Міхаіл Цыуля з адкрытага акцыянернага таварыства “Грыцкевічы” — пераможца абласнога спаборніцтва сярод галоўных  інжынераў

Источник материала:  
28.09.2018 —
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

У 2018 годзе пераможцам штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых  культур сярод галоўных  інжынераў прызнаны з прысуджэннем першага прызавога  месца галоўны інжынер  адкрытага акцыянернага таварыства “Грыцкевічы”  Міхаіл Цыуля.

Вось якую ацэнку працы  свайго галоўнага  інжынера даў у гутарцы з карэспандэнтам “НН” дырэктар акцыянернага таварыства Яўген Здановіч:

— Адказны, добрасумленны спецыяліст, з веданнем справы адносіцца да сваіх абавязкаў. Заўсёды аператыўна вырашае  праблемы, што ўзнікаюць, нацэльвае падначаленых на паспяховае  выкананне пастаўленых задач. Тэхніку пад яго кіраўніцтвам  рыхтуюць вельмі добра, своечасова, паломкі рамонтнікі і механізатары ліквідуюць хутка, таму  ўсе агратэхнічныя аперацыі  выконваюцца ў тэрмін. У многім дзякуючы  гэтаму і ўраджайнасць культур высокая. Вось і сёлетняе жніво  правялі на адным, як кажуць, дыханні. Пры нагрузцы 240 гектараў на адзін камбайн збожжавыя ўбралі за 19 дзён. Ні аднаго дня не было прастояў. Кожны камбайнер  даваў сваю  неабходную штодзённую выпрацоўку.

Міхаіл Цыуля з адкрытага акцыянернага таварыства “Грыцкевічы” — пераможца абласнога спаборніцтва сярод галоўных  інжынераў

Земляробы ўкладваюць шмат сіл, ведаў і сродкаў, каб вырасціць належны ўраджай. І сёлетнія 64,6 цэнтнера з гектара  збожжавых у “Грыцкевічах” хоць і ніжэй леташняга, але ўсё ж — нядрэнны вынік, трэці на Нясвіжчыне. Зерня кукурузы збіраюць  наогул болей, чым якая іншая  гаспадарка раёна  — па 156  цэнтнераў з гектара. Цукровых буракоў — па 621 цэнтнеры (другое  месца па раёне).

Радуюць багаццем палеткі і галоўнага інжынера гаспадаркі  Міхаіла Цыулю. Тым больш яму  прыемна, бо сам — тутэйшы, нарадзіўся ў Грыцкевічах 60 гадоў таму. І тым крыўдней, што засуха сёлета не дала магчымасці атрымаць ураджай збожжавых па максімуму.

Лёс не песціў нашага героя. Рознага хлеба давялося  паспрабаваць у жыцці. У маладосці  і сантэхнікам у мясцовай школе  папрацаваў, і слесарам у родным  калгасе (тады ён называўся “Беларусь”), і ў арміі адслужыў. Пасля заканчэння Беларускага  інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер гэта БДАТУ),  у 1984 годзе, на працу па размеркаванні паехаў у Хойніцкі раён Гомельскай вобласці, які ў памятным 86-м накрыла чорнае крыло Чарнобыля. Вёскі, якія       аб’ядноўваліся ў іх калгас “Ленінскі шлях”, не падыходзілі да адсялення, і работы ў гаспадарцы вяліся па завя-дзёнцы, як заўсёды:  сяляне аралі, сеялі, жалі, касілі, гадавалі жывёлу. На сваю малую ра-дзіму ён  вярнуўся з сям’ёй толькі ў 1991-м — бацькі баяліся за здароўе сваіх малых дзяцей.

Зноў жа: і калгасным трактарыстам быў, і інжынерам па механізацыі працаёмкіх працэсаў, і загадчыкам машыннага двара. Апошнія адзінаццаць гадоў  узначальвае інжынерную службу  адкрытага акцыянернага таварыства. У яго падначаленні працуе шмат выдатных людзей, сапраўдных прафесіяналаў. Гэта вопытныя камбайнеры Георгій Закудоўскі, Сяргей Гаспадарык, Юрый Наполеў і прадстаўнік маладога пакалення Аляксандр Ілюшын, вадзіцелі Міхаіл Заяц, Мікалай Казакевіч і Мікалай Ярош, механізатары Сяргей Леўшык і Міхаіл Клімовіч, якому  па выніках работы за 2017 год Нясвіжскім райвыканкамам  прысвоена званне “Лепшы па прафесіі”. Несумненна, іх работа залежыць у пэўнай ступені ад арганізатарскіх здольнасцей, ведаў і разваротлівасці спецыялістаў, у першую чаргу — галоўнага інжынера Міхаіла Цыулі.

 Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←Сельхозпредприятие «Племзавод «Кореличи» закончило уборку кукурузы на зерно с высокими результатами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика