Сялянскі сын Васіль АШУРОК пасля заканчэння сярэдняй школы абраў ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржмедуніверсітэта. Здаў уступныя экзамены і атрымаў выклік на вучобу. А на другім курсе нечакана вырашыў пайсці ў армію.
Пасля службы юнак паступіў на аграфак Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта. З першых заняткаў душою адчуў, што трапіў у сваю стыхію. Вучыўся і актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Узначальваў добраахвотную студэнцкую народную дружыну. Яго прызналі лепшым народным дружыннікам Ленінскага раёна абласнога цэнтра. Кожныя канікулы працаваў у гаспадарках на жніве.
У ліку лепшых выпускнікоў меў магчымасць выбару пры размеркаванні. Працоўную дзейнасць пачаў з памочніка кіраўніка аддзялення СВК імя Варанецкага Бераставіцкага раёна. За сем гадоў пасля студэнцтва ўзначальваў агранамічную службу мастоўскага ААТ «Чарлёна», быў аграномам у мазырскім КСУП «Саўгас-камбінат «Зара», кіраваў раслінаводствам у Шчучынскім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. Мінулай вясною ўзначаліў карэліцкае КУСП «Чарняхоўскі-Агра».
Прынёманская зямля ўрадлівая. Кожны гектар дае амаль 50 цэнтнераў зерня. А на ячным полі на круг механізатары намалацілі па 60 цэнтнераў збажыны. Добра ўрадзіў і азімы рапс. З кожнага з 280 гектараў атрымана звыш 30 цэнтнераў насення. Васьмі ўборачным экіпажам прадстаіць абмалаціць зерневыя на 2600 гектарах. Нагрузка максімальная. Тэхніка не новая: сама менш камбайн працуе восьмы сезон. За штурвалам 20-гадовага агрэгата механік Аляксандр Дзялёў. Лідзіруе на жніве Ігар Бушма. На камбайне «Лексіён» за дзень ён намалочвае амаль па сто тон збожжа. А на адвозцы ўраджаю з поля да сушылкі лепшым прызнаны вадзіцель МАЗа Іван Ходар. У гонар лідараў перад будынкам канторы ўзняты сцяг працоўнай славы. Пра надзённыя справы хлебаробаў гутарым з маладым дырэктарам КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Васілём Ашурком.
— На полі максімальна выкарыстоўваем кожны ўборачны агрэгат. Кіруе жнівом вопытны галоўны аграном Сяргей Гісь. У гаспадарцы ён працуе даўно і ведае кожны ўчастак. Па распрацаваных ім маршрутах экіпажы ўбіраюць збажыну. Круглыя суткі працуе зернесушыльная гаспадарка. Прасушанае збожжа ў першую чаргу адпраўляем на дзяржаўны прыёмны пункт. За сродкі, атрыманыя ад яго рэалізацыі, плануем абнавіць машынна-трактарны парк.
Шмат іншых неадкладных праблем штодзённа даводзіцца вырашаць маладому дырэктару. У апошнія гады ў сельгаспрадпрыемстве, якое ён узначаліў, часта мяняліся кіраўнікі, а справы не ладзіліся. Расла запазычанасць па крэдытах. Трэці год гаспадарка па прэзідэнцкім загадзе на санацыі. Не кожны вопытны кіраўнік адважыўся б вывесці з адстаючых сельгаспрадпрыемства.
— Васіль Вацлававіч, шчыра кажучы, вашай рашучасці можна пазайздросціць.
— Гэта не рашучасць, а заканамернасць. Ва ўніверсітэце атрымаў багатую тэарэтычную і практычную базу. На канікулах звычайна працаваў у гаспадарках. Пасля першага курса ўбіраў збожжавыя ў гродзенскіх «Путрышках». На наступнае лета прэсаваў салому на жніве ў Верцялішках. На старэйшых курсах узначальваў студэнцкі будатрад у лідскай вёсцы Вавёрка. Добра валодаю нямецкай мовай, і мяне ўключылі ў групу студэнтаў, якія праходзілі вытворчую практыку ў Германіі. Уразілі нямецкія педантычнасць, дысцыпліна і адказнасць. Убачыў, як пры мінімальнай колькасці працуючых, выкарыстанні сучаснай тэхнікі і новых тэхналогій стабільна атрымліваўся пэўны вынік. Вельмі хацелася зрабіць так самому.
Працоўную дзейнасць пачынаў з памочніка кіраўніка аддзялення бераставіцкага СВК імя Варанецкага. У гаспадарцы склаўся калектыў аднадумцаў, якім кіраваў вопытны Іосіф Колас. Ён з кожным калгаснікам сябраваў. Сам быў дысцыплінаваным і ад падначаленых патрабаваў таго ж.
— У гэтай гаспадарцы вы нядоўга затрымаліся?
— Імкнуўся да самастойнасці. У мастоўскім ААТ «Чарлёны» пяць гадоў узначальваў агранамічную службу. Заўзята ўзяўся за справу. Па асноўных эканамічных паказчыках сельгаспрадпрыемства лідзіравала ў раёне. З кожнага гектара атрымлівалі да 60 цэнтнераў збожжа і да 900 цэнтнераў цукровых буракоў. Шмат пераняў ад намесніка дырэктара Уладзіміра Вашкевіча, які неаднойчы прызнаваўся лепшым аграномам Гродзеншчыны. Даводзілася сустракацца і гутарыць з кіраўніком суседняга свіслацкага СВК «Свіслач» Васілём Мікалаевічам Густырам. Запомніліся яго словы: нельга ўраўноўваць няроўных, да кожнага ў калектыве трэба мець асаблівы падыход.
— І пры гэтым сярод падначаленых камусьці не даваць перавагу…
— Безумоўна. Вось зараз, кіруючы калектывам у 300 чалавек, імкнуся тактоўна аддзячваць кожнаму за старанне, каб зацікавіць працай іншых. Разумею, што адказваю не толькі за вытворчасць, але і за жыццё падначаленых. А таксама і за тых, хто на заслужаным адпачынку. Аднаму трэба дроў прывезці, другому збажыну камбайнам абмалаціць, трэцяму добрае слова сказаць. Нікога не пакідаю па-за ўвагай. Сустракаюся з вяскоўцамі, цікаўлюся іх справамі. Жніўным часам у мяне кожная мінута распісана. Але знайшоў магчымасць і па запрашэнні вернікаў вёскі Загор’е падзяліў з імі радасць асвячэння храма Святой Ганны.
— Даводзілася неаднойчы чуць, што кіраўнік на вёсцы — і бацька, і дзядзька, і суддзя, і воінскі начальнік. Васіль Вацлававіч, вы ў 33 гады пачынаеце кар’еру дырэктара. Кім сябе адчуваеце?
— Да многага яшчэ не дарос. А вось дарадчыкам даводзіцца быць. Да мяне звяртаюцца за парадамі значна старэйшыя па ўзросце вяскоўцы. Спачатку адчуваў унутраную нялоўкасць перад імі. Паразважаў і пераадолеў гэта: да мяне ідуць, як да дырэктара, таму абавязаны быць уважлівым. Кажуць: цудоўна, калі ў чалавеку гарманічна спалучаюцца розум і сэрца. Такое не кожнаму даравана.
У гаспадарцы, якую ўзначаліў, багатая гісторыя. Калектыў раней славіўся высокімі эканамічнымі паказчыкамі. Падумалася: зямля засталася тая ж. Прыкласці старанне, і яна адгукнецца на клопат. Таму і адважыўся на кіраўніцтва. Аб’ехаў усе вытворчыя падраздзяленні, пагутарыў з людзьмі.
Мяне здзівілі малочна-таварныя фермы: няма парадку, на самацёк пушчана селекцыйная работа. Жывёлу кармілі як давядзецца, без збалансавання рацыёнаў. Сянажныя траншэі вясною пуставалі. І гэта пры такіх раскошных нёманскіх лугах. Вясною ледзьве дацягнулі да пашавага ўтрымання статка. Адразу ўзяліся за касавіцу траў. Ужо закладзена на 2000 тон больш сенажу, чым у такі час летась. На ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы назапашана амаль па 20 кармавых адзінак. Нарыхтавалі 1000 тон сенажу ў вакуумнай упакоўцы. Пастаўлена задача поўнасцю забяспечыць грамадскі статак травянымі кармамі і зернефуражом. І ў жніво не спыняецца нарыхтоўка фуражу.
З трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы амаль палова — дойныя каровы. У летні перыяд узмацнілі іх рацыён кармлення і адразу атрымалі вынік: вырасла валавая вытворчасць малака. Палепшылася і якасць. Рэалізуем яго на філіял «Навагрудскія дары» Лідскага малочнага камбіната.
Жывёлагадоўля — адзін з вядучых кірункаў дзейнасці калектыву. Акрамя вытворчасці малака, гаспадарка спецыялізуецца і на вырошчванні племянных свіней. Сучасна абсталяваным комплексам, дзе ўтрымліваецца 14 000 галоў, кіруе выпускнік Віцебскай дзяржветакадэміі Аляксандр Дунец. У розныя рэгіёны рэспублікі рэалізуем як племянных свіней, так і двух- ці трохпародных парасят. Эканамічна выгадна прадаваць племянную жывёлу. Са спецыялістамі абмеркавалі план больш эфектыўнай дзейнасці комплексу. Лічу, што ў першую чаргу варта дбаць пра ўмовы працы людзей. Неабходна абсталяваць душавыя, раздзявалкі, пакоі для прыёму ежы.
Скажу шчыра: нялёгка даецца кожны крок па навядзенні парадку, але не адступаю. Жорстка трымаю дысцыпліну. Людзі гэта адчулі. І галоўнае, што ёсць станоўчыя вынікі. Сталі расці фінансавыя паступленні ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Чакаем прыбытку і ад раслінаводства. Паступова разлічваемся з крэдыторамі. Асноўныя з іх — Гарадзейскі цукровы камбінат, Мірскі спіртзавод, рай-сельгастэхніка.
Складана было і з кадрамі спецыялістаў. З суседняй Міншчыны пераехала працаваць галоўным заатэхнікам Вольга Кандраценя. Яе муж Сяргей Якімаў сеў за штурвал зернеўборачнага камбайна. Эканамічную службу папоўніла выпускніца Беларускага дзяржэканамуніверсітэта Віталіна Скрунда. Сем’і спецыялістаў, як і жывёлаводаў, механізатараў, важна забяспечыць жыллём. На балансе гаспадаркі ёсць некалькі дзясяткаў жылых дамоў. З’явяцца сродкі, пачнём будаваць новыя. Сам пакуль здымаю кватэру. Сваё будучае бачу ў родным Панямонні.
Як выдаецца магчымасць, наведваю бацькоў-пенсіянераў і брата Генадзя ў іўеўскай вёсцы Бежамцы. Адсюль напрасткі недалёка. Родныя цікавяцца маім жыццём. Асабліва бацьку хвалюе, ці спраўляюся з дырэктарствам. Ён сам скончыў Навагрудскі сельгастэхнікум. Да выхаду на пенсію працаваў на зямлі. З малых гадоў вучыў мяне пры любых абставінах заставацца чалавекам. Тады людзі пойдуць за табою.
— Васіль Вацлававіч, дрэва жывое да таго часу, пакуль у яго ёсць карані. Што неабходна, каб моладзь на вёсцы мацавала свае карані?
— Важна, акрамя вартых заробкаў, маладых забяспечыць адпаведнымі ўмовамі працы і жыцця. Калі ў чалавека стабільны занятак, тады і ўсё ладна складваецца. Будучае бачу толькі ў працы на зямлі, каб мацаваць свае карані.
Уладзімір СУБАТ, «СГ»
Фота аўтара