З непаўторнымі выступленнямі квартэта настаўнікаў Домжарыцкай дзіцячай школы мастацтваў “Шанс” вядомыя многія жыхары нашага раёна. Спевы ўдзельнікаў квартэта становяцца ўпрыгажэннем многіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашым раёне. Не так даўно ў творчым жыцці “Шанса” адбылася чарговая значная падзея. На XXIII адкрытым фестывалі аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў квартэт пад кіраўніцтвам Таццяны Багавец заняў першае месца ў намінацыі “Выканаўца”.
Поспех калектыву прынесла песня маскоўскага барда Аляксея Бардзіна “Паветраны змей”, якую аўтар прывёз на фестываль у мінулым годзе. Удзельнікам квартэта твор спадабаўся. Песня была апрацавана, і выдатная праца прынесла жаданы вынік. Дарэчы, у мінулым годзе “Шанс” таксама стаў пераможцам у гэтай жа намінацыі на гэтым жа фестывалі. Летам бягучага года “Шанс” стаў дыпламантам конкурсу аўтарскай песні “За туманам” у чэшскім горадзе Усце-над-Лабем.
Ад усёй душы віншуем апантаных творцаў з заслужанымі перамогамі і шчыра жадаем не згубіць сваю творчую самабытнасць і па-ранейшаму радаваць гледачоў яркімі сюрпрызамі.
Святлана ВАЗНЯК.