Пакланіся роднай зямлі
Акцыя “Мы славім чалавека мірнай працы”, якая ладзіцца на Гомельшчыне, — пра тых і для тых, хто дорыць нам… хлеб
Шмат пранікнёных і хвалюючых слоў было сказана ў той дзень пра лепшых сельскіх працаўнікоў Веткаўскага раёна. У Доме культуры вёскі Стоўбцы праходзіла акцыя “Мы славім чалавека мірнай працы”. Ініцыятар і арганізатар яе — Гомельскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру.
Гутару са старшынёй аддзялення Цімафеем Глушаковым.
— Правільна кажуць, што калі будзе жыць вёска, то будзе жыць і багацець родная Беларусь. А вёска — гэта перш за ўсё наша зямля-карміцелька і людзі, назаўсёды адданыя ёй, руплівыя і добрасумленныя працаўнікі…
— Сапраўды, так. Лёс паляводаў, жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў, кіраўнікоў гаспадарак моцна знітаваны з роднай зямлёй. Ім усенародная шчырая ўдзячнасць, якая вельмі яскрава праяўляецца кожны год на рэспубліканскіх “Дажынках”. Фонд міру таксама вырашыў сказаць добрае слова пра добрых людзей. Наша аддзяленне правяло акцыю “Мы славім чалавека мірнай працы”.
— Але ж Фонд міру — грамадская арганізацыя. Ці па плячы ёй такое маштабнае мерапрыемства?
— Сваёй задумай мы загадзя падзяліліся з кіраўнікамі райвыканкамаў, папрасілі падтрымкі. Паразуменне знайшлі адразу, так што акцыя яшчэ і добры прыклад плённага супрацоўніцтва грамадскай арганізацыі з органамі дзяржаўнай улады на месцах.
Пачалося мерапрыемства ў сельска-вытворчым кааператывае “Губічы” Буда-Кашалёўскага раёна. Ушаноўвалі 15 перадавікоў з шасці гаспадарак. Сярод іх жывёлавод Мікалай Лук’янцаў, адмысловы прафесіянал. На птушкафабрыцы “Рассвет” памятныя падарункі і ўдзячныя пісьмы Фонду міру атрымалі 13 працаўнікоў. Горача віншавалі Валянціну Пыталеву, якая добрасумленна працуе на гэтым прадпрыемстве ўжо 28 гадоў.
Надзвычай урачыста і змястоўна праходзіла акцыя ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве (КСУП) Веткаўскага раёна.
Згадзіцеся, няма ў нашай краіне больш ганаровай працы, чым праца на зямлі. А паняцці “праца” і “мір” не могуць існаваць асобна. Пра гэта гаварылі няўрымслівы міратворац Цімафей Глушакоў, старшыня Веткаўскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Чэванькоў, першы намеснік старшыні райвыканкама Віктар Дарашэвіч. Ад імя епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана сельскіх працаўнікоў і арганізатараў акцыі благаславіў пратаіерэй Уладзімір, святар сабора Пятра і Паўла. Падтрымалі акцыю райкам прафсаюза і раённая арганізацыя “Белая Русь”.
Узнагароды атрымалі аператары машыннага даення Алена Ганчарова і Антаніна Кісялёва, даярка Валянціна Наркевіч, аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Наталля Прыгожанкава, жывёлаводы Надзея Жукава, Наталля Калуга.
Звыш 7 тысяч эталонных гектараў склала летась выпрацоўка на трактар Аляксандра Зычкова. Раўняюцца ў Веткаўскім раёне і на механізатараў Міхаіла Азаранку, Уладзіміра Пасканнага.
А камбайнер Пётр Раманькоў адпрацаваў леташняе жніво, як кажуць, на адным дыханні, не лічыўся з асабістым часам, намалаціў на КЗС збожжа і зерня кукурузы звыш 3,5 тысячы тон. Вадзіцеля Аляксандра Буракова паважаюць і за высокі прафесіяналізм, і за выключную добрасумленнасць, дабрыню ў адносінах да людзей.
У прыветнай беларускай вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна, дзе нарадзіўся наш знакаміты пісьменнік Іван Мележ, у час акцыі ўшанавалі аж чатыры сямейныя працоўныя дынастыі. Яны працуюць у КСУП, якое носіць імя пісьменніка. Знаёмцеся. Сям’я Харкевічаў: сыны Юлій, Уладзімір, Сяргей, усе трактарысты, ды якія! Сям’я Кузменка: Васіль, Павел, Аляксандр, усе тры браты выбралі прафесію вадзіцеляў.
— Акцыя дорыць вяскоўцам добры настрой, — працягвае Цімафей Глушакоў. — Ушаноўванне праходзіць пры шырокай аўдыторыі. У зале прысутнічаюць дзеці, унукі, родзічы. І мне даводзілася часта пасля заканчэння акцыі чуць, як школьнікі з гонарам гаварылі: “Вось які ў мяне бацька — лепшы з усіх трактарыстаў!”. Альбо: “Мой дзядзька лепш за іншых на вёсцы ведае камбайн”. А гэта ўжо выхаваўчая роля акцыі для вясковай моладзі. Таму па восені плануем яе прадоўжыць.