Шаркаўшчынскае ПМС ужо другі год працуе на будаўніцтве новай меліярацыйнай сістэмы ў ААТ “Жвіранка”
У першую нядзелю чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца свята ў людзей, чыя прафесійная дзейнасць звязана з асушэннем забалочаных мясцовасцей і воднай гаспадаркай. Крыху больш за 50 год назад у Беларусі балоты і забалочаныя мясціны складалі прыкладна 40% ад агульнай тэрыторыі краіны. Маштабная меліярацыя пачалася ў 1965 годзе, калі на пасаду першага сакратара ЦК КПБ быў назначаны Пётр Міронавіч Машэраў. Тады ж была прынята адпаведная дзяржаўная праграма развіцця сельскай гаспадаркі. З таго часу ў Беларусі асушана больш за тры мільёны гектараў зямель, якія ўведзены ў севазварот. Трэцяя частка ўсёй сельскагаспадарчай прадукцыі ў нашай краіне вырошчваецца менавіта на такіх угоддзях. У Шаркаўшчынскім раёне меліяравана амаль 45 тысяч гектараў зямель, якія даюць палову сельгаспрадукцыі ад агульнай часткі.
Нягледзячы на шматлікія эканамічныя складанасці, якія ў цяперашні час закранулі меліярацыйную галіну краіны, прадпрыемствы гэтай сістэмы шукаюць шляхі выхаду з крызіснай сітуацыі, стараюцца не страчваць былых пазіцый, а іншы раз нават нарошчваць аб’ёмы работ. Шаркаўшчынскае ПМС ужо другі год працуе на будаўніцтве новай меліярацыйнай сістэмы ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Жвіранка”.
— У мінулым годзе мы працавалі ў гэтай гаспадарцы на ўчастку № 1, — тлумачыць прараб прадпрыемства Іван Лазовік. — Увялі ў севазварот 57 гектараў раней забалочаных палёў. Сёлета з пачаткам вясны займаемся меліярацыяй за вёскай Кубелеўшчына на ўчастку № 2. Яго плошча складае 160 гектараў.
Больш дзесяці адзінак тэхнікі і каля дваццаці чалавек у дзень нашага наведвання планамерна выконвалі адпаведныя віды работ. Брыгада многакаўшовага экскаватара ЭТЦ займалася ўкладкай дрэнажу. Тры аднакаўшовыя экскаватары капалі асушальныя каналы. Магутныя бульдозеры разраўноўвалі кавальеры, засыпалі паніжэнні, праводзілі планіроўку мясцовасці. Адзін МТЗ-1221 у счэпе з чатырохкорпусным плугам узорваў асушаныя часткі палёў для патрэб сельгаспрадпрыемства. Чатыры адзінкі грузавых аўтамабіляў МАЗ перавозілі гравій для будаўніцтва новай дарогі, якая звяжа вёску Кубелеўшчына з трасай Шаркаўшчына—Міёры. Дарэчы, новая гравійная дарога для ААТ “Жвіранка” цяпер будзе мець вялікае значэнне. Яна напрамую звяжа цэнтр гаспадаркі з аддзяленнем “Каўшэлева”.
— Здача гэтага аб’екта запланавана на сярэдзіну ліпеня, — паведаміў нам дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Анатолій Дзіковіч. — Час, канечне, нас прыспешвае, таму мы і задзейнічалі тэхніку і людскі рэсурс па максімуме. Наперадзе нас чакаюць новыя аб’екты па раёне. Галоўнае, каб было фінансаванне.
Мы павіншавалі меліяратараў з надыходзячым прафесійным святам, пажадалі паспяховага выканання намечаных планаў, дастойных заробкаў і плённай працы ў далейшым.
Сяргей РАЙЧОНАК.