Быць парламентарыем — значыць, быць у адказе за краіну, за свой народ
Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рубінава А.М. на закрыцці першай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання 20 снежня 2012 года
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
Паважаныя запрошаныя і журналісты!
Сёння завяршаецца першая сесія Савета Рэспублікі пятага склікання. Мы з вамі прапрацавалі першыя два месяцы, і, як мне здаецца, новыя члены Савета Рэспублікі нядрэнна асвоіліся са сваімі функцыямі, актыўна ўключыліся ў заканатворчую дзейнасць. Важна, што нашы камісіі наладзілі цеснае ўзаемадзеянне з профільнымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў, а таксама тое, што з самага пачатку быў узяты курс на прыцягненне грамадскасці да абмеркавання законапраектаў, якія разглядаюцца. Нашы сенатары сумесна з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў правялі шэраг семінараў і "круглых" сталоў па важнейшых для краіны законапраектах.
У выніку ўсёй гэтай работы Савет Рэспублікі разгледзеў і адобрыў каля двух дзясяткаў законаў. Прынятыя намі прававыя акты накіраваны на развіццё рэкламнага рынку, удасканаленне сістэмы дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, рэгуляванне адносін у галіне аховы і выкарыстання зямель, аб'ектаў жывёльнага і расліннага свету, спрашчэнне ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур у галіне прыродакарыстання.
Шэраг разгледжаных законапраектаў прадугледжвае развіццё прававой базы міжнароднага супрацоўніцтва. Дзякуючы іх прыняццю сёння больш дакладна адрэгуляваны пытанні супрацоўніцтва нашай краіны з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў энергетычнай і мытнай сферах, у галіне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, адукацыі і турызму.
Мы таксама прадоўжылі ўдасканальваць прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Прынятыя прававыя дакументы накіраваны, у першую чаргу, на забеспячэнне максімальнай эфектыўнасці работы эканамічных механізмаў гэтых інтэграцыйных структур.
Асаблівая ўвага ў перыяд сесіі намі ўдзялялася міжнароднай і міжпарламенцкай дзейнасці. У Савеце Рэспублікі сфарміравана 13 дэлегацый Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у міжпарламенцкіх арганізацыях. Завяршаецца фарміраванне 50 рабочых груп і 2 міжпарламенцкіх камісій па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў. Абноўлены склад камісіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве з Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, чарговае пасяджэнне якой намечана правесці ў лютым 2013 года.
Аператыўнае фарміраванне дэлегацый дало магчымасць нам без прамаруджвання ўключыцца ў работу па пашырэнні знешнепалітычных інтарэсаў краіны ў рамках міжнародных парламенцкіх арганізацый. Так, шэраг нашых калег прынялі актыўны ўдзел у рабоце 43-й сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, праведзенай 18 снежня ў Маскве. Саюзныя парламентарыі прызналі паўнамоцтвы абноўленага складу беларускай дэпутацыі, унеслі змяненні ў склады камісій, прынялі план работы Парламенцкага Сходу і бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2013 год.
Плённа папрацавалі сенатары і ў рамках міжпарламенцкіх асамблей СНД, АДКБ і ЕўрАзЭС, дзе была агучана наша пазіцыя па далейшым развіцці інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы. Адбыліся сустрэчы са старшынёй Сената Казахстана К.А. Мамі, прадстаўнікамі Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербія, пасламі В'етнама, Ірана і Грузіі, дэлегацыяй МЗС Францыі. Абмяркоўваліся стан і перспектывы гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і міжпарламенцкага супрацоўніцтва, а таксама шэраг іншых пытанняў.
Сёння міжнародны аспект дзейнасці Савета Рэспублікі набывае асаблівае значэнне. Як вы ведаеце, у шэрагу краін свету вельмі неспакойна. Пад лозунгамі барацьбы за дэмакратыю і правы чалавека ідуць разбуральныя працэсы, якія прыводзяць да вялікіх чалавечых і матэрыяльных страт і адкідаюць гэтыя краіны на многія дзесяцігоддзі назад. Усё гэта адбываецца пад аховай і па сцэнарыях уладароў свету, якія не саромеюцца ў выбары сродкаў для дасягнення сваіх мэт.
На жаль, не абыходзяць увагай яны і нашу краіну. Ідуць беспрэцэдэнтныя нападкі на яе незалежную палітыку. Прадаўжаецца практыка эканамічнага і палітычнага націску, прымянення розных санкцый і абмежавальных рэзалюцый. З 1996 года Еўрапарламент 117 разоў заслухоўваў пытанне аб Беларусі і прымаў адносна нас розныя негатыўныя рэзалюцыі.
У сувязі з гэтым, нагадаю вам, паважаныя калегі, што цяпер Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай больш як трох з паловай тысяч міжнародных дагавораў, з якіх амаль дзве тысячы — двухбаковыя, амаль паўтары тысячы — шматбаковыя. Як бачым, у нас сфарміравана салідная прававая аснова супрацоўніцтва з замежнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Таму трэба выкарыстоўваць высокія трыбуны міжпарламенцкіх арганізацый і міжнародных форумаў для аргументаванага давядзення нашых пазіцый да сусветнай грамадскасці і замежных калег. Паказваць ім нежыццяздольнасць двайных стандартаў, розных абвінавачанняў у адрас нашай краіны.
Важнейшым напрамкам для нас павінна стаць работа па ўмацаванні кантактаў у рамках інтэграцыйных аб'яднанняў на постсавецкай прасторы, з парламентамі прыгранічных дзяржаў і з тымі дзяржавамі, якія зацікаўлены ў раўнапраўным і ўзаемапаважлівым дыялогу з намі.
Прыярытэтным напрамкам дзейнасці Савета Рэспублікі з'яўляецца сувязь з рэгіёнамі. Менавіта членам Савета Рэспублікі дэпутаты мясцовых Саветаў даверылі прадстаўляць і падтрымліваць іх інтарэсы ў вышэйшых эшалонах улады. Павінен адзначыць, што многія з вас актыўна асвойваюць новае для сябе поле дзейнасці. Аб гэтым сведчыць ваш удзел у пасяджэннях выканкамаў, сесій і прэзідыумаў мясцовых Саветаў, на якіх разглядаюцца жыццёва важныя для рэгіёнаў пытанні. Акрамя таго, шэраг членаў Савета Рэспублікі зацікаўлена ўзаемадзейнічаюць з міністэрствамі і ведамствамі краіны. Аб гэтым, у прыватнасці, можна меркаваць і па пытаннях, якія задаюцца сенатарамі на сумесных пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Хоць адзначу, што тут мы маглі б быць больш актыўнымі.
Важнае месца ва ўмацаванні сувязяў з рэгіёнамі займае дзеючы пры Савеце Рэспублікі Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Пад яго эгідай на базе Жодзінскага гарадскога Савета 12 снежня праведзены семінар-практыкум для старшынь гарадскіх Саветаў дэпутатаў. Цяпер рыхтуецца чарговае пасяджэнне Савета, на якім плануецца разгледзець пытанне аб рабоце органаў кіравання і самакіравання Горацкага раёна і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па падрыхтоўцы і замацаванні кадраў у вёсцы.
У бліжэйшы час мы плануем абнавіць склад Савета па ўзаемадзеянні, уключыўшы ў яго новых, найбольш актыўных і зацікаўленых кіраўнікоў сельскіх і раённых Саветаў дэпутатаў. Будзе таксама сфарміраваны дзейсны механізм маніторынгу значных для насельніцтва праблем. Гэта дасць магчымасць яшчэ ў большай меры наблізіць членаў Савета Рэспублікі непасрэдна да патрэб людзей. Вынікі гэтай работы будуць шмат у чым залежаць і ад таго, наколькі цесна ўдасца выбудаваць узаемаадносіны з дэпутатамі мясцовых Саветаў, наколькі актыўна нашы сенатары, якія прадстаўляюць усе тэрытарыяльныя ўтварэнні, будуць выносіць хвалюючыя людзей пытанні на сесіі і прэзідыумы мясцовых Саветаў.
У сесійны перыяд шмат увагі ўдзялялася рабоце са зваротамі грамадзян, юрыдычных асоб і іх прадстаўнікоў. У Савеце Рэспублікі разгледжана 90 пісем і зваротаў. Людзей хвалююць работа жыллёва-камунальных службаў, а таксама пытанні сацыяльнай абароны, аховы здароўя, сям'і, мацярынства і дзяцінства. Ні адна заява не была пакінута без увагі, па кожнай прыняты канкрэтныя рашэнні.
Грамадзяне сталі актыўней звяртацца да нас пры дапамозе электроннай пошты. Толькі за сесійны перыяд электронныя звароты склалі каля 30 працэнтаў у агульным аб'ёме зваротаў, якія паступілі ў Савет Рэспублікі. Людзі, у прыватнасці, уносілі прапановы аб узмацненні адказнасці вадзіцеляў за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, звярталі нашу ўвагу на нізкую якасць і высокі кошт жылля, што будуецца, парушэнне нарматыўных тэрмінаў капітальнага рамонту жылога фонду, адсутнасць цяпла ў кватэрах і інш.
У рэгіёнах дзякуючы вашай актыўнай пазіцыі, паважаныя члены Савета Рэспублікі, вырашаны шэраг няпростых жыццёвых праблем.
Так, пры непасрэдным удзеле намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Качанавай Наталлі Іванаўны вырашана пытанне забеспячэння цяплом памяшкання, у якім пражываюць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Па просьбе грамадзян член Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Мартынаў Мікалай Васільевіч садзейнічаў газіфікацыі вёскі Глінная Глыбоцкага раёна. Спіс добрых спраў сенатараў можна прадоўжыць і далей.
Многія з вас выступалі ў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Несумненна, вашы ўзважаныя і канструктыўныя выступленні будуць садзейнічаць павышэнню даверу насельніцтва да парламентарыяў, фарміраванню палітычнай і прававой культуры, стварэнню станоўчага іміджу вышэйшага заканадаўчага органа краіны.
Паважаныя калегі!
Сесія завяршаецца. Але гэта не значыць, што мы ідзём на парламенцкія канікулы. Работа ў камісіях, у рабочых групах над законапраектамі, у рэгіёнах, у міжпарламенцкіх групах будзе прадаўжацца.
Паколькі сенатар — гэта ўплывовая і аўтарытэтная фігура, і яго роля ў рэгіёне павінна быць адчувальнай. Таму ў перыяд сесійных канікул вы павінны асабліва актыўна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі органамі ўлады, праводзіць прыёмы грамадзян, сустрэчы з калектывамі, выступаць у сродках масавай інфармацыі па бягучых пытаннях нашай палітыкі і мясцовага жыцця.
Як вы ведаеце, кіраўнік дзяржавы востра паставіў пытанне мадэрнізацыі нашай прамысловасці. Гэта важнейшая задача, якая сёння выходзіць на пярэдні план, без вырашэння якой нам будзе цяжка канкурыраваць на знешніх рынках. Асабліва ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы з улікам таго, што Расія ўступіла ў СГА. І мы, кожны на сваім рабочым месцы і ў сваім рэгіёне, павінны дапамагаць вырашэнню гэтай праблемы — пастаянна будзіраваць гэтыя пытанні, церабіць мясцовую выканаўчую ўладу, цікавіцца станам спраў на прадпрыемствах.
І другое пытанне. 2013 год пройдзе пад знакам Года беражлівасці. Рэалізацыя гэтай ідэі павінна садзейнічаць вырашэнню задач удасканалення арганізацыі вытворчасці, павышэння прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі і паслуг за кошт аптымізацыі расходаў, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, выключэння неабгрунтаваных страт. Адным словам, гэта яшчэ адзін важны крок на шляху павышэння прыбытковасці прадпрыемстваў, умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы ў цэлым.
І тут мы з вамі не павінны стаяць у баку.
У працоўных калектывах і па месцы жыхарства неабходна ўдзяліць увагу выхаванню ў нашых людзей пачуцця дбайнага гаспадара, стымулявання рэжыму эканоміі, асабліва на рабочых месцах.
Увогуле, усе гэтыя пытанні трэба ўключыць у планы вашай работы, а да пачатку наступнай сесіі, якая адкрыецца 2 красавіка, прадставіць старшыням вашых камісій кароткія справаздачы аб праведзенай вамі рабоце і рабоце вашых памочнікаў.
Паважаныя члены Савета Рэспублікі!
На заключэнне ад усёй душы хачу выказаць усім вам словы ўдзячнасці за сумесную работу ў перыяд першай сесіі. Першы экзамен мы з вамі здалі паспяхова.
Дазвольце мне ад вашага імя падзякаваць работнікам нашага Сакратарыята за належнае забеспячэнне дзейнасці Савета Рэспублікі пятага склікання.
Выказваю таксама ўдзячнасць акрэдытаваным журналістам за асвятленне нашай дзейнасці.
Сардэчна віншую ўсіх з надыходзячымі навагоднімі святамі! Жадаю вам і вашым блізкім у Новым годзе шчасця, дабра і здароўя!
Дзякуй за ўвагу!