Найвышэйшая ацэнка народа
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка павіншаваў Нікаласа Мадуру Мораса з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла.
"Сёння ў Беларусі шчыра рады за вас і Венесуэлу. Мы ўсім сэрцам і душой перажывалі за прадаўжальніка справы вялікага палітыка XX і XXІ стагоддзяў Камандантэ Уга Чавеса. Выбар, зроблены венесуэльскім народам, сведчыць аб вялікім даверы і прызнанні вашых выдатных заслуг у абароне і падтрымцы дзяржаўных інтарэсаў Венесуэлы", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
"Перамога на выбарах — гэта найвышэйшая ацэнка народам Венесуэлы вашай здольнасці кіраўніка ўпэўнена весці краіну па шляху міру, дэмакратыі і прагрэсу, вырашаць складаныя задачы ў сферах палітыкі, эканомікі і абароны, — гаворыцца ў віншаванні. — У Беларусі высока цэняць шматпланавае беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва, заснаванае на трывалых традыцыях дружбы і ўзаемнай выгады. Дзякуючы вялікаму асабістаму ўкладу Прэзідэнта Уга Чавеса адносіны паміж нашымі краінамі набылі высокую пазітыўную дынаміку".
Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, дасягнуты ўзровень даверу дае магчымасць паспяхова супрацоўнічаць у духу ўзаемаразумення і павагі інтарэсаў адзін аднаго. Ён выказаў перакананне, што агульны настрой на паглыбленне палітычнага дыялогу, нарошчванне эканамічнага ўзаемадзеяння і гуманітарных сувязяў, пашырэнне супрацоўніцтва на міжнароднай арэне — найважнейшыя фактары далейшага ўмацавання беларуска-венесуэльскага стратэгічнага партнёрства ў інтарэсах народаў нашых краін.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў Нікаласа Мадуру наведаць Беларусь з афіцыйным візітам у любы зручны час. "Лічу, што гэты візіт можа надаць новы імпульс развіццю і ўмацаванню беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва ў многіх сферах", — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў Нікаласу Мадуру на пасадзе Прэзідэнта Венесуэлы невычарпальнай энергіі і плённых поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці на карысць венесуэльскага народа.