Даходы Беларусі ад транзіту ў 2012 годзе дасягнулі $3 млрд
Аб гэтым паведаміў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, дзе разгледжаны ход рэалізацыі дзяржпраграмы развіцця транзітнага патэнцыялу на 2011-2015 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр адзначыў, што праграма дае станоўчыя вынікі: "Калі ў 2011 годзе даходы ад транзіту складалі $2,8 млрд, то ў 2012 годзе дасягнулі $3 млрд", — канстатаваў ён. Найбольшыя поспехі назіраюцца ў галіне аўтамабільнага і паветранага транспарту. Так, у выніку павелічэння транзітных палётаў і абслугоўвання транзітных замежных паветраных суднаў даходы ад гэтай дзейнасці выраслі на 10 працэнтаў. "У галіне аўтатранспарту сітуацыя таксама аптымістычная: замежнымі перавозчыкамі ў 2012 годзе выканана 1,5 млн грузавых транзітных паездак і 22 тыс. пасажырскіх", — удакладніў Анатоль Сівак.
Паводле яго слоў, развіццё дарожнай інфраструктуры і прыдарожнага сэрвісу ў Беларусі дало магчымасць павялічыць колькасць паездак замежных перавозчыкаў па тэрыторыі краіны і павысіць даходы за карыстанне аўтадарогамі на 25 працэнтаў.
Разам з тым зніжэнне транзіту грузаў назіраецца на чыгуначным транспарце. "Гэта абумоўлена скарачэннем транзіту грузаў на 10 працэнтаў з-за пераарыентацыі часткі расійскіх экспартных грузаў з партоў Літвы і Латвіі ў парты Ленінградскай вобласці, а таксама зніжэннем попыту на сыравінную прадукцыю, экспартуемую з Расіі ў краіны ЕС", — паведаміў міністр.
У сваю чаргу Уладзімір Сямашка даручыў Мінтрансу падрыхтаваць дадатковыя меры па нарошчванні транзітных перавозак чыгуначным транспартам. Даручана таксама ўнесці прапановы па далейшым развіцці аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, Мінтранс павінен будзе ацаніць магчымасці стварэння на буйных аўтамагістралях краіны комплексных прыдарожных аб'ектаў (аўтазапраўка, аўтамыйка, гасцініца, аб'екты гандлю) з прыцягненнем у такія праекты малога і сярэдняга бізнесу. Уладзімір Сямашка таксама даручыў міністэрству ацаніць перспектывы выкарыстання магчымасцяў абласных аэрапортаў, у тым ліку для прыёму і абслугоўвання прыватных самалётаў