«Малады фронт» далучыцца да шэсця ў гонар Дзядоў
Актывісты міжнароднага аб’яднання «Малады фронт» маюць намер далучыцца да шэсця ў гонар Дзядоў, якое пройдзе ў Мінску 1 лістапада.
Пра гэта паведаміла прэс‑сакратар арганізацыі Таццяна Шапуцька.
Як раней паведамлялася, Кансерватыўна‑хрысціянская партыя — БНФ падала ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 1 лістапада мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дзядоў (2 лістапада). Збор удзельнікаў плануецца на пляцоўцы каля Мінскага гадзіннікавага завода. Пасля гэтага ўдзельнікі мерапрыемства пройдуць да ўрочышча Курапаты, дзе адбудзецца мітынг. Час правядзення акцыі — з 10.30 да 17.00.
«Мы шануем сваіх продкаў. «Малады фронт» вітае ініцыятыву КХП‑БНФ па правядзенні шэсця, і мы вельмі рады таму, што Партыя БНФ прыняла рашэнне далучыцца да гэтага шэсця. Што тычыцца «Маладога фронту», то мы далучымся да шэсця сваёй калонай. У нас будуць свае лозунгі, свае сцягі, свае транспаранты. Магчыма, члены нашай арганізацыі будуць несці некалькі крыжоў, якія мы паставім у Курапатах», — сказала Шапуцька.