Ці магчыма арганізацыя марскіх перавозак грузаў уласнымі сіламі?

Источник материала:  

Аб гэтым ішла размова 4 лютага падчас даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэя Кабякова і генеральнага дырэктара ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" Валерыя Іванова.

"Размова пойдзе аб перавозцы грузаў марскім транспартам, у шырокім сэнсе слова, а ў вузкім сэнсе слова — аб перакідцы нашых калійных угнаенняў у парты прызначэння", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што азнаёмлены з вынікамі разгляду гэтага пытання ва ўрадзе. "Але я нешта не магу зразумець нейкія разважанні, чыста беларускі варыянт, што калі мы будзем самі вазіць, то гэта можа быць і не танней, чым у іншых перавозчыкаў. Гэта значыць, на сваёй машыне або на сваім судне перавозіць ледзь не даражэй атрымліваецца, на думку ўрада, чым на чужым транспарце. Вось я ніяк гэтага не магу зразумець. Хоць усё ж залежыць ад нас.

Калі ў нашых руках тавар, у нашых руках аўтамабіль ці судна, то мы гэта ўсё і рэгулюем. Як можна тут атрымаць меншы прыбытак, даход, чым супрацоўнічаць з чужымі? Я ніяк не магу зразумець", — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што Беларусь як краіна з экспартаарыентаванай эканомікай перавозіць дзясяткі мільёнаў тон грузаў. "І не ўсё мы перавозім чыгуначным, аўтамабільным транспартам. Напэўна, трэць або чвэрць грузім у партах. Гэта дзясяткі мільёнаў тон. Мы тут маглі б зарабляць нядрэнныя грошы, як мне здаецца", — заўважыў Прэзідэнт.

На сустрэчы размова ішла таксама аб стане спраў у Беларускай калійнай кампаніі і сітуацыі, якая складваецца на калійным рынку. Паводле слоў Валерыя Іванова, сітуацыя на калійным рынку нармалізавалася. Беларусь заключыла кантракт на пастаўку 1 млн тон калійных угнаенняў з Кітайскай Народнай Рэспублікай, правяла перагаворы з бразільскімі партнёрамі, у бліжэйшыя два дні плануе падпісаць кантракт на пастаўку 1 млн тон калійных угнаенняў у Індыю.

Валерый Іваноў адзначыў, што па выніках работы за студзень гэтага года БКК рэалізавана калійных угнаенняў больш, чым у студзені мінулага года, і ў цэлым паказчыкі работы за першы квартал будуць намнога вышэйшыя за ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

←Кого вытянули социальные сети

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика