Пакінула сталічнае жыццё і, наладзіўшы вытворчасць, засталася працаваць у Нясвіжскім раёне

Источник материала:  
01.03.2019 —
Поделитесь с друзьями
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Антаніна Вячаславаўна Высоцкая пераехала ў “Новае жыццё” ў 1992 годзе са сталіцы па запрашэнні тадышняга старшыні гаспадаркі М.В. Саленіка, каб дапамагчы наладзіць вытворчасць мясной прадукцыі.

Пакінула сталічнае жыццё, дзе засталіся сябры, інтарэсы. Спачатку было цяжка, цяжка маральна. Але ж тут, у вёсцы Долкінды — яе малая радзіма. Тут яна жыла, вучылася ў Сноўскай школе. Таму, наладзіўшы вытворчасць, засталася працаваць.

Антаніна Вячаславаўна — галоўны тэхнолаг. У яе абавязках усё, што датычыць цэха: ад прыёмкі жывёлы да выпуску добрай, якаснай прадукцыі. Асартымент  яе самы розны: паўфабрыкаты, вараныя вырабы, вяндліна, вяленая і ліверна-кравяная каўбасы, зельц і шмат чаго іншага. Як адзначыла тэхнолаг, уся прадукцыя выпускаецца без хімічных дабавак, уважліва выбіраецца і вывучаецца склад спецый.

Пакінула сталічнае жыццё і, наладзіўшы вытворчасць, засталася працаваць у Нясвіжскім раёне

— Стараемся, каб прадукцыя была недарагой і экалагічна чыстай. І наш кіраўнік, Андрэй Ратомскі, падтрымлівае гэту пазіцыю. Ён таксама за здаровую нацыю, за тое, каб нараджаліся і раслі здаровыя дзеці, — гаворыць Антаніна Вячаславаўна.

Мэтанакіраваная, адказная і дысцыплінаваная, яна таго ж патрабуе і ад падначаленых, мае з імі зладжаныя ўзаемаадносіны.

Слухаючы гэту жанчыну, здаецца, што яна ніколі не сумуе. Ды й калі ёй гэта рабіць?! Усмешлівая, пазітыўная, энергічная, з іскрынкай у позірку, мноствам задумак і планаў на будучае, яна любіць сваю працу, аграгарадок, людзей і жыццё.

— Я радуюся, калі бачу добраўпарадкаваныя дамы, палісаднікі, радуюся святам вёскі, на якіх выбіраюць  прыгожыя падворкі. Я люблю тэатр і стараюся там пабыць, і на выставу, хоць зрэдку, схадзіць, чытаю прэсу, слухаю радыё, стараюся быць у курсе ўсіх падзей. І наш прафсаюз арганізоўвае розныя мерапрыемствы для лю-дзей: паездкі ў басейн, на канцэрты. Жыццё цячэ,— працягвае мая суразмоўца.

І дома гэта пазітыўная жанчына паспявае падтрымліваць парадак:

— Дрэвы, якія я пасадзіла, кусты, кветкі — усё вырошчваю сама. Нават жука на бульбоў-ніку збіраю ўручную. Не люблю хіміі, ні на рабоце, ні дома. Я — за здаровы лад жыцця.

Дарэчы, пра здаровы лад маёй гераіні і не толькі падзялілася намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце акцыянернага таварыства Іна Сцяпура:

— Антаніна Вячаславаўна ў нас — эстэт, заўсёды з густам апранута, хораша спявае, ходзіць басанож па расе і па снезе, наведвае лазню, кожны дзень у яе з сабой крокамер для падліку крокаў. Антаніна Вячаславаўна ставіць канкрэтныя задачы і мэтанакіравана ідзе да іх выканання. Да яе заўсёды можна звярнуцца па параду.

За сваю добрасумленную працу А.В. Высоцкая мае шмат узнагарод. Яна — дэлегат сёлетняга раённага злёту перадавікоў.  А яшчэ мая гераіня  нядаўна адзначыла свой чарговы юбілей. Жыццё ідзе, жыццё бяжыць, у кожнага — сваёй дарогай.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика