20 верасня — Лукаў дзень
Імя прападобнага Лукi, аднаго са святых, якi ўшаноўваецца ў гэты дзень, сугучнае з назвай "слёзнай" раслiны — цыбулi (рус. — лук): "У нашым краi быццам у раi: цыбулi ды рабiны не пераесцi".
Пасля таго, як цыбуля высыхала, яе плялi ў вянкi (косы) для доўгатэрмiновага захоўвання: "Цыбулю ў касiцы плятуць дзявiцы".
Iснавала павер'е: калi падсмажыць хоць адну цыбулiну да таго часу, як сабралi ўвесь яе ўраджай з агарода, яна ўся пасохне.
Вязанкi цыбулi вешалi па пакоях, бо лiчылi, то ад iх паветра будзе здаровым.
У гэты час у цыбулi знаходзiцца максiмальная колькасць вiтамiнаў i iншых неабходных для здароўя чалавека рэчываў. Таму ў гэты час яе ў вялiкай колькасцi выкарыстоўвалi ў ежу: ужывалi з соллю, з квасам, пяклi караваi, булкi i г.д.
Цыбулю выкарыстоўвалi як лекавы i прафiлактычны сродак: каб не выпадалi валасы, iх каранi нацiралi сокам цыбулi з даданнем алею; працiралi твар, каб скура была белай i чыстай.
Нашы продкi добра ведалi аб здольнасцi цыбулi забiваць шкодныя мiкробы. У час мору на шыi жывёл вешалi вязанкi цыбулi цi часнаку, кармiлi жывёлу печанай цыбуляй.
Сямейнае жыццё ў народзе параўноўвалi з цыбуляй: "Сямейнае жыццё — што цыбуля: што есцi, што плакаць — аднолькава".
У Бiблii цыбуля была сiмвалам грахоў чалавечых: "той, хто паспытаў мяне — заплача".
Цыбулiны выкарыстоўвалi ў варажбе на нарачонага. Для гэтага трэба было ўзяць столькi цыбулiн, колькi жанiхоў, на кожнай напiсаць iмя жанiха, цыбулiну пакласцi ў цёплае i вiльготнае месца i чакаць: якая цыбулiна хутчэй за iншыя прарасце, за таго i замуж iсцi.
Прыкмячалi: калi на цыбулiне шмат "адзення" — зiма будзе халодная.
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.