У ЗАТ “1 Мая” на мінулым тыдні вывеў у поле збожжаўборачны камбайн механізатар Сяргей Галабурда. Яго КЗС-1218 працаваў на 5-гектарным участку яжы зборнай на насенне, намалаціў тысячу кілаграмаў. Яжа выспявае раней за іншыя шматгадовыя травы. Услед пойдуць фестулоліум і касцёр безасцюковы.
На ўсёй плошчы ў 90 гектараў убралі азімы ячмень камбайнеры ААТ “Лань-Нясвіж”, якія выйшлі ў поле 1 ліпеня. Ураджайнасць зерня — 57,3 цэнтнера з гектара — болей, чым было летась. Працавалі ўсе 13 збожжаўборачных камбайнаў. Гэта стала “генеральнай рэпетыцыяй” перад вялікім жнівом.
На азімы ячмень выйшлі і камбайнеры ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”.