Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь гатова прыняць буйныя міжнародныя спаборніцтвы па біятлоне і лыжных гонках"

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка прыняў удзел у зімовым спартыўным свяце "Мінская лыжня — 2013", якое адбылося на лыжаролернай трасе сталічнага мікрараёна Вяснянка. На свята кіраўнік дзяржавы прыбыў разам з малодшым сынам Мікалаем.

Аляксандр Лукашэнка ў складзе каманды Прэзідэнта Беларусі прыняў удзел у лыжнай эстафетнай гонцы 4х2 км. За перамогу ў гэтай гонцы таксама спаборнічалі каманды Савета Міністраў, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, абласцей і горада Мінска.

Кіраўнік дзяржавы бег за сваю каманду на заключным, чацвёртым, этапе эстафеты, прыйшоўшы на фініш са значным адрывам ад бліжэйшых праследавацеляў. На пераадоленне чатырох этапаў эстафеты, згодна з падагульняючым пратаколам, камандзе спатрэбілася 25 хв. 41 сек. На першых трох этапах за каманду Прэзідэнта выступалі Алег Рыжанкоў, Сяргей Булыгін і Алена Зубрылава.

Другое месца заняла каманда Віцебскага аблвыканкама (29 хв. 8 сек.). Трэцяе месца дасталося камандзе Мінскага аблвыканкама (31 хв. 31 сек.)

Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь гатова прыняць буйныя міжнародныя спаборніцтвы па біятлоне і лыжных гонках"

Затым адбылася лыжная эстафетная гонка 4х2 км сярод каманд сілавых міністэрстваў і ведамстваў. Новаўвядзеннем сёлетняга свята стала індывідуальная лыжная гонка з мас-стартам на 2 км сярод кіраўнікоў рэспубліканскіх дзяржаўных органаў кіравання і дзяржарганізацый.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання Аляксандр Лукашэнка па традыцыі паразмаўляў з журналістамі. Ён расказаў пра ўласны рэцэпт падтрымання добрай спартыўнай формы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэты рэцэпт вельмі просты, асабліва ў лыжных гонках: "Трэба цярпець і бегаць. У любую свабодную хвіліну ўзяць лыжы і прабегчыся".

Прэзідэнт прызнаўся, што нават калі наведвае з візітамі замежныя краіны з гарачым кліматам, як, напрыклад, Венесуэла, бярэ з сабой лыжаролеры, каб у свабодны час заняцца спортам.

"І вельмі важна ў меру піць, лепш наогул не піць, ні ў якім разе не курыць і ўмерана правільна есці, есці толькі сваё — беларускае", — параіў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб перамозе сваёй каманды ў лыжнай эстафетнай гонцы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў спорце важную ролю адыгрывае яшчэ і шанцаванне. "Нам сёння крыху пашанцавала", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся ў Прэзідэнта, ці трэба ў Беларусі будаваць новыя спартыўныя аб'екты, улічваючы ўсё большую папулярнасць заняткаў фізічнай культурай і спортам сярод насельніцтва. "Гэта пытанне для мяне асабіста і для краіны ўжо вырашана. У нас аб'ектаў больш, чым павінна быць па напаўняльнасці людзей. Яшчэ ёсць свабодныя месцы. Калі нават браць па нейкіх нормах, то ў нас яшчэ вельмі значны зазор", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, сітуацыя ў гэтым пытанні была прааналізавана, і, зыходзячы з шэрагу прычын, прынята рашэнне, што ў Беларусі няма неабходнасці дадаткова будаваць вялікія спартыўныя аб'екты. "Трэба гэтыя задзейнічаць належным чынам, каб яны давалі аддачу", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца заняткаў масавымі відамі спорту, то, як адзначыў Прэзідэнт, для гэтага часта наогул не патрэбны якія-небудзь спартыўныя аб'екты. Напрыклад, каб пакатацца на лыжах зімой, дастаткова выехаць за горад.

Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь цяпер можа прыняць спаборніцтвы па любых відах спорту, акрамя Алімпійскіх гульняў, паколькі гэта звязана з вялікімі дадатковымі затратамі і неабходнасцю будаваць новыя спартыўныя аб'екты і гасцініцы. "Але калі б загадзя было прынята такое рашэнне, то я ўпэўнены, што мы справіліся б. Калі б крыху не хапіла, то расіяне нам дапамаглі б з пункту гледжання спартыўных аб'ектаў і месцаў правядзення. Мы маглі б прыняць, але нам трэба пяць-сем гадоў для таго, каб падрыхтавацца да такіх адказных гульняў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Любыя іншыя спаборніцтвы мы гатовы прыняць, калі будзем аб гэтым ведаць за адзін-два гады".

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што перш за ўсё хацеў бы, каб у Беларусі прайшлі буйныя міжнародныя спаборніцтвы па біятлоне. "Я нядаўна разгледзеў канцэпцыю рэканструкцыі нашага галоўнага цэнтра па зімовых відах спорту "Раўбічы". Праз два-тры гады вы яго не пазнаеце. Гэта будзе, як "Мінск-Арэна", суперсучасны, самага высокага ўзроўню цэнтр. Там мы мадэрнізуем усё, а ўжо да наступнага сезона ўсё, што датычыцца бегу, стральбы, пражывання і іншага, будзе зроблена", — расказаў Прэзідэнт.

"Таму мы гатовы прыняць этап Кубка свету па біятлоне, чэмпіянат Еўропы, свету. Было б жаданне ў чыноўнікаў ад гэтага віду спорту арганізаваць у Беларусі спаборніцтвы. Мы гатовы будзем прыняць і лыжныя гонкі, і спаборніцтвы па біятлоне", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Спартыўнае свята "Мінская лыжня — 2013" не абмежавалася ўдзелам у ім Прэзідэнта, кіраўнікоў і работнікаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання. Праграмай мерапрыемства былі запланаваны індывідуальныя лыжныя гонкі сярод ветэранаў фізкультуры і спорту, масавыя спаборніцтвы па лыжным спорце сярод вучняў і студэнтаў, калектываў фізічнай культуры арганізацый Мінска. Для ўдзельнікаў і гасцей спартыўнага свята прадугледжана шырокая забаўляльная праграма, якая ўключае розныя конкурсы і спаборніцтвы, канцэрт, арганізаваны выязны гандаль харчовымі таварамі і прадукцыяй грамадскага харчавання, пункт гарачага харчавання "Салдацкая каша".

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

←Людмила Класковская:

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика