Незабытая флатылiя
Сёлета ў жнiўнi Кiеўскай грамадскай арганiзацыяй "Таварыства ветэранаў разведкi ваенна-марскога флоту" пры падтрымцы Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i Петрыкаўскага райвыканкама была праведзена Мiжнародная навукова-практычная экспедыцыя "Шляхамi Вялiкай Перамогi", прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусi i Украiны ад фашысцкай акупацыi. Узначалiў экспедыцыю старшыня таварыства Аляксандр Мармашоў.
Адной з мэтаў групы кiеўскiх вышукальнiкаў было даследаванне возера Пугукала паблiзу вёскi Конкавiчы — экспедыцыя iмкнулася выявiць месцазнаходжанне двух бранякатэраў Пiнскай ваеннай флатылii, якая па-геройску змагалася ў 1941 годзе на тэрыторыi Беларусi.
Два бранякатэры былi затопленыя экiпажамi пры адыходзе нашых часцей менавiта ў гэтых мясцiнах, як сведчаць мясцовыя жыхары, удзельнiкi тых ваенных падзей.
Да кiеўскай экспедыцыi далучылiся члены рэстаўрацыйнай групы дзяржаўнага музея "Лiнiя Сталiна" пад кiраўнiцтвам Iгара Мацюка. Планавалася падняцце, а ў перспектыве аднаўленне бранякатэраў у якасцi помнiкаў ваеннай гiсторыi.
Шмат звестак, як паведамiў нам старшыня раённай арганiзацыi "Беларускага саюза афiцэраў" Фёдар Жукавец, было здабыта намаганнямi Пятра Гаготы, мясцовага аматара гiсторыi. Дапамагаў у пошуках i ўнук ветэрана-марака Аляксандра Каратыцына Васiль Каратыцын, жыхар Конкавiчаў.
Пры дапамозе спецыяльнага абсталявання была дасканала даследаваная тэрыторыя возера. I хоць бранякатэры пакуль не знайшлi, плануецца пошукi не спыняць, а больш дэталёва папрацаваць з архiўнымi матэрыяламi. Магчыма, з цягам часу (а прайшло больш за 60 гадоў) краi берагоў змясцiлiся.
Яшчэ адной з мэтаў экспедыцыi было абследаванне тэхнiчнага стану ўнiкальнага карабля, якi прымаў удзел у вайне ў складзе Пiнскай i Дняпроўскай ваенных флатылiй — рэйдавага цеплахода (буксiра) "Ясельда", каб аднавiць i ўстанавiць помнiк ваеннай гiсторыi ў г. Петрыкаве.
У наступным годзе Пiнская флатылiя будзе святкаваць 70-годдзе. I як паведамiлi прадстаўнiкi райвыканкама, нягледзячы на адсутнасць грашовых сродкаў, робiцца ўсё магчымае, каб захаваць гэты ўнiкальны помнiк гiсторыi вайны.
Алена ДАЎЖАНОК.
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |