Траецкiя вянкi
У культуры ўсходнiх славян на працягу года было некалькi святаў, у кантэксце якiх вянкi станавiлiся абавязковым атрыбутам правядзення абрадаў. Такi вянок называлi абрадавым.
Траецкi вянок, якi надзявалi дзяўчаты на галаву, выконваў не толькi ролю абярэга, але i прадуцыравальна-шлюбную ролю — быў прадвеснiкам будучага нараджэння дзяцей. Тую ж самую ролю — спрыяння плоднасцi статку свойскай жывёлы — выконвалi вянкi, якiя плялi пастухi i чаплялi на рогi каровам.
Траецкi вянок выконваў функцыю абярэга свойскай жывёлы: ад сурокаў, ад людскога вока, ад падзiву, ад вядзьмацкiх штучак (у перыяд з Юр'я i да Купалля ведзьмы маглi забраць у каровы малако або зрабiць так, што яна будзе даiцца крывёю). І тут ужо, хутчэй за ўсё, ахоўную ролю выконваў не столькi вянок, колькi тыя раслiны i кветкi, якiя ў спалучэннi з галiнкамi клёна, бярозы, дуба, калiны выконвалi сакральна-магiчную ролю.
Формы завiвання траецкага вянка маглi быць розныя. У адным выпадку гэта было звычайнае кола. У iншых — бярозавыя галiнкi мацавалi па тыпу васьмёркi або крыжападобна. За падрыхтоўку вянкоў гаспадыня абавязкова частавала пастухоў сялянскiмi прысмакамi: кавалкам сыру, двумя яйкамi, салам, лустай хлеба, тварагом.
Як i многiя iншыя каляндарныя атрыбуты-абярэгi, траецкiя вянкi для кароў захоўвалiся на працягу года. Потым iх спальвалi. А тыя знахаркi, якiя займалiся лячэннем людзей, вешалi iх у сенцах, дзе яны маглi захоўвацца не адзiн год. На сарваных з iх лiсцях рабiлi настоi i адпойвалi хворых людзей. Падпаленым лiсцем абкурвалi сурочаных дзяцей i свойскую жывёлу. Каб перасцерагчы хлеў ад маланкi, вянок мацавалi над варотамi.
Аксана Катовiч, Янка Крук.