Аляксандр Лукашэнка: "Сродкі масавай інфармацыі не павінны насаджаць аднамернае бачанне свету"

Источник материала:  

СМІ павінны арганізоўваць паўнацэнны дыялог людзей і ўлады, служыць індыкатарам настрояў у грамадстве, перашкаджаць пранікненню чужых і дэструктыўных ідэй. Мы жывём ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, а гэта значыць, што цяперашнія сродкі масавай інфармацыі з'яўляюцца неад'емнай часткай нашага паўсядзённага жыцця. Яны ўжо не проста інфармуюць нас аб усім, што адбываецца ў краіне і свеце, але і выхоўваюць, па-рознаму, далучаюць да культуры, забаўляюць. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з членамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі, якая адбылася ўчора, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Звяртаючыся да прысутных у зале, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі добра ставіцца да гасцей-журналістаў. "І гэта не таму, што, як многія журналісты пішуць, не ведаю, дружалюбныя яны да нас ці не, што Лукашэнка нейкую выгаду хоча з гэтага атрымаць. Выгада толькі адна. Я хачу, каб людзі, якім вы будзеце расказваць аб нашай краіне, ведалі аб'ектыўна, што адбываецца ў Беларусі, аб тых працэсах сацыяльна-эканамічных, палітычных, якія адбываюцца ў нас у Беларусі. Вось адзіная выгада, якую я маю на ўвазе, сустракаючыся не толькі з нашымі журналістамі, унутранымі і знешнімі", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка: "Сродкі масавай інфармацыі не павінны насаджаць аднамернае бачанне свету"

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што для саміх СМІ, журналістаў вельмі важна мець глыбокае і аб'ектыўнае бачанне працэсаў, якія адбываюцца на прасторы былога СССР, інакш цяжка данесці да аўдыторыі іх сутнасць, пераканаць людзей у правільнасці тых ці іншых рашэнняў.

"Пытанні паўнацэннага асвятлення інтэграцыйнага эфекту ў нацыянальнай інфармацыйнай прасторы ў многім знаходзяцца ў светапогляднай плоскасці.

Іх вырашэнне звязана з пераадоленнем індывідуалісцкага, канкурэнтнага светаразумення і пераходам да інтэграцыйнай сістэмы каштоўнасцяў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, роля СМІ ў гэтым працэсе заключаецца ў актыўным пашырэнні духоўна-маральных ідэалаў: любові да Айчыны, служэння свайму народу і павагі да працы. "У сувязі з гэтым асаблівую значнасць набываюць прафесіяналізм, адказнасць, сумленнасць і прыстойнасць журналістаў. Важна, каб ваша работа служыла высакародным і стваральным мэтам. Вось тая ключавая задача, якая павінна аб'ядноўваць медыйную супольнасць брацкіх народаў", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пазітыўны імпульс для прафесійнай размовы кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі вялікага рэгіёна, які быў дадзены стварэннем Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі. Прэзідэнт выказаў надзею, што ў далейшым яго значнасць як камунікатыўнай пляцоўкі на постсавецкай прасторы будзе толькі ўзрастаць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адметнай асаблівасцю Беларусі з'яўляецца паслядоўны ўдзел у міждзяржаўных аб'яднаннях. Ён нагадаў, што наша краіна была ініцыятарам і падтрымала вельмі многія інтэграцыйныя праекты.

Па яго меркаванні, у аснове Еўразійскага эканамічнага саюза павінен быць баланс інтарэсаў усіх краін і рэальнае павышэнне якасці жыцця насельніцтва. "Ключавое значэнне сёння мае ўзважаная і прадуманая стратэгія развіцця Адзінай эканамічнай прасторы, а затым і Еўразійскага саюза, у аснове якой будуць баланс інтарэсаў нашых краін і рэальнае павышэнне якасці жыцця насельніцтва", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка: "Сродкі масавай інфармацыі не павінны насаджаць аднамернае бачанне свету"

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што 2012 год, як і мінулы, у многім прайшоў пад знакам яднання краін і народаў. "Не толькі створаны Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана, але на гэтай базе мы рушылі наперад да Адзінай эканамічнай прасторы. Падышлі ўжо да прадметнага, цалкам канкрэтнага абмеркавання перспектывы стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза", — сказаў Прэзідэнт. На яго думку, усё гэта аб'ектыўна робіць нас часткай сусветных палітычных, эканамічных і інфармацыйных працэсаў. "Адначасова мы ставім на парадак дня і пытанне аб суадносінах паміж нацыянальнымі і глабальнымі мадэлямі развіцця, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сучасныя палітолагі ўсё часцей аперыруюць паняццямі "еўрапейская прастора", "агульнасусветная прастора" і ўсё радзей мысляць катэгорыямі асобна ўзятай дзяржавы". Прэзідэнт адзначыў, што на прыкладзе Беларусі відаць, што працэсы, якія адбываюцца тут, нельга разглядаць у адрыве ад агульнасусветных і рэгіянальных тэндэнцый. Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працэсах, якія ідуць на еўразійскай прасторы.

"Мытны саюз, АЭП і будучы Еўразійскі эканамічны саюз — гэта шэраг уступак і кампрамісаў. І, вядома, непазбежныя не толькі плюсы, але і пэўныя страты", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб стварэнні наднацыянальнай Еўразійскай эканамічнай камісіі, якой дзяржавы — члены АЭП перадалі частку свайго суверэнітэту. "Трэба адкрыта гаварыць, што гэтыя кампрамісы і ўшчамленні ўласных інтарэсаў дзеля агульнай выгады недзе ідуць у разрэз з інтарэсамі буйнога, сярэдняга і дробнага бізнесу", — сказаў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Кыргызстан, які вядзе перагаворы аб далучэнні да Мытнага саюза. Разам з тым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з інтарэсамі Кыргызстана, у прыватнасці, у сферы швейнай вытворчасці. "Калі ўступаць у Мытны саюз, то адбудзецца нейкае ўшчамленне іх інтарэсаў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба выбіраць. У нас таксама шмат было размоў, асабліва ў так званай апазіцыйнай прэсе, што Беларусь страчвае суверэнітэт". "Але ўвесь свет сёння ў гэтым напрамку дзейнічае. Таму нічога страшнага ў гэтым няма. Мы ж не знішчылі свае органы ўлады, мы сядзім за агульным сталом і вельмі адкрыта і сумленна абмяркоўваем гэтыя пытанні. Таму што за ўсімі эканамічнымі праблемамі вялікія грошы. А гэта — жыцці людзей", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Сапраўды, ідзе нейкая прыцірка грамадзян, улады і бізнэс-структур пры будаўніцтве гэтага саюза", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі сказаў, што хацеў бы пабудаваць у краіне сацыялізм у добрым сэнсе гэтага слова. "Я хацеў бы, каб мы, калі зыходзіць з традыцыйных паняццяў, будавалі ў сябе сацыялізм. Не той сацыялізм, які мы будавалі ў Савецкім Саюзе і вывучалі па падручніках. Гэта — нешта ад Францыі. Мне, дапусцім, імпануе назва Сацыялістычная партыя Францыі", — сказаў Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, нельга ісці выключна курсам так званай рыначнай эканомікі. "Нават цяпер магу сказаць, што ў нейкай ступені сёй-той нам падкідвае розныя ідэі, называючы іх рыначнымі, каб нас ніжэй апусціць. Таму што мы для іх канкурэнты", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў кожнай дзяржавы ёсць свая мадэль, якая можа ў той або іншай ступені супадаць з класічнымі азначэннямі эканамічнага ладу. "Асаблівасці заўсёды будуць, таму што розныя людзі, традыцыі, гісторыя", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Вось, напрыклад, нам па розных каналах падкідваюць, у тым ліку масавую, прыватызацыю, — адзначыў Прэзідэнт. — Мяне папракаюць, што Лукашэнка супраць прыватызацыі, таму што перакрэсліў усе спісы прыватызуемых прадпрыемстваў. Я гэтыя спісы выкінуў і сказаў: мы не супраць прыватызацыі, і прыватызацыі падлягае без выключэння любое прадпрыемства ў нашай краіне. Пытанне ва ўмовах і цане". "Так, у нас сур'ёзная забюракратызаваная сістэма прыватызацыі. Дык гэта зразумела. Там праца многіх пакаленняў", — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад негатыўны вопыт іншых постсавецкіх краін, якія пайшлі па шляху масавай прыватызацыі. "Ужо ідуць сур'ёзныя размовы, і яны вядуцца не толькі камуністамі, што трэба перагледзець вынікі прыватызацыі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, такога развіцця падзей у Беларусі дапушчана не было, і краіна пайшла па шляху кропкавай прыватызацыі, выбудоўваючы сумленна і адкрыта гэты працэс.

Далей Прэзідэнт звярнуўся да пытанняў беларуска-расійскіх адносін. У прыватнасці, на яго думку, Беларусь можа пераарыентаваць на расійскія парты прыкладна 20 млн.т грузаў. Наша краіна сёння перавальвае праз парты Літвы і Латвіі значныя аб'ёмы грузаў. "60 млн.т грузаў мы перавальваем праз вашы парты. Як вы можаце галасаваць за санкцыі супраць Беларусі?" — адзначыў Прэзідэнт. "Мы перакінем. Цяпер мы з Уладзімірам Пуціным дамовіліся выбудоўваць тарыфы і рыхтуем парты. Для пачатку перакінем 20 млн.т", — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Трэць бюджэту вы (Літва і Латвія. — Заўвага БЕЛТА) фарміруеце за кошт нас. Не разумею, навошта вам з намі ваяваць", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь таксама разлічвае на працягу бліжэйшых аднаго-двух тыдняў падпісаць з Расіяй баланс па пастаўках нафты і нафтапрадуктаў на 2013 год, па якому наша краіна атрымае амаль 23 млн. т нафты. "Ёсць адна праблема — тэхнічная: ці змогуць такі аб'ём паставіць па трубе. Прыкладна 22 млн. т змогуць, а 1 млн. т мы гатовы паставіць чыгуначным транспартам, хоць даходнасць там будзе меншая, але прададзім гэты бензін на Захад, там цэны вышэйшыя, будзе для нас больш выгадна", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт растлумачыў, што Беларусь настойвае на пастаўцы менавіта 23 млн. т, паколькі такі аб'ём неабходны для беларускіх прадпрыемстваў, якія дзякуючы мадэрнізацыі могуць перапрацоўваць вялікія аб'ёмы нафты. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Расія згодна на пастаўку 23 млн. т нафты на ўмовах пастаўкі ўзамен Беларуссю высокаактанавага бензіну. Для Беларусі такія ўмовы з'яўляюцца прымальнымі, лічыць Прэзідэнт, "хоць гэта супярэчыць духу АЭП і саюза, які мы будуем, тут павінна быць свабода перамяшчэння тавараў".

Далей Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Арменія і Азербайджан могуць знайсці рашэнне праблемы Нагорнага Карабаха. "Некаму выгадны гэты канфлікт? Можа быць, выгадны зыходзячы з палітыкі "раздзяляй і ўладар". Таму два прэзідэнты павінны сесці і вырашыць гэту праблему. А рашэнне ёсць", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Трэба набрацца палітычнай волі, каб там нармальна жылі людзі", — падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб узаемасувязях з Еўрасаюзам, Прэзідэнт адзначыў, што ЕС не гатовы да нармалізацыі адносінаў з Беларуссю пры цяперашнім кіраўніцтве краіны і адмове ад масавага распродажу дзяржуласнасці. "Вы (Еўрасаюз. — Заўвага. БЕЛТА) з намі выбудуеце адносіны толькі тады, калі тут не будзе Лукашэнкі, калі тут будзе зменены палітычны лад і калі тут будзе ўсё аддадзена на распродаж, пажадана Захаду. Паверце, у мяне дастаткова інфармацыі па гэтых пытаннях", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Быццам бы аплот дэмакратыі (многія краіны і ў цэлым ЕС), такія прасунутыя ў правах чалавека. Нас вы папракаеце ў парушэнні гэтых правоў. Але мы за апошні час не забілі ніводнага чалавека ні ўнутры, ні за межамі нашай краіны, парушыўшы правы чалавека . А вы, я маю на ўвазе ЕС, знішчаеце цэлыя дзяржавы. Што вам да Афганістана, Ірака, Лівіі, Сірыі і іншых дзяржаў. Хіба вы там лепш зрабілі? Вы ж загубілі там тысячы людзей! Якія ж гэта правы чалавека?" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што асабіста знаёмы з лідарамі многіх краін: "Я стары палітык, я ў многія працэсы быў уцягнуты, тым больш мы падтрымлівалі добрыя адносіны з шэрагам краін, якія я называў. Я добра ведаю лідараў гэтых краін. Напрыклад, Башара Асада... Калі б ён тут прысутнічаў і вы з ім пагаварылі, вы б сказалі, што ён інтэлігентны чалавек".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што асабіста пераканаўся ў падвойных стандартах і няшчырасці еўрапейскіх палітыкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады яны абяцалі "залатыя горы" ўзамен на выкананне асобных умоў. "Галоўны папрок — вы затрымалі людзей (пасля беспарадкаў у цэнтры Мінска 19 снежня 2010 года. — Заўвага. БЕЛТА). Але мы іх слёзатачывым газам не травілі, як гэта робіцца ў некаторых еўрапейскіх краінах, гумовымі кулямі не расстрэльвалі, — сказаў Прэзідэнт. — У нас ніколі нават вадамёты не выкарыстоўвалі супраць незаконных дэманстрацый. У нас ніколі гэтага не было, але вы гэтага не хочаце бачыць".

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што "здаровае калісьці возьме верх" і ўзаемаадносіны Беларусі з ЕС нармалізуюцца.

Аляксандр Лукашэнка назваў выдумкай размовы аб тым, што ён рыхтуе свайго малодшага сына Мікалая ў прэзідэнты. "Я сумленна скажу: я, відаць, не дажыву да таго часу, калі мой малодшы сын захоча стаць Прэзідэнтам, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта пустыя размовы аб пераемніку". "Яму ж (Мікалаю. — Заўвага БЕЛТА) яшчэ 8 гадоў. Уявіце: яшчэ 30 гадоў трэба (я ў 38 стаў Прэзідэнтам), каб стаць Прэзідэнтам. Гэта мне будзе пад 90! Разумееце, прапрацаваўшы столькі Прэзідэнтам, гэта ж кожны дзень нервы... Я не планую жыць да 90, але калі дажыву, дзякуй богу, дай бог!" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што "гэта ўзнікла ад жоўтай прэсы, ад так званай пятай калоны". "Гэта пятая калона, якая фінансуецца звонку, у асноўным Еўрасаюзам і ЗША, і зразумела, якую палітыку яны праводзяць. Таму тут яны пачалі мяне папракаць: вось, Мікалай — гэта наследнік", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Таму вы нават і не думайце, гэта поўнае глупства!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я вам скажу больш. Папракалі б ужо ў тым, што старэйшы сын або сярэдні хоча быць Прэзідэнтам, — гэта было б бліжэй да ісціны. Але ці хачу я прэзідэнцкага лёсу сваім дзецям? Ніколі ў жыцці! Я не хачу, каб яны яшчэ раз прайшлі гэтым шляхам", — сказаў ён. 

←Ворота в Азию открыты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика