Імiтацыя камерцыi

Источник материала:  

Нядаўна ў Мiнску прайшоў чарговы рэспублiканскi кiрмаш "Купляй беларускае!" Яго наведаў наш карэспандэнт.
Уражаннi засталiся далёка не самыя пазiтыўныя. Бо купляць на фоне таварнага багацця сталiцы, па вялiкiм рахунку, амаль не было чаго.

Правiнцыйны базарчык
у цэнтры сталiцы
 

Велiзарная зала выставачнага павiльёна на праспекце Пераможцаў, 14 з дахам, якi нагадвае абрысы лятальнай касмiчнай талеркi, была занятая толькi на палову. Сярэдзiна дня, а народу ля прылаўкаў да крыўднага мала. Сям-там бадзялiся асобныя наведвальнiкi пераважна сталага ўзросту. I гэта пры тым, што цэны на кiрмашы, прама скажам, былi вельмi прымальныя i па сённяшнiм часе прывабныя. Гандлёвая надбаўка складала 10—15 %, а некаторыя ўдзельнiкi ўвогуле, згодна з iх словамi, прадавалi свой тавар без нацэнкi — сабекошт плюс падатак на дабаўленую вартасць. Нагадаем, у мiнскiх крамах гандлёвая нацэнка нярэдка дасягае 30 %.

Імiтацыя камерцыi— Ну як iдзе гандаль? — спытаў у работнiцы прылаўка Мiнскай птушкафабрыкi. Тая ў адказ сумна развяла рукамi. — Амаль няма пакупнiкоў, хоць наш тавар якасны, свежы i больш танны, чым у мiнскiх крамах. Ну дзе вы такiя сардэлькi набудзеце за восем тысяч? А мяса птушкi па такой цане? — Пакупнiкоў не было, а таму жанчына ахвотна падтрымала размову. — Не тут трэба было ладзiць кiрмаш. Паглядзiце, вакол няма побач жылых дамоў, адкуль людзi возьмуцца? Вось бы разгарнуць кiрмаш у шматлюдным спальным мiкрараёне, iншая справа, — гаворыць прадавец i пачынае мяне горача ўгаворваць набыць што-небудзь.

Дзiўны гэта быў кiрмаш у цэнтры сталiцы. Не шамацелi грашовымi купюрамi шматлiкiя пакупнiкi, не сноўдалi туды-сюды грузчыкi з партыямi тавараў, як на той жа Камароўцы. Нейкi цiхi i вельмi правiнцыйны базарчык рознай драбязы, якiя штодзень разгортваюцца ў невялiкiх гарадах i пасёлках. Сцiпласць, вядома, упрыгожвае, але часам гэта даволi сумнеўнае ўпрыгажэнне для камерцыйнай падзеi "Купляй беларускае!". Ды i сумная атмасфера кiрмашу не натхняла рабiць пакупкi.

Заблытвала наведвальнiкаў, падкрэслiм, рэспублiканскага кiрмашу i сама арганiзацыя размяшчэння гандлёвых пунктаў. Нiякай сiстэмы тут не назiралася. Вiдаць, хто заняў першым зручнае месца, той i малайчына. Таму малюнак быў стракаты, як некалi на стыхiйных рынках часоў скону гарбачоўскай перабудовы. Побач з гандлярамi мясных i малочных прадуктаў прапаноўвалi шкарпэткi, зiмовыя шапкi, школьнае адзенне, жаночую бялiзну.

Для мяне сюрпрызам стала секцыя гiганта айчыннай iндустрыi "Гомсельмаша". Там, аказваецца, акрамя сельгастэхнiкi выпускаюць яшчэ i мэблю. Аднак ажыятажу вакол яе ўзораў не назiралася. Сумныя прадаўцы з "Гомсельмаша" моўчкi сядзелi ў чаканнi пакупнiкоў. Iх няхiтры тавар: драўляныя сталы i ложкi, вiдаць, давядзецца везцi назад. Узнiкае пытанне: а цi трэба было ўвогуле прывозiць такую прадукцыю з Гомеля, калi ў Мiнску спецыялiзаваныя мэблевыя салоны i крамы забiтыя аналагiчнымi вырабамi i, на мой погляд, лепшай якасцi i па больш таннай цане. Скажам, гомельская лава за 262 тысячы рублёў здалася мне дарагiм задавальненнем. Ды i ўвогуле сёння мэблю, каб яна карысталася попытам, трэба выпускаць на спецыялiзаваных мэблевых прадпрыемствах.

Ведаеце, пасля агляду экспазiцыi зусiм не ўзнiкае жадання хутчэй набываць тое беларускае, што было ў экспазiцыi. Нейк шкада стала большую частку ўдзельнiкаў кiрмашу i сорамна за яе арганiзатараў. Такое ўражанне, што трапiў на нейкае фармальнае мерапрыемства ў рамках рэспублiканскай кампанii па актывiзацыi продажу прадукцыi айчынных вытворцаў. I адбылася яно ў многiм дзякуючы адмiнiстрацыйнаму рэсурсу. Як гаворыцца, у мэтах паляпшэння справаздачнасцi. Бо чым яшчэ растлумачыць надзвычай стракаты i, на мой погляд, выпадковы склад удзельнiкаў кiрмашу. Тым не менш факт правядзення рэспублiканскага кiрмашу з пералiкам яго удзельнiкаў i сапраўды можна ахарактарызаваць як значную камерцыйную падзею: удалося ахапiць многiя раёны краiны."Прадай беларускае!"

"Купляй беларускае!" — сёння модны, патрыятычны i надзённы лозунг. Дзе яго толькi нi чуеш i нi бачыш. Вось i так званы рэспублiканскi кiрмаш велiзарнымi лiтарамi заклiкаў купляць беларускае. А што было, уласна кажучы, там купляць? У любым мiнскiм супермаркеце выбар айчынных прадуктаў харчавання ды i часам прамысловых тавараў больш шырокi, чым на гэтым рэспублiканскiм кiрмашы. Вядома, лозунгамi справу не зварухнуць. Бо як нiколi з-за фiнансавага i эканамiчнага крызiсу стала цяжка прадаваць беларускiм вытворцам свае вырабы i за мяжу i на ўнутраным рынку, асаблiва прадпрыемствам з раёнаў. I здавалася сталiца, як самы заможны рэгiён краiны, дае магчымасць трохi разгрузiць склады. Асаблiва для тых, хто выпускае прадукты харчавання, тэрмiн захоўвання якiх абмежаваны, а попыт у сваiм i суседнiх раёнах задаволены. А тут яшчэ Расiя — асноўны замежны спажывец беларускiх харчовых тавараў, час ад часу прад'яўляе прэтэнзii да iх, круцiць носам, маўляў, не тыя стандарты якасцi. Але чамусьцi вытворцы з раёнаў у сваёй большасцi праiгнаравалi вераснёўскi кiрмаш у Мiнску. Вiдаць, няма тых жаданых аб'ёмаў продажаў, якiя б рабiлi рэнтабельнымi гандлёвыя дэсанты ў Мiнск.

Каб людзi кiнулiся набываць беларускае, трэба вучыцца гандляваць айчынным таварам. "Прадай беларускае!" — вось сёння, на мой погляд, галоўны лозунг дня. Нездарма на самым высокiм узроўнi прагучала парада ператварыць Саўмiн, вобразна кажучы, у адно вялiкае Мiнiстэрства гандлю. Для паспяховай камерцыi, вядома, варта ў першую чаргу мець свой канкурэнтаздольны па цане i якасцi з iмпартным прадукт. За апошнiя гады нашы вытворцы i гандлёвыя прадпрыемствы многаму навучылiся. Шмат зроблена, напрыклад, па мадэрнiзацыi крамаў, афармленнi iх вiтрын, укараненнi сучаснай i прыгожай (не горшай за iмпартную) упакоўкi тавараў. Таксама навучылiся i рамяству выкладаць тавары на палiцах. Аднак усяго гэтага абсалютна не было бачна на кiрмашы. Там арганiзацыя гандлю нават на першы i недасведчаны ў гэтай мудрагелiстай сферы погляд, не тое што кульгала на абедзве нагi, увогуле была нiжэйшай за любую крытыку. У асноўным тавары, як у сельмагах савецкiх часоў, былi надзейна абаронены прылаўкам ад пакупнiкоў. Яно i зразумела, бо на хуткую руку якiя можна стварыць умовы для паўнацэннага гандлю. Але ж наведвальнiкаў гэта мала хвалюе.Пакупнiк ўсё бачыць

Паслухаем наведвальнiкаў. На iх погляд, рэспублiканскi статус, калi хочаце, абавязвае да пэўнага ўзроўню правядзення кiрмашу, работы з яго ўдзельнiкамi i з пакупнiкамi. А ён, па iх водгуках, з кожным разам усё знiжаецца. Раней хоць старалiся нейкiм чынам прывабiць людзей, перад павiльёнам ладзiлi кароткiя тэатралiзаваныя паказы, у СМI размяшчалiся рэкламныя абвесткi, то цяпер гэтага амаль няма.

— Ды i час працы кiрмашу выбраны не вельмi ўдала: з 10 да 18 гадзiн. I гэта, калi асноўная маса мiнчан працуе да пяцi-шасцi вечара. Дзе iм паспець на кiрмаш. Гэта я працую i жыву непадалёк, а таму i паспела сюды. Больш зручным быў бы рэжым працы з 11 да 20 вечара. А то сюды наведваюцца ў асноўным пенсiянеры, а яны, як вядома, не самая плацежаздольная катэгорыя насельнiцтва сталiцы, — уступае ў размову жанчына сярэднiх гадоў.

На думку iншай наведвальнiцы, кiрмашы трэба рабiць тэматычнымi. Бо катэгорыя тавараў шырокага ўжытку ахоплiвае такую велiзарную колькасць вырабаў, што iмi можна было б запоўнiць не адзiн такi павiльён на праспекце Пераможцаў. Дык чаму б не праводзiць мэблевы кiрмаш, тавараў лёгкай прамысловасцi, асенне-зiмовага адзення i г. д. Каб чалавек загадзя ведаў, якi тавар ён знойдзе.

Адносна малады чалавек лiчыць, што арганiзатарам не варта моцна эканомiць на рэкламе. Бо аднаго плаката з велiзарнымi лiтарамi "Купляй беларускае!" на фасадзе будынка выставачнага павiльёна аб кiрмашы ўсё ж недастаткова. Больш iнфармацыi — больш наведвальнiкаў.

— Мiж iншым, непадалёк ад выставачнага павiльёна па праспекце Пераможцаў знаходзiцца адзiн з унiверсамаў сеткi крамаў "Суседзi". Ён рэгулярна праводзiць акцыi продажу асобных тавараў па так званых асаблiвых цэнах. I робiцца гэта па-сучаснаму. Тавары па знiжаных на пэўны перыяд цэнах выстаўлены асобна, на ўваходзе ў краму ляжаць стосы рэкламных лiстовак з выявай гэтых тавараў, дзе пад кожным пазначана папярэдняя i новая цана. Чаму б гэтую практыку не пераняць арганiзатарам кiрмашу? — пытаецца сiвы мужчына.

Шанц
для перыферыi
 

Дык можа зусiм адмовiцца ад падобных кiрмашоў як эканамiчна малаперспектыўных? Навошта iх ладзiць, угаворваць, а магчыма i прымушаць вытворцаў самых розных рэчаў камандзiраваць у Мiнск людзей, марнаваць немалыя грошы i час? Чым сёння можа здзiвiць правiнцыя спешчаных багаццем разнастайных тавараў мiнчан? Звычайнымi каўбасой i вырабамi шырокага ўжытку? Можа i як яшчэ можа. Мае суразмоўцы з лiку пакупнiкоў узгадалi смачную мяса-малочную прадукцыю агракамбiната "Сноў" з Нясвiжскага раёна, якая карыстаецца ў сталiцы ўстойлiвым попытам. Галоўнае, прапанаваць мiнчанам тое, што iм трэба. I пры ўсёй незадаволенасцi працай кiрмашу большасць наведвальнiкаў, з якiмi давялося пагутарыць, выказалiся за далейшае правядзенне кiрмашоў. Толькi вось рабiць гэта трэба па-сучаснаму.

Дзеля справядлiвасцi адзначым, што даволi значная ў параўнаннi з iншымi ўдзельнiкамi прысутнасць Пастаўскага раёна. Каля прылаўкаў яго спажывецкай кааперацыi нават час да часу ўтваралiся невялiкiя чэргi: цэны на мясныя i малочныя прадукты вабiлi сваёй, як сёння модна казаць, дэмакратычнасцю.

Не абышлося i без нечаканых, ва ўсякiм разе для мяне, высноў. Адзiн наведвальнiк такiм чынам пракаментаваў вельмi сцiплы выбар тавараў з перыферыi на кiрмашы: "Не пускаюць мiнскiя ўлады! Вы што, думаеце, кожны вытворца з глыбiнкi можа прасунуць свой тавар на сталiчны рынак? Дзе там. Толькi свае i тыя, хто зможа зацiкавiць гандлёвыя прадпрыемствы ўзяць тавар. Адным словам, камерцыя".

Думаю, гэта перабольшванне. Хутчэй, прычына ў iншым. Правiнцыя яшчэ не навучылася прадаваць свае тавары ў Мiнску ва ўмовах насычэння рынку таварамi. Многiя раённыя прадпрыемствы не хочуць цi баяцца канкурыраваць з сучаснымi камбiнатамi i заводамi. Далёка не кожнае раённае прадпрыемства з глыбiнкi можа паспяхова спаборнiчаць па цане, якасцi i афармленнi прадукцыi з прасунутымi мiнскiмi канкурэнтамi.Таму ўдзел у падобных кiрмашах дазволiў бы вытворцам з глыбiнкi асабiста адчуць кан'юнктуру сталiчнага рынку i прыстасавацца да яе. Безумоўна,"правiнцыялы", якiя могуць прапанаваць нешта свае адметнае, новае (i зноў жа па прымальнай цане), маюць неблагi шанц замацавацца на сталiчным рынку.
 
Леанiд Лахманенка.

Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

←Тематические семинары, уроки и встречи пройдут в Минске во время акции "Неделя мира"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика