Сацыяльная адказнасць банка

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў асноўныя палажэнні распрацоўваемай стратэгіі Банка развіцця Беларусі да 2015 года. Аб гэтым ішла размова 8 красавіка ў час даклада кіраўніку дзяржавы старшыні праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" Сяргея Румаса.

 

Прэзідэнту даложана аб паказчыках работы банка, дзейнасці па фінансаванні дзяржаўных праграм, прыёмцы актываў з дзяржаўных банкаў. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка цікавіўся выкананнем даручэнняў, якія былі дадзены пры назначэнні Сяргея Румаса на пасаду кіраўніка банка.

Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на сацыяльнай адказнасці банка як арганізацыі, якая працуе прыбыткова. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што рэалізацыяй сацыяльных праектаў павінна займацца кожная буйная арганізацыя ў Беларусі, не толькі банк. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Банку развіцця ўзяць для выканання праект "Школьны аўтобус", які прадугледжвае на працягу пяці гадоў поўнае вырашэнне праблемы з забеспячэннем сельскіх населеных пунктаў транспартам для падвозкі дзяцей у школу і назад. Ужо ў гэтым годзе банк прафінансуе куплю 60 аўтобусаў — па дзесяць для кожнай вобласці. Паводле слоў Сяргея Румаса, Банк развіцця падыдзе да гэтага пытання комплексна, арганізаваўшы таксама курсы вадзіцеляў гэтых аўтобусаў. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову, каб вадзіцелямі ў гэтым праекце былі выключна жанчыны, паколькі праблемы жаночай занятасці ў вёсцы стаяць асабліва востра і, акрамя таго, жанчыны як вадзіцелі значна больш асцярожныя, чым мужчыны, што вельмі важна пры перавозцы дзяцей.

Плануецца, што ўжо да канца года жоўтыя аўтобусы вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода будуць дастаўляць сельскіх дзяцей з невялікіх населеных пунктаў у буйныя аграгарадкі, дзе ёсць школы.

Асобна на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з работай Еўразійскай эканамічнай камісіі. Як далажыў Сяргей Румас, які з'яўляецца членам Савета ЕЭК ад Беларусі, завяршаецца работа над напрамкамі далейшай інтэграцыі, якія Савет ЕЭК разгледзіць 21 красавіка. Пасля калегіяльнага абмеркавання ў ЕЭК яны будуць накіраваны ва ўрады трох краін, а затым 29 мая ўзгодненыя прапановы будуць прадстаўлены кіраўнікам дзяржаў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Аляксандр Лукашэнка адобрыў ініцыятыўныя прапановы Беларусі і даручыў паскорыць работу над дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы цікавіўся дзейнасцю асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола", старшынёй якой з'яўляецца Сяргей Румас. Прэзідэнту даложана аб старце 23-га чэмпіянату Беларусі, які праходзіць па новай формуле. Размова таксама ішла аб тым, наколькі змянілася колькасць легіянераў пасля ўкаранёнай ініцыятывы аб непрызнанні легіянерамі грамадзян Расіі і Казахстана для ўдзелу ў нацыянальным чэмпіянаце. Як адзначыў Сяргей Румас, колькасць легіянераў засталася на ранейшым узроўні, а таму не спраўдзіліся апасенні аб тым, што ў Беларусь прыедуць легіянеры з Расіі, прычым далёка не лепшай якасці.

Прэзідэнт даручыў прааналізаваць вынікі гэтых новаўвядзенняў, з тым каб у наступным годзе прыняць узважанае рашэнне, якое будзе адпавядаць інтарэсам беларускага футбола.

←Электронное правительство — фундамент для эффективного развития

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика