Высяленне
7 кастрычніка суддзя Гаспадарчага суда Мінска Ала Мірошнік прыняла рашэнне аб высялені царквы «Новае жыццё» Рэлігійнага аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь з будынка па вуліцы Кавалёва, 72.
Пра гэта паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін. Такім чынам, паводле яго слоў, суд задаволіў іск ЖРЭУ Маскоўскага раёна з патрабаваннем аб высяленні царквы з будынка, які яна займае.
Выступаючы на судовым пасяджэнні, Луканін патлумачыў, што вернікі не згодныя з іскам, паколькі абшчына не атрымала ад уладаў належную кампенсацыю за будынак царквы, дастатковы для ўзвядзення новага. «Я падкрэсліў, што ў любой краіне лічыцца ненармальнай сітуацыя, пры якой вернікаў без адпаведнай кампенсацыі выганяюць на вуліцы з іх уласнага будынка, тым самым пазбавіўшы магчымасці збірацца для правядзення богаслужэнняў і пакланення Госпаду Ісусу Хрысту», — сказаў юрыст.
Паводле яго слоў, паводле рашэння суда царква абавязана вызваліць будынак па Кавалёва, 72, у самы бліжэйшы час і заплаціць 350 тыс. рублёў за судовыя выдаткі, панесеныя ЖРЭУ Маскоўскага раёна. Суддзя паведаміла, што рашэнне ўвойдзе ў законную сілу, калі абшчына не абскардзіць яго на працягу 15 дзён. Калі ж гэтая пастанова будзе абскарджана і апеляцыйная інстанцыя пакіне яго без змянення, суддзя выдасць загад, на падставе якога вернікі будуць абавязаныя пакінуць будынак царквы, сказаў Луканін.
Ён назваў рашэнне суда «прамым парушэннем правоў уласніка і правоў чалавека», паколькі ў выніку судовых пастаноў царква пазбаўлена сваёй уласнасці і не атрымала належнай кампенсацыі. Апрача таго, паводле яго слоў, вернікі «аказваюцца па‑за законам і выкінутымі на вуліцу». Вось чаму царква мае намер абскардзіць рашэнне Алы Мірошнік у апеляцыйнай інстанцыі Гаспадарчага суда горада Мінска, зазначыў юрыст.
22 жніўня сталічныя ўлады ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі‑перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. З 24 жніўня яны вядуць у храме бестэрміновае кругласутачнае малітоўнае дзяжурства.