Пяткевіч ужо не супраць прыватызацыі СМІ

Источник материала:  
23.09.2009 18:44 — Новости Общества
Прадстаўнікі міжнароднай журналісцкай місіі паведамілі падрабязнасці сваёй сустрэчы з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Прыватызацыя дзяржаўных СМІ дазволіць зэканоміць дзяржаўныя грошы, заявіла Наталля Пяткевіч на выніковым брыфінгу міжнароднай журналісцкай місіі, якая з панядзелка працуе ў Беларусі.

Такім чынам чыноўніца адказала на пытанне пра магчымасць прыватызацыі дзяржаўных СМІ. Пры гэтым яна не назвала ніякіх тэрмінаў наступлення магчымай палёгкі для дзяржаўнага бюджэту.

Нагадаем, што ў пачатку верасня спн. Пяткевіч выказвала сумнеў наконт прыватызацыі дзяржпрэсы.

"Я не кажу пра іншых заснавальнікаў, але магу дакладна сказаць, што Адміністрацыя прэзідэнта свой друкаваны орган — газету "СБ. Беларусь сегодня" — у прыватныя рукі аддаваць не збіраецца",— заявіла тады Пяткевіч. На яе думку, і іншыя дзяржаўныя органы наўрад ці адмовяцца ад сваіх выданняў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта заявіла замежнай дэлегацыі, што не бачыць ніякіх праблемаў з беларускім заканадаўствам у сферы СМІ, у тым ліку з новым Законам аб СМІ.

Некаторыя пытанні замежнікаў, паводле іх словаў, засталіся без адказу.

Прадстаўнікі журналісцкай місіі падзяліліся сваім бачаннем сённяшняй сітуацыі вакол узаемаадносінаў ураду Беларусі і Еўрасаюзу. На іх думку, абодва бакі пакуль не вызначыліся з фарматам дачыненняў, гаворка пакуль не ідзе пра канкрэтныя перамовы, казаць трэба хутчэй пра разведку на мясцовасці. Пра сваю місію яны выказаліся падобным чынам: мы прыехалі без канкрэтных прапановаў, наша задача — вывучэнне сітуацыі ў Беларусі ў галіне СМІ.

Праз колькі дзён можна будзе азнаёміцца з выніковай справаздачай місіі.

***

Місія экспертаў сфармаваная пад эгідай Міжнароднай федэрацыі журналістаў. У яе склад увайшлі восем экспертаў, якія прадстаўляюць Міжнародную федэрацыю журналістаў, Дацкі саюз журналістаў, Міжнародны цэнтр падтрымкі СМІ (IMS), ЮНЕСКА і інстытут "Адкрытае грамадства".

Мэта візіту міжнародных экспертаў — вывучэнне сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі і ацэнка зменаў у гэтай галіне за апошні час.

У рамках візіту адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі і супрацоўнікамі шэрагу дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі, офіса АБСЕ ў Мінску і дзвюх журналістцкіх арганізацый: БАЖ і Беларускага саюза журналістаў.

←БАЖ хочет наказать силовиков, которые не давали журналистам снимать акции на Октябрьской площади

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика