Агульная абаронная прастора
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у сферы бяспекі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з сакратаром Савета бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым, перадае БЕЛТА.
"У нас, у Беларусі і Расіі, ёсць яшчэ адна магчымасць на вельмі высокім узроўні абмеркаваць пытанні бяспекі і ваеннага супрацоўніцтва. Мы гэта не скрываем. Мы будзем абмяркоўваць гэтыя пытанні, рабіць усё, каб абараніць нашу Айчыну, агульную абаронную прастору. У гэтым плане мы даволі далёка рушылі наперад, і такіх развітых адносін у галіне бяспекі з іншымі краінамі ні ў вас, ні ў нас няма. Гэта самае цеснае і ўзорнае супрацоўніцтва", — сказаў Прэзідэнт.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, нядаўна адпаведныя пытанні абмяркоўваліся ў час візіту ў Беларусь міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. "Думаю, ваш візіт будзе замацаваннем гэтых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты раней і прапрацоўваліся да цяперашняга часу", — адзначыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі і Расіі неабходна не толькі на вельмі высокім узроўні падрыхтавацца і правесці маючыя адбыцца сумесныя вучэнні, але і намеціць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы бяспекі.
Мікалай Патрушаў згадзіўся з ацэнкамі, выказанымі кіраўніком беларускай дзяржавы. Паводле яго слоў, пытанні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, бяспекі Саюзнай дзяржавы адыгрываюць выключна важную ролю. "Нам неабходна пастаянна ўдзяляць увагу гэтым пытанням. Тое, што сустрэчы праходзяць на вышэйшым узроўні, і тое, што яны рэгулярныя, гэта вельмі важна", — падкрэсліў сакратар Савета бяспекі Расіі.
Акрамя таго, Мікалай Патрушаў напярэдадні Дня Перамогі адзначыў выключна вялікі ўклад у яе дасягненні народаў Беларусі і Расіі. "Некаторыя спрабуюць прынізіць ролю СССР у гэтай перамозе і вызваленні Еўропы і свету ад таго рабства, якое спрабавалі навязаць", — сказаў ён.
Мікалай Патрушаў таксама падкрэсліў, што вельмі любіць Беларусь і з задавальненнем кожны раз яе наведвае. Ён адзначыў, што на гэты раз спыніўся ў "Прэзідэнт-атэлі", які нядаўна адкрыўся, ацаніўшы ўмовы пражывання там, як вельмі камфортныя.