Кожная жанчына — непаўторная...
Усе кажуць, што прыгажосць патрабуе вялiкiх укладанняў.. А цяпер вось даводзiцца жыць у рэжыме эканомii. Але нi ў якiм разе не варта эканомiць на сабе i на сваiм здароўi.
Для прыгажосцi твару трэба зусiм няшмат — тое, што заўсёды пад рукой.
Цукар або мёд — у якасцi скрабу, якi, акрамя выдалення змярцвелых клетак з паверхнi скуры, яшчэ i выдатна вiтамiнiзуе i амалоджвае яе. Раз на тыдзень наносьце пажыўныя i супрацьзапаленчыя маскi, напрыклад, садавінавыя (банан, кефiр, лiмон з жаўтком), або разнастайныя i недарагiя глiняныя маскi, у адпаведнасцi з вашым тыпам скуры — з зялёнай, блакiтнай, сiняй, чорнай — якiя рэгенеруюць скуру, памяншаюць салааддзяленне, падсушваюць вугравыя высыпаннi.
Асобная гутарка пра валасы. Лайма Вайкуле казала, што ў сапраўднай прыгажунi прыгожымi павiнны быць тры рэчы — зубы, скура i валасы... i яна мае рацыю. Валасы трэба берагчы ад пастаяннай сушкi фенам, тэрмабiгудзей, сонечных прамянёў. Масаж скуры галавы — не апошняя рэч у доглядзе, а таксама нi ў якiм разе не варта карыстацца шчоткай з металiчнымi зубамi, лепш з натуральнага дрэва (а як пахне ядловец або сасна!) Спалоскваць валасы добра адварам крапiвы, рамонку, калi вельмi тлустыя — дубовай карой або разведзеным лiмонным сокам.
Для ўмацавання валасоў можна рабiць маску: 1 лыжка алiўкавага алею, 5 лыжак кефiру, 1 жаўток. Нанесцi на валасы i ўхутаць галаву на 1 гадзiну, пасля — добра прамыць.
Для догляду рук ёсць мноства ванначак: са звычайнай соллю — для ўмацавання пазногцяў, якiя на ноч можна змазваць ёдам. Рукi пасля такiх ванначак можна змазваць не дарагiм крэмам, а тым жа алiўкавым алеем (як i локцi).
Для догляду цела (супраць цэлюлiту i для карэкцыi фiгуры, а таксама ў мэтах дасягнення гладкасцi i шаўкавiстасцi) можна скарыстацца двума варыянтамi скрабаў (чаргуючы): мёд + соль, або нерастваральная молатая кава + вадкi мёд. Расцерцi распаранае цела дачырвана ва ўсiх кiрунках i прыняць кантрасны душ — адчуванне невымоўнае!
Калi ж пасля працоўнага дня вы захочаце расслабiцца — прымiце ванну з хвойным экстрактам, некалькiмi кроплямi лавандавага алею (у сезон прастудаў дадавайце алей чайнага дрэва або ядлоўцавы) — i спакойны сон вам гарантаваны.
Пасля водных працэдур не забудзьцеся пра вейкi — змажце iх старым, ад ужо выкарыстанай тушы пэндзлiкам, змочаным у касторавым алеi i заадно правядзiце iм па бровах — яны таксама патрабуюць догляду.
Апошняя рыска вашай непаўторнасцi — усмешка! Добра чысцiць зубы зубным парашком, а ўжо затым — зубной пастай (толькi не адбельвальнай!), затым спаласнуць рот адварам зверабою або шалфею, якiя вельмi добрае ўмацоўваюць дзёсны.
Ну вось: "ВАШ ВЫХАД, МАДАМ!"
Каментарыяў: 0 Даслаць каментарый |