Па Полацку з Уладзімірам Арловым
25.08.2009 09:24
—
Новости Общества
У адрозненне ад Вільні, якая найлепшым чынам ілюструе нашу гісторыю эпохі Вялікага княства Літоўскага і перыяд нацыянальнага адраджэння пачатку 20 стагоддзя, Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці як такой. Першы беларускі горад, які за 862 годам згадваецца ў летапісе і дзе ўладарыў князь Рагвалод. Горад, славу якога ў крывавых бітвах здабываў магутны і містычны Усяслаў Чарадзей. Месца, якое напаўнялі сэнсам князёўна, асветніца і святая Еўфрасіння Полацкая, мысляр-гуманіст і першадрукар Францыск Скарына, Сімяон Полацкі...
Сёння Полацк трымае бясспрэчнае лідэрства ў імправізаваным спісе самых беларускіх гарадоў Беларусі. З году ў год тут свядома і паслядоўна праводзіцца ў жыццё палітыка беларусізацыі: вуліцам вяртаюць спрадвечныя і надаюць гістарычныя назвы (гэтак, летась вуліцу Леніна перайменавалі ў Ніжне-Пакроўскую, а праспект Карла Маркса сёлета - у Францыска Скарыны), услаўляюць помнікамі герояў нашай нацыянальнай (а не імперскай ці савецкай) гісторыі, захоўваюць і аднаўляюць архітэктурныя перліны, адчыняюць музеі...
На думку Уладзіміра Арлова, аўтара кнігі-бестсэлера “Таямніцы полацкай гісторыі”, прычына ў тым, што Полацку пашанцавала на мэра.
“Тандэм Уладзіміра Тачылы, які ўзначальвае гарвыканкам апошнія 10 год, і нязменнага дырэктара Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Міколы Ільніцкага, які, на жаль, ужо ў лепшым свеце, зрабіў для горада неацэнна многа. Кажуць, што многа гадоў назад яны далі адзін аднаму слова, што кожны год будуць адчыняць у горадзе новы музей ці помнік. Гэта падобна на фантастыку, але так яно і было! - дзеліцца Арлоў, які нарадзіўся і да паступлення ў БДУ пражыў у Полацку. - Калі б не яны, наўрад ці ў горадзе з’явіліся б помнікі Усяславу Чарадзею, Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыне, Сімяону Полацкаму. Гэтаксама, як і студэнты Полацкага універсітэта і Полацкая мастацкая галерэя наўрад ці пераехалі б у старажытныя муры колішняй Полацкай езуіцкай акадэміі”.
Фотарэпартаж аўтара.
Плошча імя Францыска Скарыны...
... і сам першадрукар.
Помнік полацкаму князю Усяславу Чарадзею (скульптар Аляксандр Прохараў) паставілі не ў самым прыдатным месцы. Да таго ж праваслаўная царква не дазволіла, каб у надпісе прысутнічала мянушка "Чарадзей", пад якой князя ведалі і сучаснікі, і нашчадкі, толькі - Усяслаў Брачыслававіч. Але ў любым разе, гэта першы конны помнік у Беларусі.
На гістфаку БДУ студэнта Арлова вучылі, што "Ефросинья Полоцкая была церковной мракобеской, которая курила опиум для народа".
Царква Узвышэння Святога Крыжа (1893-1897, на фота - злева) і адна з найстарэйшых у Беларусі (разам з Каложскай царквой ў Гродна) Царква Святога Спаса (ХІІ ст., у цэнтры) у комплексе Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра.
Тут, на былой Рынкавай плошчы, калісьці стаяў касцёл Святога Стафана (XVIII ст.), узарваны Саветамі ў 1964-м.
Легендарная полацкая Сафія - прыклад таго, як ў Беларусі варта рабіць рэстаўрацыі гістарычных помнікаў.
... на беразе Заходняй Дзвіны.
Спадар Арлоў спадзяецца, што калісьці менавіта сюды, да Барысавага каменя на Саборную гару пераедзе помнік заснавальніку Сафіі Усяславу Чарадзею.
Лютэранская кірха (канца 19 - пачатку 20 ст.), дзе з 1948 года месціцца Полацкі краязнаўчы музей.
Корпус былога Кляштара францысканцаў (18 ст.).
Гэтак званы "Дом Пятра". Тут у ліпені 1705 года спыніўся расійскі цар Пётр І, які на пару з Меньшыкавым засек наўпрост у Сафіі пяць манахаў-уніятаў. 1 траўня 1710 г. салдаты Пятра І узарвалі сабор.
Задуменны настаўнік крывавага Пятра Сімяон Полацкі.
Напярэдадні 1147-годдзя Полацка, якое адзначылі 30 траўня, гарсавет дэпутатаў прыняў рашэнне аб перайменаванні праспекта Карла Маркса ў праспект імя Францыска Скарыны. “Грамадзяне адзінадушна выказаліся за ўвекавечванне памяці свайго земляка”, - гаварылася ў паведамленні дзяржінфармагенцтва.
Першы ў Беларусі помнік літары "Ў".
Кніга Арлова "Таямніцы полацкай гісторыі" вытрымала ўжо шэсць выданняў.
Свята-Богаяўленскі сабор (1779) - помнік архітэктуры барока.
Вакол усталявання гэтага помніка вядуцца вялікія спрэчкі. Па словах Арлова, вайна 1812 года была для беларусаў грамадзянскай, бо 50 тысяч нашых суайчыннікаў ваявалі ў расійскім войску, каля 25 тысяч - на баку Напалеона.
Сёння, 25 жніўня, Уладзімір Арлоў адзначае 56-я народзіны. Падарунак сабе літаратар ужо зрабіў. Днямі ў "Кнігарні "Нашай Нівы" пабачыў свет зборнік ягоных вершаў "Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся". Апроч гэтага, як паведамляе газета “Тут і цяпер”, знакаміты палачанін напісаў працяг бестсэлера-альбома “Краіна Беларусь”, у якім пастараецца ўзнавіць справядлівасць у спрэчцы беларусаў і літоўцаў за спадчыну Вялікага княства Літоўскага і Вільні.
Дарэчы, перадгісторыя з’яўлення працягу таксама вартая згадкі. Летась падчас змагання жыхароў сталічнай вуліцы Карла Маркса з гарадскімі ўладамі, якія мелі намер на месцы кватэр зрабіць казіно і рэстарацыі, Арлоў выходзіў на мітынгі з транспарантам “Толькі ў роднай кватэры напішу бестсэлер”. “Свае кватэры мы тады адстаялі, - кажа спадар Уладзімір, - але ж трэба было выконваць абяцанне і пісаць бестсэлер”.
TUT.BY віншуе спадара Уладзіміра з народзінамі. Княскага вам здароўя і новых бестсэлераў!