Малочныя рэкi экстра-класа
Сучасны рабатызаваны жывёлагадоўчы комплекс у блiжэйшыя днi будзе запушчаны ў дзяржаўным сельгаспрадпрыемстве “Маiсееўка” Акцябрскага раёна
Адкрыццё суперсучаснага комплексу – з рабаты-заванымi сiстэмамi даення, гноевыдалення, перадавымi тэхналогiямi абагрэву i дэзынфекцыi памяшканняў – стане цудоўным навагоднiм падарункам для працаўнiкоў сельскагаспадарчага прадпрыемства. Своеасаблiвай “рэпетыцыяй” гэтай падзеi стала будаўнiцтва два гады таму за сродкi гаспадаркi жывёлагадоўчага памяшкання з аблегчаных металаканструкцый i трывалага тэнта для ўтрымання маладняку жывёлы. Вяскоўцы за гэты час змаглi ацанiць вартасцi рамачна-каркаснага арачнiка. Упэўнена кажуць, што такiя фермы маюць перавагу над звыклымi блочна-цаглянымi не толькi сцiслымi тэрмiнамi будаўнiцтва i сабекоштам, але i практычнасцю выкарыстання.
Мiж тым на новы праект “замахнулiся” ў “Маiсееўцы” не толькi па гэтых прычынах. Гаспадарка – прызнаны лiдар у раёне па прадуктыўнасцi грамадскага статка. Паводле iнфармацыi ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання райвыканкама, гадавы прагнозны паказчык у жывёлагадоўлi ў лiстападзе тут забяспечаны на 106,3 працэнта, а валавы надой на кожную карову (ня-гледзячы на нядаўняе далучэнне да “Маiсееўкi” нiзкарэнтабельнага сельгаспрадпрыемства “Агра-Светлы”) да канца года наблiзiцца да 4,3 тысячы кiлаграмаў малака. Традыцыйны ж лiдар у працоўным сапернiцтве жывёлаводаў — калектыў Сапейкаўскай МТФ, якi ўзначальвае Алена Бархатава. Па словах кiраўнiка дзяржпрадпрыемства “Маiсееўка” Сяргея Ткачука, работнiкi гэтай фермы сёлета наважваюцца пераўзысцi па надою ад каровы рубеж у пяць тысяч кiлаграмаў. На паверку атрымлiваецца, што ў неабходнасцi нарошчваць вытворчасць малака, якое прыносiць адчувальную прыбаўку фiнансавых сродкаў на рахунак гаспадаркi i, адпаведна, у кiшэнi вяскоўцаў, сёння нiкога ў сельгаспрадпрыемстве пераконваць не трэба.
— На нядаўнiм IV Усебеларускiм народным сходзе нямала гаварылася аб iнавацыйным развiццi вытворчай i сацыяльнай сфер на вёсцы. Менавiта iнавацыйны падмурак закладзены ў нашай гаспадарцы пры будаўнiцтве комплексу “Сапейкаў”, — зазначае Сяргей Ткачук. – Да слова, на стварэнне прагрэсiўнага аб’екта жывёлагадоўлi накiравана ўжо больш за 12 мiльярдаў рублёў крэдытных сродкаў. У двух хлявах-арачнiках будзе ўтрымлiвацца 500 кароў першай-другой лактацый. Фармiраванне дойнага статка завершана. Асноўнае тэхналагiчнае абсталяванне комплексу – вытворчасцi вядомай шведскай фiрмы «DELAVAL». Спецыялiсты маскоўскага прадстаўнiцтва кампанii правялi ўжо вучобу з кадрамi комплексу, зараз яны завяршаюць мантаж даiльных установак i абсталявання вытворчых лiнiй. Кормастанцыя забяспечыць рацыянальнае аўтаматызаванае кармленне жывёлы канцэнтраванымi кармамi, непасрэдна ж працэс даення стануць кантраляваць восем робатаў-даяроў. Побач з комплексам завяршаецца ўзвядзенне сучаснага гноесховiшча ёмiстасцю звыш 6 тысяч кубiчных метраў. Яшчэ адна вiдавочная перавага новага: яно дазволiць кампенсаваць дэфiцыт у гаспадарцы квалiфiкаваных кадраў жывёлагадоўчай галiны. Колькасць абслугоўваючага персаналу на комплексе будзе зведзена да мiнiмуму – загадчыка, трох аператараў з уменнямi кiравання аўтаматызаваным працэсам, ветэрынара, механiзатара, двух жывёлаводаў.
Для параўнання: на названай вышэй дзеючай МТФ “Сапейкаў”, дзе ўтрымлiваецца толькi 237 кароў, працуе 13 чалавек. Але, бадай, галоўнае ў гэтай справе, i ў гэтым перакананыя кiраўнiкi раёна i гаспадаркi, — новая тэхналогiя выводзiць працэс атрымання жывёлагадоўчай прадукцыi на еўрапейскi ўзровень. Яна практычна выключае непасрэдны кантакт чалавека з жывёлай, а гэта садзейнiчае не толькi падтрыманню ўзорнага санiтарнага стану на комплексе, але i забеспячэнню рэалiзацыi высакаякаснага малака экстра-класа. Па падлiках эканамiстаў, дзейнасць сучаснай фермы ў дзяржпрадпрыемстве “Маiсееўка” будзе прыносiць гаспадарцы штомесячна да 250 мiльёнаў прыбытку. А гэта дасць магчымасць не толькi выплачваць працаўнiкам дастойную заработную плату, своечасова разлiчвацца з iльготнымi банкаўскiмi пазыкамi, але i без пратэрмiновак аплачваць замежны мэтавы крэдыт, выдаткаваны на набыццё сучаснага абсталявання.