Камп'ютары для Вераснiцы
Школу ў Вераснiцы Жыткавiцкага раёна, самым сэрцы Палесся, сёння не пазнаць. Яшчэ ў канцы лiпеня тут поўным ходам iшла будоўля i мясцовыя жыхары не былi ўпэўненыя, што дзецi пойдуць у адноўлены будынак. Сёння давер да абяцанняў улады адроджаны i настрой — толькi добры.
— Нiчога дзiвоснага няма, гэта агульная палiтыка. Сацыяльную сферу развiваем, як i раней, — старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон традыцыйна стрыманы ў пачуццях. — Бюджэтнае фiнансаванне сацыяльнай сферы практычна не паменшылася. Мы да 1 верасня на Гомельшчыне 3 школы адчынiлi. Так што iдзём прыблiзна ў тым тэмпе, як i раней — будуем па 3-4 школы ў год. Дзецi — будучыня нашай краiны. Пра гэта трэба клапацiцца, нягледзячы нi на што. Што датычыцца сучаснага выгляду, дык цяпер усе новыя школы такiмi робяцца. Гэта 10 гадоў таму здавалася неверагодным — вясковая школа такога маштабу, узору, з такiм абсталяваннем. Інтэрактыўныя дошкi сёння ў класах! Я ўспамiнаю сваё дзяцiнства — тады крэйды не было! Але ж сёння зусiм iншыя падыходы i дзецi iншыя: яны з дзiцячага садка валодаюць камп'ютарам. Такi час, без гэтага нельга абысцiся сёння. Аднак сапраўды, ведаеце, калi б мне вочы закрылi i прывезлi сюды — я не адразу зразумеў бы, дзе я знаходжуся — у горадзе цi ў вёсцы.
Амаль 160 вучняў, якiя селi сёлета за парты ў Вераснiцкай агульнаадукацыйнай школе, — гэта перспектыва не толькi для ўстановы, але i для рэгiёна, якi калiсьцi лiчыўся "забiтай глыбiнкай". Мiж тым, менавiта яна час ад часу дорыць усёй Беларусi таленавiтых людзей, якiя з'яўляюцца гонарам краiны. Адсюль, з Тураўскай зямлi, родам i старшыня праўлення ААТ "Белаграпрамбанк" Сяргей Румас. У дзень ведаў землякi з удзячнасцю прымаюць падарунак ад акцыянернага таварыства, якiм ён кiруе:
— Мы сёння па даручэннi Прэзiдэнта вядзём работу па далучэннi да нашага акцыянернага таварыства, дзе Белаграпрамбанк — асноўны заснавальнiк трох гаспадарак Жыткавiцкага раёна, у тым лiку i той, на тэрыторыi якой знаходзiцца Вераснiцкая школа. Менавiта таму мы не маглi прыехаць на свята з пустымi рукамi — на працягу найблiжэйшых тыдняў абсталёўваем у школе самы сучасны камп'ютарны клас, якi адпавядае ўсiм санiтарным нормам працы з дзецьмi. Калi з дапамогай банка мы зробiм крок у напрамку сцiрання межаў памiж горадам i вёскай, я буду вельмi рады. Мы наведалi выпускны клас — па тварах дзяцей сёння бачна, што гэта будучыя студэнты. Безумоўна, было б вельмi добра, каб яны тут, у школе, атрымлiвалi такую адукацыю, каб на роўных здаваць тэсты i потым вучыцца з гарадскiмi дзецьмi.
Складаная камп'ютарная тэхнiка ад Белаграпрамбанка, як i iнтэрактыўная дошка, мiж тым, трапяць у рукi сёлетняй выпускнiцы Мазырскага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя Iвана Шамякiна, настаўнiцы iнфарматыкi i матэматыкi Кацярыны Птушко. Яна пакуль хвалюецца, як школьнiца, але ж верыць, што i з дзецьмi, i з тэхнiкай справiцца. Дзяўчына сама мясцовая — на працу ездзiць з суседняга Столiнскага раёна Брэстчыны — але ж гэта 20 кiламетраў — рукой падаць!
Валянцiна Казак, дырэктар Вераснiцкай школы, якая ў лiпеньскi мой прыезд была зусiм нешматслоўнай, зараз пачуццi не стрымлiвае.
якая ў лiпеньскi мой прыезд была зусiм нешматслоўнай, зараз пачуццi не стрымлiвае.— Усе задаволеныя. У вёсцы свята. Бацькi, дзецi i настаўнiкi радасныя, з такiм задавальненнем першы ўрок пра сваю Бацькаўшчыну правялi. Настрой iншы зусiм, усе супакоiлiся: улады стрымалi сваё абяцанне. Людзi паверылi, што будзе i другi этап — будаўнiцтва спартыўнай залы. I прэсе людзi вераць. Будзем падпiсвацца на рэспублiканскую "Звязду" i мясцовую газету "Новае Палессе", якiя нас падтрымалi.
— Глядзiце, якi ў нас клас прыгожы! Глядзiце, якi ў нас двор прыгожы! — раз-пораз усклiкаюць з гонарам i вучнi, i настаўнiкi.
Здаецца, людзi будуць цанiць i берагчы сваю адноўленую школу, якая мае паўвекавую гiсторыю. Хто кветкi нёс, хто дрэўцы, толькi б хутчэй была СВАЯ школа. Лiтаральна кожны з жыхароў вёскi — ад малога да старога — узялi ўдзел у добраўпарадкаваннi памяшканняў i тэрыторыi Вераснiцкай школы.
Iрына АСТАШКЕВIЧ. Фота аўтара.