Лiвенцаў Вiктар Ільiч
28 верасня 2009 года на 92-м годзе пайшоў з жыцця былы старшыня Камiтэта па фiзiчнай культуры i спорце пры Савеце Мiнiстраў БССР Лiвенцаў Вiктар Ільiч.
Вiктар Iльiч Лiвенцаў нарадзiўся 21 красавiка 1918 г. у в. Давыдаўка Варонежскай вобласцi.
Пасля вучобы ў Варонежскiм педагагiчным iнстытуце В.I. Лiвенцаў працаваў настаўнiкам у сярэдняй школе г. Лiскi Варонежскай вобласцi. У 1938 годзе В.I. Лiвенцаў быў прызваны на ваенную службу.
У час Вялiкай Айчыннай вайны ў 1941 годзе Вiктар Iльiч кіраваў падпольнай арганізацыяй ў г. Бабруйску. Больш за два гады ўдзельнiчаў у актыўных баявых дзеяннях як камандзiр партызанскага атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады.
Аўтарытэт i працавiтасць, прафесiяналiзм i рашучасць В.I. Лiвенцава праявiлiся i ў пасляваенныя гады ў час працы ў г. Мiнску ў ЦК ЛКСМБ i ў праўленнi Белпрамсавета.
Але самую значную частку свайго жыццёвага шляху — 20 гадоў — Вiктар Iльiч аддаў сферы фiзiчнай культуры i спорту. У 1958 годзе В.I. Лiвенцаў узначалiў Камiтэт па фiзiчнай культуры i спорце пры Савеце Мiнiстраў БССР: пад яго кiраўнiцтвам у рэспублiцы былi дасягнутыя значныя поспехi ў развiццi фiзiчнай культуры i спорту. Беларускiя спартсмены ў складзе зборных каманд СССР неаднаразова падымалiся на найвышэйшыя прыступкi спартыўных п'едэсталаў, з гонарам выступаючы на чэмпiянатах свету i Еўропы.
Пры актыўным удзеле В.І. Лівенцава пабудаваныя многія спартыўныя аб'екты, якія і сёння з'яўляюцца архітэктурнымі ўпры-гажэннямі г. Мінска і краіны, а таксама месцамі масавага адпачынку і базамі падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву нацыянальных каманд. Сярод іх мінскі водна-спартыўны камбінат (САК "Алімпійскі"), алімпійскія спартыўныя комплексы ("Раўбічы", "Стайкі"), гродзенскі і віцебскі тэхнікумы фізічнай культуры.
Знаходзячыся на пенсіі, В.І. Лівенцаў актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Яго неаднаразовыя шчырыя і пераканаўчыя выступленні па радыё і тэлебачанні, у іншых сродках масавай інфармацыі, спрыялі выхаванню моладзі на баявых і працоўных традыцыях беларускага народа. Акрамя гэтага, Віктар Ільіч рэгулярна адкрываў спартыўныя спаборніцтвы, удзельнічаў у мерапрыемствах, якія праводзіла Міністэрства спорту і турызму па ўганараванні алімпійскіх чэмпіёнаў.
В.І. Лівенцаў удастоены высокіх званняў: ён Герой Савецкага Саюза, заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту БССР, узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны", ордэнам Дружбы народаў, а таксама многімі медалямі. У 2004 годзе яму аб'яўлена падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Віктар Ільіч адносіўся да плеяды выбітных беларускіх дзеячаў, якія ўнеслі бясцэнны ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь. Светлая памяць аб ім, пачуццё ўдзячнасці і павагі назаўжды застануцца ў нашых сэрцах.