Ліквідных аднапакаёвак амаль не
Сёння самыя слабенькія па якасці аднапакаёвыя кватэры са старой мэбляй ці часткова з мэбляй можна адшукаць па кошце 200–220 долараў толькі ў Заводскім раёне і Шабанах. У Курасоўшчыне, Малінаўцы і нават у новабудоўлях звычайныя стандартныя аднапакаёўкі каштуюць ужо 230–260 долараў.
Паводле інфармацыі агента па аперацыях з жыллёвай нерухомасцю агенцтва нерухомасці «Дзінас» Іны Кульшы, ліквідных аднапакаёвых кватэр (сярэдняя якасць жылля адпавядае сярэдняму кошту арэнды 250 долараў) уздоўж лініі метро сёння ўжо амаль не засталося. Лепшыя па якасці невялікія кватэры з сучасным рамонтам, мэбляй і бытавой тэхнікай побач з метро каштуюць ужо 300–350 долараў, аднак і такіх кватэр сёння хапае ўжо не для ўсіх кліентаў. У зусім «свежых» новабудоўлях аднапакаёўкі без мэблі каштуюць 200, а з мэбляй 250 долараў. Двухпакаёўкі там без мэблі прапануюцца за 250, а часткова з мэбляй за 300 долараў. Трохпакаёўкі з кухняй каштуюць 350 долараў плюс камунальныя паслугі.
Сапраўды якасныя двухпакаёвыя кватэры бліжэй да цэнтра каштуюць цяпер 800–900 долараў.У апошні месяц з’явіўся нават нядрэнны попыт і на стыльныя вялікія кватэры
Спецыялісты агенцтваў нерухомасці прагназуюць падаражанне якасных і ліквідных кватэр менавіта ў лістападзе і ў першай палове снежня. Адразу пасля выбараў попыт на хадавыя кватэры (сярэдняя якасць, побач метро) і дарагое жыллё павінен істотна паменшыцца. А адсутнасць стабільнага попыту павінна выклікаць патанненне арэнды.
Праўда, эксперты рынку арэнды не выключаюць, што на сегменце звычайных стандартных кватэр і жылля ў новабудоўлях працэс патаннення арэнды можа адбыцца і раней — калі кватаранты атрымаюць «цяжкія цэтлікі» па кватэрнай плаце. А вось сапраўды якасныя кватэры з сярэднім цэннікам таннець увогуле не будуць, упэўнены спецыялісты рынку жыллёвай нерухомасці.
Сяргей Куркач