В лидерах — филиал «Белшина-агро» ОАО «Белшина»
Задача для сапраўднага кіраўніка
Філіял “Белшына-агра“ ААТ “Белшына” — спецыялізаваная малочная гаспадарка, якая працуе па сучасных тэхналогіях. Што гэта азначае, дае ўяўленне наступны прыклад.
Падрыхтоўка каровы да даення вядзецца па спецыяльным рэгламенце, які заснаваны на фізіялогіі жывёлы і выпрацаваных у яе ўмоўных рэфлексах.
Значная частка аперацый “перадстартавага” перыяду накіравана на захаванне стэрыльнасці надою. Дык вось, каб стандартызаваць выніковасць гігіенічных працэдур, вымя ў белшынаўскіх кароў рэгулярна дэпіліруюць.
А яшчэ тут катэгарычна забаронена псаваць “рагулям” настрой, нават павышаючы на іх голас.
Канечне, такі далікатны падыход мае сэнс, калі па максімуму задзейнічаны ўсе іншыя механізмы “разгону” малочных залоз жывёлы да генетычна закладзенай мяжы.
Хаця тут не ўсё проста.
Чым вышэй вынік, тым больш рэсурсаў трэба ўкладваць у падтрыманне фізічнай формы “спарт-сменкі” і тым хутчэй зношваецца яе арганізм. Але ж выраб малака павінен даваць прыбытак, таму трэба трымаць баланс паміж расходамі на ўтрыманне жывёл і даходамі ад атрыманай прадукцыі. “Белшынаўскія“ каровы ў масе сваёй даюць каля 8 000 кг малака ў год, а некаторыя — больш за 10 000. У сярэднім гаспадарка адпраўляе на перапрацоўку амаль 43 тоны малака вышэйшых якасных кандыцый кожны дзень…
Што цікава, пры змяншэнні гадавых надояў да 6,5 тоны сельгаспрадпрыемства мела б большыя прыбыткі — за кошт эканоміі на дарагіх кармавых дабаўках і значна радзейшай патрэбе ў замене пагалоўя дойнага статка. Аднак тут ужо ўключаюцца фактары больш істотныя, чым эканамічныя інтарэсы асобнай гаспадаркі. Гэта — эфектыўнасць удзелу рэгіёнаў ва ўмацаванні харчовай бяспекі краіны.
Па выніках работы за мінулы год “Белшына-агра” — адзінае сельгаспрадпрыемства Асіповіччыны, якое выканала ўмовы раённага спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграрна-прамысловага комплексу.
Так што гаспадарцы даводзіц-ца займацца пастаўкамі мяса (летась паказчык трымаўся на ўзроўні 80 тон у месяц), маючы на яго продажы “ўмоўна-станоўчую” рэнтабельнасць. І не закрываць — дзеля падтрымання валавых здабыткаў малакавытворчасці — маральна састарэлыя фермы, у якіх немагчыма стварыць умовы для належнага догляду за каровамі элітных кандыцый.
А яшчэ плануецца далучыць да “Белшыны” суседняе ААТ “Каменічы”. У якія тэрміны гэта адбудзецца — пакуль складана казаць, але такое ўзбуйненне прызнана аптымальным крокам з пункту гледжання агульнадзяржаўных інтарэсаў. А да работы ў новых умовах трэба рыхтавацца зага-дзя.
Старшыня філіяла Леанід Гардзецкі да такой перспектывы адносіцца са зразумела змешаным пачуццём. Ён выдатна разумее, наколькі складанымі будуць у яго першыя тры гады пасля аб’яднання розных па эканамічным патэнцыяле гаспадарак. З другога боку — гэта выклік яго асабістай кампетэнтнасці як аграрыя-арганізатара і калектыву, у якім кожны “добра ведае тэхналагічны рэгламент”.
Наўрад ці ўсе чытачы зразумелі дакладнае значэнне прыве-дзенага выразу, аднак важкасць маюць не дэталі, а агульны сэнс. У “Белшыне-агра” працуе 396 чалавек, прычым кожны кваліфікаваны, дысцыплінаваны і, галоўнае, займае месца, дзе можа выконваць свае службовыя абавязкі бездакорна. Канечне, не ўсе маюць званне “Майстар жывёлагадоўлі” І класа і надойваюць ад каровы па 10,3 тоны малака ў год, як гэта робіць аператар машыннага даення Алена Рыжковіч. Аднак сярэдні месячны заробак у 930-950 рублёў тут не “надзьмуты” штучна і не з’ядае будучыя даходы гаспадаркі.
Падцягнуць больш сотні каменіцкіх работнікаў, іх матэрыяльную базу да “белшынаўскіх” стандартаў адразу будзе немагчыма. Але ж марудзіць таксама нельга. Тэрмін, за які можна дасягнуць устойлівых зрухаў да лепшага ў экс-”Каменічах” без пагрозы ўстойліваму развіццю “Белшыны-агра”, названы вышэй — тры гады напружанай працы.
Пачынаць перамены давядзецца з першай агульнай пасяўной, бо піраміда вытворчасці малака грунтуецца на надзейнай кармавой базе. План работ на новых землях складзены загадзя, і вынікі яго скрупулёзна пралічаны. Уражваючых лічбаў у прагнозах няма, аднак кармавых адзінак для каменіцкай БРЖ яны абяцаюць у дастатковай колькасці.
Чакаем далейшага развіцця падзей — цікавых і, спадзяёмся, паспяховых!