...Для тых, хто не страцiў здольнасцi адчуваць

Источник материала:  

У дзяржаўным Музеі гісторыі беларускай літаратуры прэзентавалi новую кнiгу Рыгора Барадулiна

"Я хацеў бы пабыць зараз дома. Паслухаць, як каркае варона, адчуўшы цеплыню: "Па-рра вясне! Вясне па-р-ра прыйсцi!". Адчуць пах зямлi i пах гною, усё-ўсё. Паслухаць, як ранiцай звоняць iльдзiнкi. Пачуць песню шпака. Напэўна, ужо прыляцелi(...). Помнiш, мама, як ты лазiла прыбiваць шпакоўню да страхi? Колькi было i плачу, i радасцi потым. А пасля я ўжо сам, мужчына-гаспадар, прыбiваў яе. Колькi ты нагаравалася, набiлася, набегалася, усё за мяне. Любая мамачка, як ужо табе аддзякаваць? Ну, абы добра было ўсё. Буду жыў — у крыўдзе не будзеш. Абы я быў жыў — пажывеш за мной. ...Галоўнае, гэта мне хочацца пабыць у цябе. Падставiць галаву, каб ты пагладзiла яе сваёй рукой. Хочацца пацалаваць твае залатыя рукi, тваю галаву..."

...Для тых, хто не страцiў здольнасцi адчувацьПростыя, шчырыя, кранальныя радкi. Іх народны паэт Беларусi Рыгор Барадулiн напiсаў сваёй маме ў сакавiку 1957 года яшчэ студэнтам БДУ. Гэты лiст адзiн з тых, што захавалiся ў паэта за доўгiя гады перапiскi з мацi. У 2009-м на 274 старонках гэтая перапiска была надрукаваная...

Новая кнiга класiка беларускай лiтаратуры пад назвай "Паслаў бы табе душу..." выйшла ў выдавецтве "Лiмарыус" накладам 500 экзэмпляраў. У ёй змешчаныя прыватныя лiсты паэта i яго мацi, якiя ахоплiваюць 17-гадовы часавы адрэзак i фотаздымкi з аўтарскага архiва.

— Калi й не хапала ў беларускiм прыгожым пiсьменстве нейкай кнiгi, дык такой, — пiша ў прадмове Уладзiмiр Някляеў. — Гэтая кнiга — на моўнай плынi — невычэрпнае мора для фiлолагаў, псiхолагаў... А найперш яна — малiтоўнiк для тых, хто не страцiў здольнасцi адчуваць жыццё не як нейкую справу, не як занятак па здабываннi грошай цi славы, а як неверагоднае шчасце жыць i любiць. Гэтай кнiгай Рыгор Барадулiн не толькi мацi сваёй душу паслаў — нам таксама...

— Гэта збег любовi мацi i сына. I што датычыцца лiстоў Рыгора Iванавiча, то тут не было найгрышу, iдэi напiсаць прыгожа, словы iшлi ад душы, — кажа адна з укладальнiкаў кнiгi Наталля Давыдзенка. — Iдэя стварэння кнiгi нарадзiлася яшчэ падчас нашай сумеснай працы ў выдавецтве "Мастацкая лiтаратура". Аднойчы ён прынёс i паказаў мне некалькi паштовак ад мамы. Я памятаю, нават крыху страшна было трымаць iх у руках, бо адразу такое адчуванне: ты трымаеш у руках каштоўнасць. Гэта яе почырк, яе простыя словы. Тады ўзнiкла думка: калi чалавек так шмат гаворыць пра маму, чаму б не прысвяцiць ёй кнiгу? Пазней, калi справа дайшла да канцэпцыi кнiгi, вырашылi рабiць кнiгу лiстоў.

— "Пака, жыви, сынок, здаров, оба мне не беспакойся, я здарова. Ну, ешче да свиданья, мае милые вочки, мае милые ручки, што за мене вадицу насили и дровцы, а типер асталася, как баба на разламаным карыце".

— "Палучыла учора письмо от тибя ис аткрытачкай. Очань рада, сорак раз читала, и глядела, и думаю: гета ж майго сыночка ручки писали, его милые вочки на ее глядели, и я гляжу на гету аткрытачку. Сегодня паслала тибе пасылачку [с] Манецкай Маней: кусок сала, фунт масла, девятнацаць яиц, килаграм сахару..."

— Гэта не толькi лiставанне Матулi i Сына, гэта яшчэ i ўнiкальныя гiстарычныя занатоўкi. I гэта сапраўды цуд, што атрымалася такая кнiжка, — кажа пра выданне супрацоўнiца Музея гiсторыi беларускай лiтаратуры Вольга Гулева.

— Чыё званне вышэйшае, народны паэт цi матулiн паэт? — задаўся пытаннем пiсьменнiк Сяргей Панiзнiк. — Вiдаць, апошняе. Такую б мацi кожнаму сыну, а кожнаму сыну такую б мацi!..

— Настолькi гэта шчыра — проста бездань любовi да сына ў лiстах Кулiны Андрэеўны, — падсумоўвае паэт Уладзiмiр Някляеў.

"...Как станет скучна, гляжу на твае картачки. Пагляжу, и павеселеет. Рада, што мала остаёца да таво шчасливага дня — пайти тибя устрачать, а ты тут как тут — вылезаеш из автобуса. Мне так представляеца в глазах, как прыходит минский автобус, мне кажаца — он мне свой. А как первый раз весной прышёл, я заплакала..."

Кнiга "Паслаў бы табе душу..." выйшла ў сотую гадавiну з дня нараджэння Кулiны Андрэеўны Барадулiнай.

Iлья Лапато. Фота Валерыя Дубоўскага.

Арфаграфiя выкарыстаных лiстоў захаваная.

←В Минске открылось представительство Немецкой ассоциации народных университетов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика