Уся прадукцыя ідзе на рэалізацыю
У самым разгары сезон нарыхтовак. Раённае спажывецкае таварыства актыўна вядзе работу ў гэтым напрамку праз уласную гандлёвую сетку і нарыхтоўчыя пукты. Аб тым, як яна наладжана, расказвае Алена Падаляка, намеснік начальніка аддзела нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Чэрвеньскага спажывецкага таварыства:
— Зараз мы нарыхтоўваем ягады: садовыя і дзікарослыя. Садовыя – клубніцы, маліны, чарэшні, чырвоныя і чорныя парэчкі, вішні, яблыкі. Клубніцы нарыхтоўвалі ў Лунінецкім раёне, вядомым у рэспубліцы па вялікіх аб’ёмах вырошчвання гэтай ягады. Узаемадзейнічаем таксама з пазаштатнымі нарыхтоўшчыкамі ў іншых раёнах. Спажывецкая кааперацыя не манапаліст на рынку. Прымаюць ягадную і агародніную прадукцыю індывідуальныя прадпрымальнікі, прадстаўнікі розных форм уласнасці. У гэтых умовах закупачныя цэны фарміруюцца пад уплывам попыту і прапанавання, якасці і асартыменту прадукцыі. Усе ягады і гародніна, якія набываем у летні час, ідуць на рэалізацыю праз магазіны райпо, гандлёвыя кропкі на сталічных рынках. А таксама на замарожванне прадукцыі ўстановамі сеткі грамадскага харчавання.
Сярод дзікарослых ягад першае месца займаюць чарніцы. Дынаміка нарыхтоўкі радуе. Ужо ёсць 15 тон. Заданне – 45 тон. Упэўнена, што выканаем. Чарніцы ў лесе ёсць. Жыхары ацанілі, што практычней здаць сабраныя ягады ў нарыхтоўчы пункт і адразу атрымаць грошы, чым прасядзець на дарозе з надзеяй на продаж. На чарзе буякі. З грыбоў першымі прынеслі лісічкі. Прымаем таксама бульбу, моркву, буракі, агуркі, памідоры. Так што спажыўцы змогуць атрымаць любую прадукцыю ў розным аб’ёме ў гандлёвых кропках таварыства.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара