БАЖ прымае заяўкі ад журналістаў на ўдзел у семінары FOJO ў Вільні
«Асвятленне канфліктаў» — семінар на гэтую тэму для журналістаў з Беларусі, Малдовы і Літвы ладзіць інстытут павышэння кваліфікацыі FOJO (Швецыя), — паведамляе прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Семінар мае адбыцца 9–11 кастрычніка ў Вільні (Літва). Для ўдзелу ў ім запрашаюць 5 беларускіх журналістаў, якія спецыялізуюцца на асвятленні канфліктаў. Гаворка ідзе пра асвятленне не толькі ваенных, тэрытарыяльных, але і ўнутрыпалітычных канфліктаў.
Сярод тэм, якія будуць абмяркоўвацца на семінары:
— Што такое канфлікт?
— Аналіз канфліктаў
— Прафесіяналізм і контрпатрыятызм у асвятленні канфліктаў
— Прынцыпы журналісцкай этыкі ў асвятленні канфлікту і інш.
FOJO звярнуўся да ГА «БАЖ» як свайго сталага партнёра ў Беларусі з просьбай дапамагчы ў адборы патэнцыйных удзельнікаў сустрэчы.
Крытэрыі адбору: журналіст павінен актыўна распрацоўваць тэму палітычных канфліктаў, цікавіцца ёй і імкнуцца да паглыблення досведу менавіта ў гэтай галіне. Канфлікты на сацыяльнай, экалагічнай, міжканфесійнай глебе пад тэму семінару не падпадаюць.
Удзельнік семінару павінен ведаць і быць у стане распавесці, як асвятляецца тэма палітычных канфліктаў у Беларусі, прывесці прыклады ўдалага і няўдалага іх асвятлення ў айчыннай прэсе.
Калі вы лічыце, што адпавядаеце ўсім пералічаным крэтэрыям, БАЖ чакае вашай заяўкі на ўдзел у семінары. Заяўка мусіць утрымліваць ваша кароткае рэзюме, прыклады артыкулаў па тэматыцы семінара і матывайцыйны ліст з абгрунтаваннем вашага магчымага ўдзелу. Рэзюме, акрамя кароткай прафесійнай біяграфіі, мусіць утрымліваць імя і прозвішча заяўніка (напісанае лацінкай як у пашпарце), нумар пашпарту, нумар мабільнага тэлефона і адрас электроннай пошты.
Увага! Заяўку трэба даслаць на адрас baj@baj.by да 1 верасня 2009 года!