Каб нарасціць аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі пры найменшых затратах, неабходна павысіць эфектыўнасць выкарыстання прыродных, матэрыяльных, фінансавых і працоўных рэсурсаў. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў на рэспубліканскім семінары-нарадзе “Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны”, які прайшоў у Мінску на мінулым тыдні.
У гэтыя дні, калі на палях разгортваюцца вясновыя палявыя работы, тэзісы нарады па АПК неадкладна ператвараюцца ў жыццё. На ўліку — кожная гадзіна вясновага дня, бо ён, як вядома, год корміць. Спознішся хоць крыху — недабярэш ураджаю. Лыжка, як кажуць, патрэбна да абеду.
У яркі, сонечны дзень нядзелі велікодныя званы пераклікаліся з рытмічным рабочым гулам тэхнікі на палях. Запозненая вясна прымушае хлебаробаў працаваць аператыўна, ушчыльняць рабочыя дні і гадзіны. Сучасны рытм жыцця ў аграпрамысловым комплексе патрабуе высокапрадукцыйна выкарыстоўваць тэхніку.
Так, 8 красавіка ў раёне азотнымі ўгнаеннямі было падкормлена 570 гектараў азімых збожжавых культур. У т.л. 156 га — у ЗАТ “1 Мая”, 130 га — у ААТ “Гарадзея”, 124 га — у СВК “Агракамбінат Сноў”, па 80 га — у ААТ “Грыцкевічы” і “Нясвіжскі райаграсэрвіс”.
У панядзелак мой тэлефонны званок застаў механітара ЗАТ “1 Мая” Аляксандра Мамчыца ўжо, канешне, у полі. Іменна ён на агрэгаце “Раса” падкормлівае азімыя. Аляксандр Ільіч расказаў, што ў сем гадзін раніцы ён запраўляе сваю тэхніку гаручым, а ў 7.30 — ужо ў полі. Угнаенне КАС яму падвозіць механізатар Аляксандр Табароўскі. А саму запраўку агрэгата ажыццяўляў палявод Анатоль Рэут. У нядзелю яны ўносілі мінералку па азімай пшаніцы каля вёскі Лазавічы.
— Было свята, Вялікдзень. Але ж калі трэба папрацаваць — значыць, трэба, — упэўнены механізатар. — “Раса” мая не падводзіць, таму што своечасова раблю тэхнічнае абслугоўванне, хутка ліквідую дробныя непаладкі, калі здараюцца. Працую на гэтым агрэгаце ўжо дзесяць гадоў, з першага дня, як набылі яго ў гаспадарку. Работы хапае. Вось і зараз трэба падкарміць усе 1100 гектараў азімых збожжавых. А каб мы працавалі спарней, удзельнікаў палявых работ кормяць у полі — абедамі і падвячоркамі.
Шчыравалі ў нядзелю на азі-міне таксама механізатары Алег Банецкі з ААТ “Гарадзея”, удабрэнне якому падвозілі Віктар Абрагімовіч і Мікалай Собалеў; Юрый Апановіч з СВК “Агракамбінат Сноў”, дзе падвозкай КАСа займаліся Мікалай Курленя і Ігар Пятліцкі; Анатоль Богдан з ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс” (мінералку на МТЗ-1221 тут падвозілі Яўген Цар і Уладзімір Світэнка). Уносяць КАС у гэтых гаспадарках таксама агрэгаты “Раса”.
Трэба адзначыць, што ўжо 5 красавіка былі падкормлены азотам апошнія гектары азімых збожжавых у ААТ “Новае жыццё”. Тут прыцягнулі да справы арэндаваную тэхніку. А 7 красавіка “закрыў” апошнія гектары механізатар ДП “Эксперыментальная база “Свеклавічная” Віталь Навоша.
Па стане на раніцу 10 красавіка ў гаспадарках, згодна з аператыўнай інфармацыяй райсельгасхарчу, было падкормлена 10407 га азімых збожжавых, што складае 71,1 % ад неабходнага. А падкарміць іх сёлета патрэбна 14632 гектары.
Пашырыўся фронт іншых работ. 9 красавіка механізатары раёна прыступілі да закрыцця вільгаці ў глебе. За дзень было зроблена 1082 га. Найбольш — у “Агракамбінаце Сноў” (294 га), у “ЭБ “Свеклавічная” (155 га), “Нясвіжскіх Астроўках” (150 га). У некаторых гаспадарках вядуць ворыва глебы. Азотныя ўдабрэнні атрымліваюць пасевы азімага рапсу і шматгадовыя травы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.