У працы дапамагае ўзаемападтрымка (рэпартаж з корманарыхтоўчых работ у КУВСП імя Маркава)
Праца аграрыяў ніколі не бывае лёгкай. Складанасці ў рабоце існуюць і пры адсутнасці фінансавых сродкаў для набыцця гаручазмазачных матэрыялаў, запчастак, мінеральных удабрэнняў, і па прычыне няўстойлівых умоў надвор’я. Удвая складаней працаваць вяскоўцам на зямлі, калі гэтыя фактары адначасова ўплываюць на ход адпаведных работ: сяўбу, корманарыхтоўку, уборачную кампанію. На мінулым тыдні мы наведалі КУВСП імя Маркава, дзе ўласна азнаёміліся з працэсам нарыхтоўкі кармоў.
Каля канторы сельгаспрадпрыемства, перасеўшы з рэдакцыйных жыгулёў на УАЗ кіраўніка гаспадаркі, мы разам з Юрыем Захаравічам Лазарцам рушылі па палях. На мяжы нашага і Глыбоцкага раёнаў скошваннем траў на пераабсталяваным пад касілку зернеўборачным камбайне “Ліда-1300” займаўся Дзмітрый Осіпаў.
— За дзень ён скошвае прыкладна 25 гектараў сенажаці, — кажа кіраўнік гаспадаркі. — Але так як тэхніка ўжо далёка не новая, часта здараюцца паломкі. Вось і цяпер у “Лідзе” зламалася крыжавіна і механізатар для правядзення рамонту вымушаны ехаць у механічныя майстэрні.
Затым мы пераехалі на поле за вёску Савуткі. На магутным МТЗ-3522 у счэпе з касілкай КПР-9 травы касіў Анатолій Грыгаровіч.
— Па аб’ектыўных прычынах, — прадаўжае кіраўнік сельгаспрадпрыемства, — мы часта звяртаемся па дапамогу ў іншыя гаспадаркі раёна. Вось і дырэктар “Агратэхсэрвіса” Міхаіл Барысавіч Кавалёнак пайшоў нашай просьбе насустрач і выдзеліў на некалькі дзён трактар з механізатарам. Мы яго ўкамплектавалі дзевяціметровай касілкай, і цяпер тэхніка па чарзе працуе ў двух гаспадарках. Дарэчы, Анатолій ужо не першы раз дапамагае нам. Вясной механізатар быў тут задзейнічаны на сяўбе рапсу. Ніколі не застаюцца незаўважанымі нашы просьбы і ў дырэктара ААТ “Жвіранка” Пятра Спірыдонавіча Ананькі. Сёлета яго тэхніка працавала ў нас на нарыхтоўцы сенажу ў стрэйч-плёнку. У сваю чаргу, мы таксама стараемся дапамагчы. Наш кормаўборачны агрэгат КВК-800 працаваў на палях ААТ “Княж”. Наогул, усе мы, кіраўнікі гаспадарак, заўсёды знаходзім паміж сабой агульную мову, падтрымліваем адзін аднаго. Іначай у цяперашні складаны час пратрымацца на плаве паасобку цяжка.
Пераехаўшы на поле каля вёскі Малонка, сустрэлі там механізатара Станіслава Странчэўскага. Мужчына дакошваў апошнія гектары на МТЗ-82 у счэпе з касілкай КДЛ-2,7. Юрый Захаравіч пацікавіўся ў механізатара, ці існуюць праблемы тэхнічнага плана ў рабоце і, не губляючы дарэмна часу, накіраваў Станіслава на іншы ўчастак для далейшай касьбы.
— Асноўнай прычынай малога тэмпу работ на касавіцы з’яўляецца недастатковая колькасць паліва, — з крыўдай у голасе сказаў, вяртаючыся ў кантору для падпісання дакументаў, дырэктар гаспадаркі. — На дзень нам яго патрэбна не менш дзвюх тон, а бакі трактароў і корманарыхтоўчых агрэгатаў амаль пустыя, вымушаны запраўляцца “з калёс”. Спадзяюся, што пасля абеду прыедзе доўгачаканы бензавоз і ўся тэхніка запрацуе на поўную моц, бо абавязкова трэба ўкласціся ў тэрміны.
Па стане на 11 чэрвеня ў гаспадарцы травы першага ўкосу былі скошаны на плошчы 577 гектараў, нарыхтавана 1447 тон сенажу і 154 тоны сена.
Сяргей РАЙЧОНАК.