Высокія, статныя хлопцы ў блакітных берэтах заўсёды выклікаюць захапленне ў навакольных. Іх служба авеяна рамантыкай, мужнасцю, стойкасцю – рысамі, якія заўсёды былі ўласцівы сапраўдным мужчынам.
Адзін з тых, хто з першых дзён службы ў арміі пазнаёміўся са словамі “ніхто, акрамя нас”, быў Вадзім Брыкун з Докшыц (на здымку). У ваенкамаце ён сам папрасіўся ў 103-ю гвардзейскую асобную мабільную брыгаду. Пасля паспяховай здачы ўсяго комплекса нарматываў па фізпадрыхтоўцы Вадзім стаў доўгачаканым дэсантнікам. Першы месяц службы, прызнаецца салдат, быў самым складаным, бо трэба было прывыкнуць да штодзённых фізічных нагрузак. Але ён з гэтай задачай хутка справіўся, дарэчы, як і ўсе байцы, бо слабых туды не бяруць. Кожны дзень па дзве-тры гадзіны адводзілася на заняткі па ўкладцы парашута. Асабліва запамінальным для дэсантніка стаў першы скачок. Потым паўтараў яго яшчэ некалькі разоў.
– Адчуванне палёту словамі не апішаш, – усхвалявана гаворыць Вадзім. – Зразумела, што крыху і баяўся, ці раскрыецца парашут, як прызямлюся.
Служба, дэвізам якой былі сіла, хуткасць, адвага і націск, загартавала фізічны і маральны дух хлопца. Палюбілася жыць у палявых умовах, навучыўся біць бутэлькі і цэглу аб галаву, хаця былі, канешне, і траўмы.
Пасля арміі Вадзім вырашыў, што абавязкова будзе зноў служыць і насіць форму. Таму спачатку працаваў у папраўчай установе адкрытага тыпу, якая знаходзілася ў Бягомлі. Пасля яе закрыцця перавёўся ў Віцебск, затым у Глыбокае. Тры гады прысвяціў службе ў райаддзеле Дэпартамента аховы. Сёння старшы лейтэнант Вадзім Брыкун працуе ў аддзяленні ДАІ РАУС і знаходзіцца на варце парадку на дарогах.
На пытанне, як дэсантнік адзначае дзень 2 жніўня, адказвае:
– Гэта свята для мяне нават важнейшае за дзень нараджэння. Прайшло ўжо 13 гадоў пасля арміі, а мы і зараз кожны год у Віцебску сустракаемся з таварышамі па службе. Не купаемся ў фантане, як гэта прынята думаць пра дэсантнікаў, але абавязкова апранаем цяльняшкі і берэты. Дэсантнае братэрства – асаблівае. Спадзяюся, што і мой сын Глеб, калі вырасце, зведае сапраўдную службу ў “Войсках Дзядзі Васі”, як называюць “ВДВ”.
У 2007 годзе ў дэсантнікаў з’явіліся правапераемнікі. Указам Прэзідэнта краіны створаны новы род войскаў – сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва краіны лічыць іх адным з самых надзейных звёнаў у сістэме нацыянальнай бяспекі. Яны выступаюць асноўным элементам стратэгічнага стрымлівання і служаць школай воінскага майстэрства для тысяч маладых грамадзян краіны.
Гісторыя “блакітных берэтаў” пачыналася 2 жніўня 1930 года, у час вучэнняў ваенна-паветраных сіл – пад Варонежам было дэсантавана на парашутах падраздзяленне з 12 чалавек. Асаблівай старонкай стаў удзел дэсантнікаў у баявых дзеяннях падчас Вялікай Айчыннай вайны, потым у Афганістане і іншых “гарачых кропках”.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.