Насенную бульбу лепш набываць увесну
Большасць прыватнiкаў ужо паспела ўбраць бульбу са сваiх агародаў i ўчасткаў. Як сведчыць пагалоска, сёлета ўраджайнасцю "другога хлеба" пахвалiцца асаблiва няма каму, ды i будучае захаванне бульбы не дае спакою — абы не прапала ўжо ў мiжсезонны перыяд. Прычым не толькi тыя клубнi, што адкладзены для спажывання, а нават насенная бульба. Прыкладна з такой праблемай да нас i звярнулася жыхарка Смалявiцкага раёна.
— Выкапалi нядаўна бульбу. Ураджай сёлета як нiколi слабы, прычым ва ўсiх. Толькi ў аднаго суседа па вёсцы атрымалася сабраць нешта больш-менш прыстойнае. А мы як паглядзелi, дык нават на насенне няма чаго пакiнуць. Выходзiць, трэба набываць. Прыгадалi пра элiтныя гатункi, што вырошчваюцца ў iнстытуце бульбаводства. Але сумняваемся, калi лепш купляць насенку — зараз цi па вясне? Дзе яе, дарэчы, можна набыць, якiя прыкладна цэны? — задалi нам пытаннi.
— Я параiў бы адкласцi набыццё насеннай бульбы да вясны. З 15 сакавiка яе можна будзе прыдбаць або ў нас у пасёлку Самахвалавiчы, або, паколькi вашы заяўнiкi са Смалявiцкага раёна — у суседнiм Чэрвеньскiм, у Натальеўску — на абласной доследнай станцыi. Арыентаваны кошт на ўсе гатункi — каля двух тысяч рублёў за кiлаграм, — адказаў на наш запыт намеснiк генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве i плодаагароднiцтве Іван КАЛЯДКА. — Наконт канкрэтнага гатунку нешта параiць больш складана, паколькi нехта вырошчвае раннюю бульбу, хтосьцi — найперш гатункi для зiмовага захоўвання.
Як зазначыў далей Iван Iванавiч, пры жаданнi можна набыць насенную бульбу i цяпер. Аднак калi прыгадаць сёлетнiя ўмовы, ёсць рызыка заражэння яе фiтафтарозам. Дарэчы, нагадаў ён далей, менавiта па гэтай прычыне могуць узнiкнуць праблемы з захоўваннем сабранага ўраджаю. Спецыялiст параiў закладваць бульбу на часовае захоўванне, пастаянна праводзiць старанную пераборку i толькi пасля гэтага адпраўляць "другi хлеб" на пастаяннае захоўванне. Пашкоджаныя клубнi трэба выкарыстоўваць адразу, паколькi яны могуць заразiць i здаровую бульбу.
Iван Калядка сказаў, што ацэньваць ураджайнасць у прыватным сектары вельмi складана, але яна "вельмi невялiкая". Што датычыцца сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дык тут напачатку адзначалася ўраджайнасць на ўзроўнi не менш за 180 цэнтнераў з гектара, потым яна знiзiлася да 160—170 цэнтнераў. Летась, напрыклад, ураджайнасць была 205 цэнтнераў з гектара. Адказваючы на пытанне адносна ўзроўню цэнаў на бульбу, суразмоўца сказаў, што "яны будуць высокiмi". Цяпер закупачныя з улiкам ПДВ склалiся на ўзроўнi 770 рублёў, а ў крамах i на рынках яны перавышаюць тысячу рублёў за кiлаграм i, па ўсёй верагоднасцi, могуць павялiчыцца.
Сяргей РАСОЛЬКА.