Ёсць першы «тысячнік»! Ім стаў камбайнер Юрый Ардынскі з ААТ «Даватарскі»
Бясспрэчным лідарам на сёлетнім жніве амаль з першых яго дзён у Шаркаўшчынскім раёне з’яўляецца камбайнер ААТ “Даватарскі” Юрый Геронцьевіч Ардынскі. Кожны дзень на сваім новым камбайне “New Holland” механізатар намалочвае 130-140 тон зерня.
2 жніўня Юрый Ардынскі першым у раёне адправіў у дзяржаўныя засекі 1.000 тон зерня. Павіншаваць перадавіка ў поле прыехалі намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Ірына Генадзьеўна Міхалёнак, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Мікалаеўна Альшэўская, дырэктар сельгаспрадпрыемства “Даватарскі” Мікалай Антонавіч Атопкін і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Алег Мечыслававіч Перхуровіч. Яны ўручылі камбайнеру каштоўныя падарункі і грашовую прэмію, пажадалі далейшай плённай працы на сёлетнім жніве, а таксама з упэўненасцю крочыць да двухтысячнага рубяжа. Тым больш, што падставы для гэтага ёсць: вялікія плошчы яравых культур, якія даспяваюць і, канечне ж, новая тэхніка. А ў вопытнага камбайнера яна працуе бездакорна.
Сяргей РАЙЧОНАК.