Беларускiя сны ў вiртуальнай прасторы
Сучасныя прасунутыя людзi кажуць: калi вы ёсць, то вы павiнны быць у сусветным сецiве. Iнтэрнэт сёння сапраўды з'яўляецца i сродкам сувязi людзей, прадстаўнiкоў розных народаў, i сродкам iнфармацыi пра краiны i iх здабыткi. Таму напярэдаднi Дня еўрапейскiх моваў, якi адзначаецца 26 верасня, я падумала, што пра еўрапейскi стан (i нават сусветны) беларускай мовы ў нейкiм сэнсе можа сведчыць якраз-такi iнтэрнэт. Разабрацца ў нюансах вiртуальнай прасторы мне дапамог iнжынер тэлекамунiкацыйных тэхналогiй Уладзiмiр Вараб'ёў. Ён аднойчы ўразiў мяне тым, што пра складаныя камп'ютарныя рэчы можа цудоўна гаварыць па-беларуску, i гэта гучыць нават як паэма! IТ-тэхналогii i ўсё, што звязана з паслугамi iнтэрнэта, ён даследуе i вывучае як спецыялiст, а беларускую мову любiць проста як грамадзянiн i чалавек.
Уся сетка
— Беларуская мова цудоўна прадстаўлена ў сусветным сецiве, але рабiць яшчэ трэба шмат, як iншыя народы робяць, — гаворыць Уладзiмiр Вараб'ёў. — Шмат за што беларусам можна ганарыцца ў вiртуальнай прасторы. Ёсць свае раздзелы ў "Вiкiпедыi", за змест якiх не сорамна. Перакладзены некаторыя сэрвiсы Gооglе. Вельмi радасная падзея адбылася нядаўна, i ўся беларускамоўная супольнасць была вельмi ўсцешаная тым, што Gооglе у свой перакладчык дадаў беларускую мову. Цяпер ёсць магчымасць перакладаць з беларускай на амаль 50 моў свету. Не сумняваюся, што гэта будзе запатрабавана.
Радуе, што ў розных iнтэрнэт-суполках, такiх як livеjоurnаl цi "ў кантакце", iншых сацыяльных сетках ёсць беларускiя рэсурсы. Гэта з'ява. З-за гэтага нельга сказаць, што ў свеце няма беларускай мовы. Ёсць, яна жывая, i шмат хто верыць у яе будучыню.
Але ў беларускай iнтэрнэт-супольнасцi ёсць не толькi беларусы. Там шмат беларускамоўных палякаў, лiтоўцаў. Iншы раз у гэтай супольнасцi ўдзельнiчаюць iтальянцы, англiчане, амерыканцы, нават з Афрыкi некалькi чалавек, якiя цiкавяцца нашай мовай, шукаюць кантактаў, удзельнiчаюць у шмат якiх абмеркаваннях i сёе-тое робяць на карысць беларускай мовы i культуры. Дзяўчына з iтальянскага ўнiверсiтэта вывучыла беларускую мову i праз iнтэрнэт, праз жывы журнал шукала кантакты. Пiсала на цудоўнай беларускай мове, хоць, натуральна, адчувалася, што яна для яе не родная. Колькi ведаю, кантакты завязалiся i падтрымлiваюцца.
Хоць сам iнтэрнэт — па-сутнасцi касмапалiтычная з'ява. Гэта тое, дзе ёсць месца i добраму, i дрэннаму, i антыкультурнаму. Але гэта дадатковы сродак сувязi, а хто чым яго напаўняе — залежыць ад людзей. Звычайна iнтэрнэтам карыстаюцца адукаваныя людзi цi больш прасунутыя, з добрай падрыхтоўкай — iнтэлектуальнай, прафесiйнай. Звярнiце ўвагу на тое, што ў нашай краiне беларуская мова становiцца мовай iнтэлектуальнай элiты. Я не кажу, што ўсе адукаваныя людзi ведаюць беларускую мову, гэта, можа быць, i не так. Але, як правiла, тыя, хто карыстаецца беларускай, у сваёй прафесii, у сваiм асяродку належаць да элiты. Адпаведна, гэта адлюстроўваецца ў тым вялiкiм люстэрку, якое завецца iнтэрнэт. Насамрэч беларускiя рэсурсы вельмi змястоўныя, вельмi цiкавыя i, як правiла, маюць пад сабой моцны культурны грунт. У адрозненне ад шмат якiх рускамоўных старонак, на беларускамоўных сайтах i рэсурсах няма брыдоты, якую не варта бачыць i чытаць, але ў рускамоўным iнтэрнэце яе становiцца ўсё больш. Беларускамоўныя рэсурсы — гэта рэсурсы найперш з добрым культурным грунтам.
Мой камп'ютар
— За што нам павiнна быць сорамна на сённяшнi дзень? Галоўнае, што наша краiна дагэтуль не мае паўнавартаснага спелчэкера — праграмы цi iнструменту, якi дапамагаў бы карыстальнiку камп'ютарных сiстэм правяраць арфаграфiю. На сёння дасканалай такой сiстэмы для працы з беларускамоўнымi тэкстамi не iснуе. Хоць шмат што зроблена ў гэтым кiрунку. Кажу пра гэта асобна, таму што гэта адзiн з маiх праектаў, адзiн з маiх клопатаў, якi iснуе на ўзроўнi моцнай зацiкаўленасцi цi хобi. Я па вечарах сам сяджу, напаўняю слоўнiкавую базу, марфалагiчныя правiлы словаўтварэння для адкрытага спелчэкера з пакета Ореn Оffiсе, для адкрытых прадуктаў Mоzillа Firеfох. Гэта мая асабiстая справа, дабрачынны праект, без анiякага фiнансавання. Але я дапамагаў iншым у iх праектах, ведаю, што калi нешта робiш, заўсёды шукаеш кантакты ў гэтым кiрунку. Ведаю, што тым жа самым займаюся не я адзiн — i ў Беларусi, i за межамi.
Гэта важна: амаль ва ўсiх краiнах, нават у шмат якiх афрыканскiх народаў, ёсць слоўнiкi для праверкi арфаграфii, не кажучы пра нашых суседзяў — лiтоўцаў, палякаў, украiнцаў. У Беларусi iх дагэтуль няма, i гэта падстава для сораму. Камп'ютарны спелчэкер — гэта iнструмент у працы ўсiх тых, хто працуе са словам. Хто працуе з Wоrd, хто працуе з беларускiмi тэкстамi, хто пiша электронныя лiсты па-беларуску, хто запаўняе нейкiя дакументы. Без гэтага пераход на лiчбавы дакументазварот на роднай мове проста немагчымы. Добра, калi адукаваныя людзi самi могуць пракантраляваць тое, што яны напiсалi. Але на практыцы трэба ўсведамляць, што не ўсе, хто павiнен гэтым карыстацца (не кожны бухгалтар, напрыклад) дасканала ведаюць беларускiя граматычныя i арфаграфiчныя правiлы. Трэба iм дапамагчы, у першую чаргу якраз у беларускай мове, каб яны не баялiся карыстацца ёю.
Агульныя дакументы
— Ёсць энтузiясты i рускай мовы, i беларускай, якiя паспяхова ўводзяць у камп'ютарную лексiку адпаведнiкi са сваёй мовы. Знаходзяцца сiнонiмы, заменнiкi. У Беларусi вельмi шмат такiх энтузiястаў i вынiкаў iх плённай працы, калi для шмат якiх тэрмiнаў знойдзены цудоўныя беларускiя адпаведнiкi. Ёсць апантаны чалавек Вiталь Хiлько i iншыя энтузiясты, нават цэлая група, якая адаптуе камп'ютарныя сiстэмы для выкарыстання ў беларускамоўным асяродку. Яны карыстаюцца для гэтага аперацыйнымi сiстэмамi Linuх. Зроблена вельмi шмат: беларускi пераклад "лiнуксовых" праграм нашмат больш паспяховы, чым на шмат якiя iншыя мовы свету. Напрыклад, мне вельмi падабаецца цудоўны адпаведнiк тэрмiну "dеfаult", якi па-руску азначае "по умолчанию". Вiталь Хiлько прапанаваў беларускi адпаведнiк "дапомна", спецыялiстам адразу зразумела, пра што гаворка. Праўда, гэта тычыцца больш прафесiйнага асяродку.
Трэба сказаць, што Linuх-сістэмы вельмi добра перакладзены на беларускую мову. На жаль, тое не магчыма сказаць пра аперацыйную сiстэму Miсrоsоft Windоws. А адкрытая аперацыйная сiстэма Linuх — калi ласка, усталёўвай i карыстайся беларускай мовай. Ёсць сiстэмы беларускiя, якiя могуць спатрэбiцца прафесiяналу. Той жа Wоrdрrеss, самы папулярны "блогаўскi" рухавiк, перакладзены на-беларускую. Падключаюцца i слоўнiкi, i праверка арфаграфii, iншыя магчымасцi, якiя дазваляюць карыстацца беларускай мовай.
Мае кантакты
— Нiхто i нiколi мяне не прымушае размаўляць на нейкай пэўнай мове. На фiрме, дзе я працую, усе з сiмпатыяй ставяцца да маёй беларускай. Я адчуваю разуменне з боку дырэктара. Хоць цудоўна разумею, што ў прыватнай фiрме першасная задача — калектыў, прадпрыемства, прыбытак, каб супрацоўнiкам i клiентам было добра. У прафесiйных стасунках не спрабую адразу сябе навязваць, першы кантакт заўсёды iдзе па-руску. Калi ж бачу, што можна карыстацца роднай мовай, то пераход лёгка адбываецца. Але былi не раз такiя выпадкi, калi выкарыстоўваўся i мой моўны рэсурс, калi ў клiентаў была патрэба ў нейкiм беларускамоўным сэрвiсе.
Мае дакументы
— У маё жыццё беларуская мова ўвайшла трывала з пачатку 90-х гадоў, калi быў рамантычны час аднаўлення беларускай дзяржаўнасцi. З'явiлася шмат надзей на новыя магчымасцi ў жыццi. Шмат якiя з тых спадзяванняў былi рэалiзаваныя i мной, i маiмi сябрамi, i краiнай. Мая сям'я нарадзiлася ў 91-м годзе — дзякуючы беларускiм праектам пазнаёмiлiся я i мая жонка. Зразумелi адно аднаго, не было нават пытання выбару мовы. Была надзея, што сям'я аднадумцаў будзе моцнай, так i атрымалася. Гэта яднанне душаў на глебе пераважнай значнасцi роднай мовы. З тых часоў нiчога не памянялася, сям'я ў нас беларускамоўная.
Мама ў мяне з Дона, i я сам нарадзiўся ў Расii, у казацкiх краях. Але мой бацька быў беларус, яго даўно няма. Мама рускi чалавек, з рускiм выхаваннем, рускiм менталiтэтам, прыехала сюды маладой дзяўчынай па размеркаваннi, даўно ведае i паважае краiну i мову, як i шмат знаёмых мне расiйскiх людзей, што з сiмпатыяй ставiлiся i дагэтуль ставяцца да ўсяго беларускага. I калi сын нарадзiўся, мы сталi яго выхоўваць па-беларуску, яна адразу прыняла нашы правiлы.
Я зрабiў свой моўны выбар аднойчы. Не збiраюся здраджваць беларускай мове. Сапраўды, тады нешта ў душы нарадзiлася, цi нешта вярнулася — аднекуль з генетычнай памяцi, якая сапраўды ёсць у кожнага прадстаўнiка народа, i я адчуў гэта сам. Не толькi мова пачала вяртацца, а нейкiя правiлы, нейкiя маральныя прынцыпы, прыярытэты, нават нейкiя традыцыйныя дзеяннi, нават я сам дзiвiўся, адкуль я гэта ведаю, адкуль умею. Пачалi снiцца беларускiя сны. Купала казаў: "Мне сняцца сны аб Беларусi...". Калi чалавек адчувае, што ён у спрыяльных умовах, то ўсё атрымлiваецца натуральна, як кожны з нас у ваду акунаецца i пачынае плыць. Так i з мовай. Калi чалавек адчувае еднасць з iншымi, з асяроддзем, то ён вяртаецца i адчувае сябе часткай сваёй краiны, i пачынае беларускiя сны снiць.
Ларыса ЦIМОШЫК.