Вiцябчане сустрэлi Свяцейшага ўсмешкамi на тварах
Калi чын Уздзвiжання Крыжа быў цэнтральнай падзеяй сакральнай часткi вiзiту, то сустрэчы Патрыярха з гараджанамi i моладдзю ў Вiцебску сталi самымi яскравымi момантамi для людзей свецкiх.
— Я езджу паўсюды з Патрыярхам каля года, аднак тут, у Беларусi, Яго Свяцейшаства сустракаюць асаблiва, — падзялiўся асабiсты фатограф Патрыярха Кiрыл Наваторскi. — Асаблiва гэта было заўважна ў Вiцебску. Людзi на вулiцы пад халодным ветрам некалькi гадзiн чакалi Прадстаяцеля, зразумела, усе замерзлi i стамiлiся, аднак, як толькi яны ўбачылi Свяцейшага, iх твары расквiтнелi ўсмешкамi. Я бачыў шчырую радасць у вачах маладых людзей.
З вiтальным словам да Патрыярха i ўсiх, хто сабраўся, звярнуўся старшыня Вiцебскага абласнога выканаўчага камiтэта Аляксандр Косiнец:
— Дзяржава i Царква адзiныя ў пабудове духоўнасцi, у стварэннi прагрэсiўнага гуманiстычнага грамадства, у забеспячэннi моцнай i працвiтаючай Беларусi. Сёння Праваслаўная царква ўдзельнiчае практычна ва ўсiх сацыяльных праграмах, яна адыгрывае вялiкую ролю ў забеспячэннi стабiльнасцi грамадства.
У сваiм адказе Свяцейшы Патрыярх надаў асаблiвую ўвагу важнасцi гэтай сустрэчы на Плошчы Перамогi, плошчы мужнасцi, бо ў гэтым бачыцца сiмвалiчнае iмкненне народа будаваць сваю Айчыну на вечных падмурках, якiмi з'яўляюцца вера i нацыянальныя iнтарэсы.
— Мы пражылi трагiчныя дзесяцiгоддзi ХХ стагоддзя, калi гераiзм суседнiчаў са здрадай, любоў да Радзiмы — з жорсткiм ганеннем Царквы. I вось сёння надышоў новы час! Вось чаму я такi шчаслiвы бачыць вас, мае дарагiя, вашы твары... — сказаў Патрыярх.
На наступны дзень да Патрыярха iшла моладзь. Каля шасцi тысяч чалавек размясцiлася ў Летнiм амфiтэатры Вiцебска. Там, а таксама на Плошчы Свабоды былi ўсталяваныя вялiкiя экраны, на якiя транслявалася выступленне Патрыярха. Сам Свяцейшы знаходзiўся ў зале Цэнтра культуры, куды таксама сабралiся студэнты вышэйшых навучальных устаноў горада, выкладчыкi i прадстаўнiкi гарадской iнтэлiгенцыi. Такiм чынам аўдыторыя Свяцейшага павялiчылася яшчэ на дзве тысячы чалавек.
— Прыйсцi сюды для мяне — сапраўдная падзея, — сказаў Аляксандр Мiзула, студэнт 2 курса медыцынскага ўнiверсiтэта. — Я атрымаў магчымасць на свае вочы ўбачыць вялiкага чалавека, адчуць, што такое рэлiгiя, зразумець, у чым сутнасць Бога i жыцця. Я хачу паслухаць Патрыярха i знайсцi адказ на тыя найважнейшыя пытаннi, якiя мяне хвалююць.
I было падобна, што не толькi моладзь, якая прыйшла на сустрэчу, але ўсе, хто ўчора чуў Патрыярха ў Вiцебску, знайшлi адказы на многiя свае пытаннi. Напэўна, такi ўжо талент гэтага чалавека — размаўляць з любой аўдыторыяй пра тое, што гэту аўдыторыю хвалюе.
Патрыярх адзначыў, што яму як пастару таксама важная гэта сустрэча. А казаў ён пра сэнс жыцця, пра любоў, пра тое, чаму патрэбная маладым людзям адукацыя i як чалавеку не зламацца пад ударамi жыцця.
— Для таго, каб жыццё было шчаслiвым, нават пад уздзеяннем знешнiх абставiн, якiмi б яны нi былi, — казаў архiпастыр, — важна сфармiраваць моцнага ўнутранага чалавека.
Патрыярх закрануў тэмы асаблiвасцi маладога ўзросту, удасканалення ўнутранай прыроды чалавека, феномену прыроджанага маральнага пачуцця, значнасцi станоўчага героя ў культуры i жыццi, крызiсу сучасных еўрапейскiх каштоўнасцяў, правоў i свабоды чалавека, чалавечых трагедый, у аснове якiх ляжаць навуковыя iдэi i адсутнiчае рэлiгiйная i маральная адказнасць iх аўтараў i прыхiльнiкаў.
Маладыя людзi выходзiлi з гэтай сустрэчы задаволеныя i натхнёныя.
— Яго словы былi непаўторныя, ён казаў якраз тое, што патрэбна было нам, маладым, пра любоў, пра пачуццё абароны ў гэтым жыццi, — падзялiлася сваiмi ўражаннямi студэнтка 2 курса ветэрынарнай акадэмii Анжэла Праскоўская. — Мы, калi iшлi на гэту сустрэчу, чакалi, што размова будзе цiкавай, але не думалi, што яна настолькi нас усхвалюе.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.