Лукашэнка: праект аграхолдынга «Купалаўскае» павінен стаць новым этапам у развіцці сельгасвытворчасці

Источник материала:  
25.06.2018 —

Лукашэнка: праект аграхолдынга «Купалаўскае» павінен стаць новым этапам у развіцці сельгасвытворчасці Праект аграхолдынга «Купалаўскае» павінен стаць новым этапам у развіцці сферы сельгасвытворчасці Беларусі. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў Шклоўскім раёне, наведваючы арганізацыі, якія ўваходзяць у структуру холдынга, перадае карэспандэнт БЕЛТА. «Мэта адна — эфектыўная вытворчасць. У адваротным выпадку вы не выжывеце. Справа нават не ў тым, каб выжыць: мы сёння ўперліся ўжо ў нейкую нявызначанасць у сельскай гаспадарцы. Стаіць пытанне: як жыць далей, як рухацца далей, каб забяспечыць эфектыўную вытворчасць і выстаяць у канкурэнцыі», — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў свой час аналагічным этапам для сельгасвытворчасцей Беларусі было стварэнне прадпрыемстваў накшталт ААТ «Александрыйскае». З’явілася такая гаспадарка, што далей? Гэта сур’ёзнае пытанне, і тут, у «Купалаўскім», праваліць гэты праект мы не можам. Таму ўважліва падбірайце кіраўнікоў», — падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт наведаў комплекс па адкорме БРЖ ЗАТ «Вялікія Славені». Кіраўнік дзяржавы дэталёва цікавіўся арганізацыяй работы як на гэтым сельгаспрадпрыемстве, так і ў холдынгу ў цэлым, паказчыкамі эфектыўнасці, тэхналагічнымі працэсамі, планамі па далейшым развіцці, пытаннямі закупак. Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што паўсюдна неабходна браць на ўзбраенне лепшыя перадавыя тэхналогіі, арыентуючыся ў першую чаргу на эфектыўнасць. «Нам патрэбна эфектыўнасць — гэта галоўнае. Трэба арыентавацца на самыя перадавыя тэхналогіі, — сказаў ён. — Без тэхналогіі нават нічога рабіць не трэба. Канкурэнцыя вельмі жорсткая». Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанні выканання працоўнай дысцыпліны, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы даяркай і механізатарам. У час абмеркавання работы аграсектара ў Магілёўскай вобласці міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц паведаміў, што рэсурсы ў арганізацый ёсць, але галоўная прычына невыканання намечаных планаў у тых ці іншых гаспадарках — гэта парушэнне тэхналогій вытворчасці сельгаспрадукцыі і нізкая выканальніцкая дысцыпліна. «Вострая старая праблема. Тут трэба вызначацца. Майце на ўвазе, я папярэджваў у канцы мінулага года, гэта нецярпіма. Тэхналагічная дысцыпліна… Гэта невыкананне таго, што трэба рабіць людзям», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў персанальную адказнасць кіраўнікоў, у тым ліку высокага ўзроўню, за належную арганізацыю работы: «Шалёных грошай не будзе. Вам давядзецца ў «Купалаўскім» адпрацоўваць усе свае будоўлі». Паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час трэба дакладна вызначыцца з размеркаваннем у холдынгу фінансавых патокаў. «Гэта аснова любога кіравання», — падкрэсліў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што непасрэдныя арганізацыі — вытворцы прадукцыі не павінны быць пакрыўджаны, а сродкі неабходна размяркоўваць справядліва. «Дакладна вызначыцеся, якая тут будзе структура. І да канца года трэба зрабіць. Павінны быць дзелавыя, практычныя, настроеныя на перспектыву прафесійныя адносіны», — заявіў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка ўказаў на шэраг недапрацовак пры развіцці комплексу ў ЗАТ «Вялікія Славені». У першую чаргу гэта датычыцца знешняга выгляду і абстаноўкі ўнутры памяшканняў для ўтрымання БРЖ. «Зрабілі вельмі дрэнна», — рэзка адрэагаваў кіраўнік дзяржавы на асобныя хібы. Ён параіў удзяліць увагу навядзенню глянцу, каб у патэнцыяльных інвестараў першапачаткова не складвалася адмоўнае меркаванне аб перспектывах магчымых капіталаўкладанняў. «Трэба наводзіць гэты глянец. Вы павінны працаваць, як працуе фермер, прыватнік. Гэта праект (холдынг «Купалаўскае». — Заўвага БЕЛТА) дзяржаўнай важнасці, мы яго павінны рэалізаваць. Мы ўцягваемся ў сур’ёзны праект. Работы ідуць вельмі марудна, бессістэмна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Больш дэталёва аб планах па развіцці холдынга размова ішла на нарадзе ў мясцовым сельвыканкаме з удзелам актыву раёна, кіраўніцтва вобласці і аграрнага сектара. «Гэта новая перапрацоўка. Яна будзе сканцэнтравана, хутчэй за ўсё, у Копысі. Мы забяром гэты цэх, які я калісьці будаваў, па вытворчасці сыроў, таму што малака будзе дастаткова. Мы дабудуем малакаперапрацоўку — не толькі сыры, але і што-небудзь яшчэ, што на рынку будзе дорага каштаваць, і на гэта будзе попыт. Пабудуем невялікі мясакамбінат пад усё мяса, якое тут будзе, — гэта ялавічына, абавязкова свініна, — адновім комплекс, рэпрадуктар пабудуем (гэта вельмі хутка трэба рабіць). І, можа, нешта яшчэ. Але пакуль мяса, малакаперапрацоўка і свой гандаль. У Мінску магазін, у Магілёве, у Оршы, Шклове… Калі мы замкнём поўнасцю цыкл ад вытворчасці да продажаў, тады вы будзеце багатымі», — расказаў кіраўнік дзяржавы аб перспектывах. «Я гавару гэта спакойна, таму што ўсіх працаваць мы прымусім, і пытанне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны знімецца само па сабе. Але не толькі прымушаць працаваць, — калі чалавек будзе бачыць, што ён зарабляе, што дзетак можа спакойна ў дзіцячы сад адвесці (яны там будуць накормлены за капейкі), ён шчасце не пойдзе шукаць за марамі», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт расказаў, што ў свой час мадэрнізацыю і развіццё вёскі шмат у чым апрабавалі на вопыце ААТ «Александрыйскае», таму што ён добра ведаў асаблівасці гэтай гаспадаркі і зямлі. «Цяпер там цудоўны комплекс. Адтуль усё пачыналася, і там мы гэта выпрабоўвалі. Сёння я думаю, што вось гэтыя залатыя землі (сельгаспрадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг «Купалаўскае». — Заўвага БЕЛТА), калі мы створым не проста гаспадарку, а холдынг, прыкладна як у «Александрыйскім» (шэсць гаспадарак дробных аб’ядналі), — гэта будзе новы этап», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Але асаблівасць «Александрыйскага» і «Купалаўскага» ў тым, што сюды трэба прыцягнуць прыватны капітал. За кошт бюджэту мы гэта рабіць не будзем. Інвестара пакуль няма. Але мы павінны ўсё роўна рухацца, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Хочаце, давайце ўвязвацца ў гэту бойку, давайце рухацца наперад. Няма праблем сёння накарміць народ, мы яго накармілі. Сёння пытанне, як прадаць». Што датычыцца экспарту сельгаспрадукцыі, Прэзідэнт, у прыватнасці, упамянуў магчымасці, што адкрыліся, па экспарце ў Кітай ялавічыны, мяса птушкі і малака, паступова беларускія прадпрыемствы выходзяць і на рынкі краін Афрыкі, іншых рэгіёнаў свету. Прэзідэнту ў час рабочай паездкі далажылі аб ходзе нарыхтоўкі кармоў у краіне і рэгіёне, уплыве ўмоў надвор’я і мерах па захаванні ўраджаю, пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. У лістападзе 2016 года ў час адной з рабочых паездак у рэгіён Прэзідэнт даў даручэнне па стварэнні аграхолдынга — эфектыўнага інтэграванага аб’яднання з поўным цыклам вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі пры дапамозе сучасных тэхналогій на базе сельгасарганізацый Шклоўскага раёна. Холдынг «Купалаўскае» зарэгістраваны 4 ліпеня 2017 года. У яго склад уваходзяць ТАА «Купалаўскае» — кіруючая кампанія холдынга», ЗАТ «Вялікія Славені», ААТ «Амкадор-Шклоў» і ААТ «Новагарадзішчанскае».
Чытаць поўнасцю: http://blr.belta.by/president/view/lukashenka-praekt-agraholdynga-kupalauskae-pavinen-stats-novym-etapam-u-razvitstsi-selgasvytvorchastsi-69823-2018/

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика