Гродзенскі абласны суд не адмяніў штраф Івану Круку за распаўсюд друкаваных выданняў

Источник материала:  
13.08.2009 17:28 — Новости Общества


Сёння суддзя Гродзенскага абласнога суда Мікалай Рачынскі пакінуў у сіле рашэнне суда Астравецкага раёна, паводле якога грамадскі актывіст Іван Крук быў пакараны штрафам у памеры 700 тысяч рублёў за распаўсюд друкаваных выданняў, — паведамляе прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

26 чэрвеня Астравецкі раённы суд аштрафаваў актывіста грамадскай кампаніі «Астравецкая атамная — гэта злачынства» І. Крука за распаўсюд перыядычных выданняў, якія не ўтрымліваюць выходных дадзеных.

Паводле слоў самога грамадскага актывіста, падставай для адміністратыўнага пакарання сталі бюлетэні, адабраныя міліцыянтамі ў жыхароў Астраўца. У гэтай друкаванай прадукцыі ўтрымліваліся крытычныя публікацыі пра планы будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Астравецкага раёна.

«Гэтыя бюлетэні ніякім чынам нельга назваць перыядычнымі выданнямі, да таго ж я не меў дачынення да іх распаўсюду. Таксама мяне абвінавацілі ў распаўсюдзе газеты “Новы час”. Але выданне мае дзяржаўную рэгістрацыю, і я не парушаў заканадаўства, распаўсюджваючы яго», – даводзіць Іван Крук.

Грамадскі актывіст не згодны з сённяшнім вынікам судовага разбіральніцтва. Ён перакананы, што рашэнне суда мае палітычны падтэкст, і намераны абскардзіць яго ў камісію ААН па правах чалавека.

Перад пачаткам судовага працэсу адбыўся невялікі інцыдэнт: супрацоўнік аховы не прапускаў у залу суда прадстаўнікоў грамадскасці і незалежных журналістаў. Пасля ўмяшальніцтва суддзі ўсе жадаючыя былі дапушчаныя ў на паседжанне.

←Юрий Леонов: "Дело в отношении нас выглядит полнейшим абсурдом"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика