Аляксандр Радзькоў: "Грамадзянская супольнасць Беларусі становіцца непараўнальна больш сталай"
У мінулую суботу адбыўся ІІ з'езд Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь". Гэтая падзея супала з пяцігоддзем аб'яднання, якое ўжо мае ў сваіх радах амаль 133 тысячы чалавек, а гэта 2,3% працаздольнага насельніцтва краіны. На з'ездзе былі прыняты новая рэдакцыя Статута і Праграма аб'яднання. Што яшчэ было абмеркавана?
Першыя вынікі
Вынікі пяцігадовай працы падводзіў старшыня аб'яднання Аляксандр Радзькоў, які, між іншым, і цяпер абраны старшынёй рэспубліканскага савета аб'яднання "Белая Русь". Кіраўнік аб'яднання заявіў, што грамадзянская супольнасць Беларусі становіцца больш актыўнай і адказнай. Аляксандр Радзькоў упэўнены, што такія пераўтварэнні сталі магчымымі дзякуючы членам арганізацыі, іх імкненню захаваць незалежную, самабытную Беларусь: "Нашы сумесныя намаганні ўжо сёння даюць першыя ўсходы, але годна яны будуць ацэнены толькі гісторыяй... Мы павінны працягваць нашу працу, укараняць новыя формы дзейнасці, выяўляць і прапаноўваць шляхі вырашэння надзённых праблем грамадства". Для гэтага "Белая Русь" павінна быць адкрытай для людзей. З гэтай мэтай хутка пачне працаваць абноўленая версія сайта аб'яднання, дзе кожны зможа выказацца на форуме па найбольш важных пытаннях. Аляксандр Радзькоў сказаў, што арганізацыі неабходны новыя прыхільнікі — і гэта адзін з асноўных кірункаў працы. У "Белай Русі" і так ужо 32% членаў — моладзь. Мяркуецца, што гэты працэнт будзе надалей павялічвацца.Грамадскія прыёмныя
Ледзь не самы важны праект "Белай Русі" — грамадскія прыёмныя, якія пачалі з'яўляцца 3 гады таму. "Звароты грамадзян — гэта індыкатар даверу людзей да нашай арганізацыі", — лічыць Аляксандр Радзькоў. За тры гады колькасць прыёмных дасягнула 162. За гэты час было прынята 18,2 тысячы зваротаў. "У далейшым грамадскія прыёмныя "Белай Русі" павінны стаць звязуючым звяном паміж грамадствам і ўладай, цэнтрамі вядзення маніторынгу і агітацыйна-прапагандысцкай працы з насельніцтвам", — падкрэсліў кіраўнік арганізацыі.
Для партыі павінны выспець умовы
Зараз шмат мы чуем са СМІ аб тым, што "Белая Русь" збіраецца стаць партыяй. "Так, гэта праўда", — кажуць члены арганізацыі. У той жа час амаль усе, як у адзін голас, кажуць, што час яшчэ не выспеў для такога пераўтварэння. На з'ездзе гэта ўсё было яшчэ раз пацверджана. "Для пераходу ў партыю павінна выспець сітуацыя як вонкава, так і ўнутрана, а зараз большасць членаў арганізацыі лічыць, што гэты пераход заўчасны, — падагульніў, сфармуляваў квінтэсэнцыю меркаванняў членаў аб'яднання Аляксандр Радзькоў. Я пагутарыў з пэўнай колькасцю прадстаўнікоў "Белай Русі" — усе кажуць, што хочуць бачыць сваю арганізацыю партыяй, але разумеюць, што пакуль нават небяспечна пераўтварацца: беларусы мала давяраюць партыям. Аднак пры гэтым "Белая Русь" супрацоўнічае з партыямі. І нават не толькі з тымі, якія падтрымліваюць дзейную ўладу. Анатоль Асманаў, старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі "Белая Русь", сцвярджае, што яго арганізацыя шчыльна супрацоўнічае з апазіцыяй. Пасля пытання Анатоль Асманаў удакладніў: "Мы маем добрыя стасункі з партыяй БНФ". Аказваецца, што ў Маладзечне з гэтай партыяй разам вырашаюць некаторыя пытанні. "Мне здаецца, што гэта можна ўспрымаць як першы сігнал палітычна актыўнага грамадства. Менавіта так і павінна быць — усе разам вырашаюць праблемы, а не ваююць паміж сабою. Калі "Белая Русь" гэта прапагандуе, то ў яе ёсць будучыня".
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.