Мабільная уборка

Источник материала:  
03.08.2013 —

На Добрушчыне ўшанавалі першых камбайнераў-тысячнікаў

Як і ў цэлым па вобласці, у сваю завяршальную фазу ўступіла жніво ў Добрушскім раёне. Паводле звестак райсельгасхарчу, на першы дзень жніўня тут было ўбрана 68 працэнтаў палеткаў, занятых пад зерневымі і зернебабовымі. Няўстойлівае надвор’е прыспешвае хлебаробаў: большасць з іх аддана рупяцца, каб не страціць на палях тое, што вырашчана немалымі намаганнямі.

— Найбольш гэта ўдаецца калектывам агракамбіната «Новы шлях», дзе збожжа ўжо абмалочана на 75 працэнтах плошчаў, а на круг яго сабрана больш як 37 цэнтнераў з гектара, СВК «Баршчоўскі», «Крупец» і ААТ «Калінінскі», — задаволена адзначае першы намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама Аляксандр Антановіч. — Уборачны канвеер у гэтых гаспадарках працуе зладжана, што не можа не радаваць...

Апошняя з названых кіраўніком раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання гаспадарак адкрыла лік хлебаробаў-тысячнікаў у раёне. Гонар прадстаўляць гэту кагорту выпаў лідарам раённага жніва — экіпажу камбайна КЗС-1218 Пятру Самойленку, Сяргею Мелюхову і вадзіцелю адкрытага акцыянернага таварыства Аляксандру Ярмоленку. У нядоўгія хвіліны адпачынку да перадавікоў завіталі з прыемнай місіяй — адзначыць іх працоўны поспех — старшыні абласных камітэтаў прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Яцэвіч, сферы прадпрымальніцтва «Садружнасць» — Наталля Аліферка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Раздуева, кіраўнікі ААТ «Калінінскі», родныя перадавікоў уборкі збожжа.

— Здаецца, зусім нядаўна мы праводзілі ў вашай гаспадарцы свята зажынак, — адзначыла, звяртаючыся да хлебаробаў, Алена Раздуева. — Чамусьці верылася, што неўзабаве зноў завітаем да вас, каб павіншаваць з працоўнымі перамогамі і падзякаваць за вашу плённую працу. Ведайце, што сваімі працоўнымі дасягненнямі вы праслаўляеце не толькі родную гаспадарку, але і нашу Добрушчыну...

Падзячныя пісьмы, кветкі і мілагучныя песні былі ў гэты дзень адрасаваны ім, лепшым працаўнікам жніва ў «Калінінскім». А для таго, каб быць ім яшчэ болей мабільнымі і ў бліжэйшы час пераадолець двухтысячны рубеж намалоту і ў адвозцы зерня да зернетока, тысячнікам ад прафсаюза «Садружнасць» уручаны каштоўныя падарункі — мабільныя тэлефоны.

Дарэчы, прыклад лепшых варты пераймання. Як паведамілі ў раённым упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, зноў жа ў «Калінінскім» да тысячнага намалоту ў гэтыя дні наблізіліся яшчэ два камбайнавыя экіпажы. Назавём прозвішчы гэтых маладзёжных працоўных дуэтаў: камбайнер Сяргей Мельнікаў і яго памочнік Мікіта Галкін сустрэлі першы жнівеньскі дзень таксама з тысячным намалотам, наблізіліся да гэтай планкі камбайнер Валерый Плотнікаў і яго памочнік Дзяніс Давыдулін.

←Вновь лидирует молодежь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика