Сыраежкi з пахам восенi i… суму

Источник материала:  

Ёсць сярод нас грыбнiкi, якiх з лесу ў карак гнаць трэба.

Калi зойдзеш у гэты лес метраў на дзвесце, вачам адкрыецца шырокая прастора, на якой прывольна i дружна растуць яшчэ нестарыя сосны, бярозы, дзе-нiдзе задуменныя ялiны, прыгажуны дубы, палахлiвыя асiны. Хадзiць тут лёгка i прыемна, бо няма кустоў, лес чысты i светлы, калi параўнаць з характарам чалавека, то вясёлы i жвавы. Ад гэтай мясцiны ва ўсе бакi пайшлi прагалiны, якiя выводзяць на невялiкiя, вельмi маляўнiчыя, утульныя палянкi. Тут, вакол ялiн i бяроз, абавязкова пашанцуе на белыя грыбы. А пад бокам у асiны цi бярозы выгляне вясёлая сямейка падасiнавiкаў, а ўздоўж сцяжынкi — падбярозавiкi. Словам, прырода тут кожную восень шчодра аддае людзям свае дары.

Але ж самая прыемная адметнасць мясцiны ў тым, што яна надзвычай багатая на сыраежкi. Растуць яны з чэрвеня да глыбокай восенi. Ды якiя! У нашых лясах iх каля 60 вiдаў. I, здаецца, менавiта тут яны ўсе i сабралiся разам, бо надта для iх спрыяльныя ўмовы. Больш за ўсё тут шэрых сыраежак, самых раннiх, яны радуюць нас ужо ў канцы мая. Белыя, чырвоныя, ружовыя, бардовыя, зеленаватыя, жоўтыя, сiнiя, фiялетавыя… Ну не грыбы, а быццам рознакаляровыя кветкi.

Нездарма кажуць, што сыраежкi — самыя добрыя сябры грыбнiкоў. Iх вельмi лёгка збiраць: не любяць яны хавацца ў кустах, траве, хутка прабiваюцца праз шэрае мiнулагодняе лiсце, на святло, на радасць i ўдачу лю-дзям. Не трэба быць i адмысловым грыбнiком, каб праз гадзiну-другую вярнуцца дамоў з поўным кашом.

Сыраежкi соляць, смажаць, вараць, некаторыя толькi соляць. Асабiста мы з жонкай аддаём перавагу менавiта смажаным. Бадзёрай вераснёвай ранiцай спяшаемся на гэтую сыраежкавую плантацыю, створаную клапатлiвай прыродай, i пачынаецца руплiвая праца. Нашы кошыкi хутка напаўняюцца свежымi чыстымi грыбамi. Ну вось i досыць на сёння, будзе i падсмажыць, i на суп. Жонка спачатку сыраежкi адварыць у салёнай вадзе, а потым на патэльню iх. Адначасова варым i маладую бульбу, каб яна «даспела» якраз у той момант, калi падсмажацца грыбы. Калi сыраежкi гатовыя, перамешваем iх са смажанай цыбуляй, дабаўляем смятану.

I вось на стале вялiкая мiска зваранай бульбы i патэльня са смажанымi сыраежкамi. Сняданак такi, што нiякi рэстаранны далiкатэс нават i блiзка не стаiць, па крайняй меры, для нашай сям’i. Гэта ж страва з дароў лесу, якiя раслi там нейкiя тры-чатыры гадзi-ны назад, больш свежай проста i быць не можа. Сыраежкi не маюць нейкага свайго, спецыяльнага смаку. I ўсё ж асабiста для мяне яны заўсёды далiкатна, тонка саладкаватыя.

Але ж на гэты раз мы набралi столькi сыраежак, што ўсе не падсмажыш. Частка iдзе на суп. Толькi абавязкова дабаўляем некалькi баравiкоў, падасiнавiкаў, падбярозавiкаў, на якiя выпала нам удача. Карацей, грыбное асарцi, i тады ад мiскi з такiм супам, як кажуць, за вушы не адцягнеш.

Яшчэ адзiн спосаб прыгатавання сыраежак — адварыць iх у салёнай вадзе i ў шкляным посудзе пасалiць на зiму. Праўда, калi з каструлi iх перакладаеш у вялiзную мiску, каб астылi, проста немагчыма ўтрымацца. Бярэш у рот адну, каб паспрабаваць, потым яшчэ i яшчэ. Суцяшаеш сябе тым, што, маўляў, трэба праверыць, цi добра зварылiся, таму i спрабуеш. А рука нецярплiва цягнецца да мiскi. Вельмi раю, шаноўныя грыбнiкi, асаблiва гарадскiя жыхары, не грэбуйце сыраежкамi.

На жаль, збяднела ў апошнi час наша мясцiна на сыраежкi. Бо выпала ёй такая ж цяжкая доля, як i большасцi лясоў, што раскiнулiся вакол нашых гарадоў, прыкладна кiламетраў за 30–80. Усюды мноства дач, што, безумоўна, вельмi здорава, i трэба толькi вiтаць такую добрую з’яву. Але ж разам з тым значна ўзрасла нагрузка на лес, бо тысячы дачнiкаў ходзяць за грыбамi. А iх стала тут менш. Чаму? Давайце разгледзiм сiтуацыю на прыкладзе нашай «сыраежкiнай мясцiны», з якой атрымалася сумная гiсторыя.

З самага пачатку лета i ўсю восень у многiх куточках тут парушана лясная падсцiлка. Хто гэта зрабiў? Дачнiкi, якiя не ўмеюць збiраць грыбы, паводзяць сябе сярод жывой прыроды, скажам, як браканьеры. Убачылi маленькiя сыраежкi цi лiсiчкi, якiя толькi вытыркнулiся з зямлi, — перарыюць усё навокал. Значыць, знiшчылi i грыбнiцу. Яна можа жыць сотнi гадоў, такiя далiкатныя, доўгiя амаль нябачныя нiтачкi, якiя цягнуцца ад грыба да грыба, iншы раз на многiя метры. Гэта i ёсць створанае прыродай асяроддзе, у якiм развiваюцца грыбы.

Але вось сквапны чалавек перарыў падсцiлку — i грыбнiца высахла, загiнула, бо парушаны тэмпературны рэжым, стан вiльгацi, змянiлася глебавае покрыва. 10–15 гадоў патрэбна, каб усё тут зноў аднавiлася, стала такiм, як вызначана прыродай. Значыць, столькi часу не ўбачым мы тут i грыбоў.

Аднойчы я сустрэў тут дзеда Васiля, старажыла з суседняй вёскi. Для яго гэты лес — не толькi дровы, грыбы, ягады, але нешта куды больш значнае: вытокi i каранi роду, памяць аб мiнулым, часцiнка няпростага, але сумленнага жыцця. Усё заканамерна: амаль усе беларускiя вёскi, i вялiкiя, i малыя, моцна звязаны з лесам.

Дык вось, тупае дзед Васiль па зруйнаванай падсцiлцы i вырваным моху.

— Як грыбы? — пытаюся.

— А нiяк, — махнуў рукою. У яго кошыку ляжала крыху сухiх, кволых сыраежак.

— I што за людзi, — цяжка ўздыхае. — Ну дала iм дзяржава каля гэтага цудоўнага лесу зямлю, пабудавалi ладныя дачы, жывiце на здароўе, адпачывайце ад шумнага горада, радуйцеся такому хараству, беражыце прыроду. Ды не, iм трэба тут усё рушыць, быццам камусьцi назло.

Вось нядаўна прыходжу на гэтую мясцiну i бачу: разграбаюць хлапчукi мох, падсцiлку, выкавырваюць маленькiя, як гузiкi, лiсiчкi. «Не трэба так рабiць, — кажу iм. — Тут ужо не вырастуць грыбы». Хлапчукi сумелiся, iм стала няёмка. Падыходзiць мужчына i адразу на мяне: «Дзед, што ты камандуеш? Гэта ж не твой лес, i яго тут многа. Бачыш, моху яму шкада».

Iншы раз можна ўбачыць — быццам перакапаны мох, падсцiлка. Ясна, тут шукалi белыя грыбы. Такiх «зборшчыкаў», лiчаць сапраўдныя аматары прыроды, варта проста выганяць з лесу. Трэба адзначыць, што ў рэспублiцы ў гэтым плане меры распрацаваны на дзяржаўным узроўнi. Вось што паведамiлi мне ў нашым Мiнпрыроды. За парушэнне метадаў збору грыбоў, гэта значыць, калi разбураецца падсцiлка, вiноўнiк або папярэджваецца, або з яго спаганяецца штраф да 20 базавых велiчынь. Як бачым, даволi сурова. Тут самае важнае — застаць такога парушальнiка на месцы, што вельмi ня-проста. Не паставiш жа каля кожнага грыбнiка работнiка лясной аховы. Значыць, усё залежыць ад нашай свядомасцi.

←Осуждена группа работников типографий и предприятий Гознака

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика