсій і да палітычных зменаў у краіне.
16 кастрычніка акцыя «Салідарнасці» мае на мэце нагадаць грамадству, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць вязні сумлення: гэта ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі.
Таксама ў Беларусі па‑ранейшаму не расследуюцца справы аб знікненні ў 1999‑2000 гадах апазіцыйных лідэраў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У выкраданні гэтых людзей міжнародная супольнасць падазрае высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.