Нацбанк: Банкаўская сістэма пад пагрозай
Нацыянальны банк (НББ) заяўляе пра «значную пагрозу» бяспекі банкаўскай сістэмы краіны і чакае ад ураду неадкладных захадаў у справе стабілізацыі дзяржбанкаў.
З адпаведным лістом да прэм’ер‑міністра Сяргея Сідорскага звярнуўся старшыня праўлення НББ Пётр Пракаповіч, паведамляе крыніца Інтэрфаксу ў органах дзяржкіравання.
У НББ падкрэсліваюць, што небяспечная сітуацыя ў банкаўскім сектары з'яўляецца наступствам крызісу ліквіднасці ў дзяржаўных банках, які пастаянна нарастае. Сітуацыя ўскладняецца ростам праблемных крэдытаў, якія за студзень‑жнівень выраслі ў 3,3 разы.
Крытычнае пагаршэнне ліквіднасці дзяржбанкаў тлумачыцца высокай крэдытнай нагрузкай у межах фінансавання дзяржаўных праграмаў. Так, за студзень‑ліпень 2009 дзяржбанкі павялічылі аб’ём крэдытавання дзяржпраграм у 1,4 разы ў параўнанні з дакрызісных аналагічным перыядам 2008 года — да 6,76 трлн рублёў.
Паводле суразмоўцы Інтэрфакса, наступствам значных праблемаў з ліквіднасцю дзяржбанкаў стала павелічэнне затрымкаў падатковых сплатаў. Так, пры канцы верасня — пачатку кастрычніка аб’ём затрыманых найбуйнейшым беларускім банкам — Беларусбанкам — падаткаў перавысіў 1 трлн рублёў у дзень.
НББ чарговы раз прапануе ўраду знізіць патрабаванні да дзяржаўных банкаў па фінансаванні дзяржпраграмаў і перадаць гэтыя функцыі дзяржаўнаму агенцтву разьвіцця, стварэнне якога таксама зьяўляецца адным з абавязацельстваў Беларусі перад МВФ.
Перадача агенцтву крэдытнага партфеля, створанага ў рамках фінансавання дзяржпраграмаў, дазволіць беларускім банкам «ачысціць» свае балансы, што павінна часткова выправіць сітуацыю зь іх ліквіднасцю.
Альтэрнатывай дадзенай рэформе фінансавання дзяржпраграм з'яўляецца чарговая рэкапіталізацыя дзяржбанкаў за кошт бюджэту.