Беларуская біятэхналагічная карпарацыя запускае маштабны інвестпраект у АПК
Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК) пачынае маштабны інвестыцыйны праект «Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады», паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада. 24 мая ў Доме ўрада ў прысутнасці намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага адбылося афіцыйнае падпісанне пакета дакументаў, якія даюць афіцыйны старт рэалізацыі ў Беларусі маштабнага праекта ў АПК. У прыватнасці, падпісаны дагавор аб парадку выкарыстання і пагашэння льготнага ўрадавага крэдыту па праекце «Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады» (першы этап) паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрствам фінансаў, ААТ «Белаграпрамбанк», ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя». Адбылося таксама падпісанне дагавора аб залогу паміж Дзяржаўным камітэтам па маёмасці і БНБК. Гэтым падведзены вынік амаль двухгадовай работы з моманту, калі кіраўнік дзяржавы падпісаў указ нумар 300 аб рэалізацыі ў Беларусі высокапрыярытэтнага, экспартна арыентаванага і імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекта «Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады». Як адзначыў Міхаіл Русы, праведзена вялікая работа, прыняты неабходныя дакументы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, урада, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Мінскага аблвыканкама і іншых зацікаўленых. «Праект з’яўляецца значным для сельскай гаспадаркі — найважнейшай галіны эканомікі нашай краіны», — падкрэсліў ён. Паводле слоў віцэ-прэм’ера, праект запушчаны, але гэта толькі пачатак. «Кіраўніцтву БНБК неабходна засяродзіць увагу на тым, дзе будуць купляць сыравіну, куды будзе ісці рэалізацыя гатовай прадукцыі, як максімальна эфектыўна арганізаваць увесь працэс вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Праект павінен забяспечыць эфектыўнасць і акупнасць укладзеных інвестыцый», — звярнуў увагу Міхаіл Русы. Праект уключае ў сябе будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю завода па вытворчасці лізіну, заводаў па вытворчасці трэаніну і трыптафану, заводаў па вытворчасці камбікармоў, комплексу збожжасховішчаў, аўтакамбіната, адміністрацыйна-бытавога комплексу, навукова-даследчай лабараторыі, электрычнай падстанцыі, паратурбіннай устаноўкі, а таксама аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры.
Чытаць поўнасцю: http://blr.belta.by/economics/view/belaruskaja-bijatehnalagichnaja-karparatsyja-zapuskae-mashtabny-investpraekt-u-apk-69141-2018/