Сустрэча пад павуцiнай
Не, я не маю на ўвазе тонкую, ледзь прыкметную павуцiнку, якую гонiць праз поле вецер бабiнага лета, я кажу пра каварнае сусветнае Павуцiнне — iнтэрнэт. Яно можа ўварвацца ў жыццё асобнага чалавека, нават калi яго зусiм не просяць, i перавярнуць яго, гэта жыццё, з ног на галаву.
Калi б хто сказаў пару гадоў таму шаноўнаму выкладчыку ВНУ, чалавеку сталаму i станоўчаму, што бязглузды збег абставiнаў, выпадковасць, нейкая электронная абракадабра давядуць яго ледзь не да iнфаркту, не паверыў бы. Зусiм не паверыў бы. Бо гэта магло здарыцца з кiм заўгодна, толькi не з iм.
А з чаго пачалося? З усеагульнага захаплення сайтам "Аднакласнiкi". Зайшоў неяк з цiкавасцi i ўбачыў фота сваёй далёкай таварышкi па школьнай парце. Ну, можа калi падносiў школьны партфель цi з навагодняга вечара дамоў праводзiў. Але, як бывае, шляхi разышлiся, пасля выпускнога вечара, лiчы, i не бачылiся. Напiсаў колькi слоў, завязалася перапiска. Яна таксама шчыруе на выкладчыцкай нiве, толькi вельмi далёка, амаль за тысячу кiламетраў. Жыве з дачкой, з мужам разбеглiся даўно. Ды, мяркуючы па пiсьмах, былая аднакласнiца жыве ў гармонii з сабой, будуе i ажыццяўляе навуковыя i iншыя планы. Даўно навучылася зарабляць грошы, быць самастойнай i самадастатковай. З дачкой-студэнткай кожны год адпачываюць у iншай краiне, каб "паглядзець свет". Яму таксама, як ён лiчыў, было пра што расказаць. Словам, перапiсвалiся яны ўжо некалькi гадоў, i падобна на тое, кожны атрымлiваў ад таго абмену думкамi нейкае задавальненне. І цягнулася б гэта яшчэ невядома колькi, каб аднойчы ў электронную пошту хатняга камп'ютара не зазiрнула жонка Iвана Iванавiча.
Тая самая жонка, якая працуе ў суседняй ВНУ, i якую ўся кафедра лiчыць прыгожай, разумнай, эталонам жонкi i гаспадынi сям'i. I ён так лiчыў... Ва ўсялякiм разе за паўтара дзясятка гадоў, на працягу якiх яны з мужам абмяркоўваюць свае навуковыя працы i надзённыя праблемы ў нас за кавай, не даводзiлася адчуць нейкай незадаволенасцi сямейным жыццём. Наадварот, пра жонку ён адгукаўся толькi з павагай. I наогул, Iван Iванавiч не з тых людзей, якiя ахвотна гавораць пра асабiстае, i не з той кагорты, пра якую кажуць, што балбатун — знаходка для шпiёна. Але цяпер усё памянялася.
Цяпер ён расказвае, нiбы хоча знайсцi падтрымку i паратунак. Бо жыццё сапраўды ператварылася ў нейкi вэрхал. На хатнi тэлефон у пажарным парадку ўсталяваны вызначальнiк нумароў. Мабiльныя тэлефоны кожны дзень правяраюцца на прадмет уваходных i выходных званкоў. Сядзяць яны з мужам на кухнi за кавай, i кожныя паўгадзiны, як стрэл, гучыць кантрольны званок. Жыццё, паводле яго слоў, стала нечым нагадваць рэжым зоны, дзе абавязковыя ранiшняя праверка i вячэрняе пастраенне. Толькi што ногi не прымушаюць ставiць на шырыню плячэй i ўзнiмаць рукi для вобыску. Даходзiць да абсурду, калi пасля лекцыi, на час якой адключаеш тэлефон, трэба апраўдвацца i тлумачыць. Бывае няёмка не толькi перад калегамi, але i перад студэнтамi. Вось гэты пастаянны прэсiнг, недавер пасля амаль трыццацi гадоў сумеснага жыцця, не проста нервуе, з сябе выводзiць, але ўсё перакрэслiвае...
Адзiн вясёлы таварыш па працы Iвана Iванавiча, якi не абцяжарвае сябе пiсьмамi да жанчын, напiсанымi "высокiм стылем", ды знаходзiць дарогу да iх сэрцаў хутка i проста, нiбы паручнiк Ржэўскi, спачувае калегу, але кажа, што той ва ўсiм вiнаваты сам. "Разбэсцiў ты сваю бабу, усё жыццё малiўся, як на абраз, думаць у другi бок i тое не дазваляў сабе. Вось i знайшла зачэпку ў драбнiцы. А калi б яна ноч якую не паспала ў думках, цi прыйдзеш, цi вернешся дадому, то i цанiла б лепей. Мая, каб убачыла пiсьмо, дзе няма канкрэтна вызначанага месца i часу сустрэчы, нават увагi не звярнула б", — падсумаваў кафедральны аматар i знаўца жаночай прыгажосцi.
Якое там месца i час сустрэчы. Пра гэта гаворка нiколi не iшла. Наадварот, ён расказваў пра сваю добрую сям'ю, пра поспехi дзяцей. А цяпер усё часцей ловiць сябе на думцы, што хоча ўзяць бiлет ды i паехаць. Хоць, шчыра кажучы, i туды нiхто не клiкаў. Тым больш цяпер, калi жонка напiсала ёй абразлiвае, нiчым не заслужанае, пiсьмо.
Як чалавек тактоўны, Iван Iванавiч стараецца ўсё ж з чужымi людзьмi не абмяркоўваць сваю жонку. Цяпер iх размовы з мужам часта заходзяць на тэмы больш глабальныя i фiласофскiя. Накшталт таго, куды прывядзе нас тэхнiчны прагрэс. Гадоў праз 20—30 кожны чалавек можа стаць аб'ектам нейкага татальнага ўлiку i кантролю. Мы некалi смяялiся з артадаксальных вернiкаў, якiя адмаўлялiся браць пашпарты з асабiстымi нумарамi. А ў гэтым нешта было, першы званочак. Цяпер нам прапануюць здаць адбiткi пальцаў, выклiкаюць па чарзе ў мiлiцыю. Справа зусiм недалёкай будучынi — увядзенне электронных чыпаў. Чып стане монстрам i валадаром кожнага, па iм стане магчымым вызначаць месцазнаходжанне кожнага чалавека ў любы момант. I вось гэтыя чыпы адымуць галоўны складнiк чалавечнасцi — свабоду. А чалавек несвабодны — гэта зусiм не чалавек. Гэта iншая iстота, нейкi бiяробат, якога старанна вымалёўвалi пiсьменнiкi-фантасты.
"Што ж гэта будзе за грамадства!?" — усклiкае выкладчык грамадскiх дысцыплiнаў, трасе газетай, якую спецыяльна прынёс i шчодра пляскае сабе ў шклянку каньяку. Зрабiўшы пару глыткоў, цытуе: "Грамадства апошнiх часоў — вось што гэта будзе. А пры такiм раскладзе канец свету — хоць нейкая нагода для аптымiзму".
Не ведаю, як з грамадствам, а з Iванам Iванавiчам робiцца нешта нядобрае i непатрэбнае. Ён нiколi не злоўжываў, у госцi мог прыйсцi хiба што з кульком цукерак. А цяпер усё часцей захоплiвае пляшку, а то i прыходзiць ужо ў стане "павышанай весялосцi", што яму зусiм не пасуе. I трэба ж было жонцы ўбiцца ў тое злашчаснае Павуцiнне. Раней, паводле яго слоў, яна зусiм не сябравала з iнтэрнэтам. Але ж часы мяняюцца. I грамадства настойлiва прасоўваецца да нейкiх iншых сваiх часоў.
Святлана ЯСКЕВIЧ.