Сур'ёзна працаваць для нарошчвання экспарту

Источник материала:  

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў запрагацца ў работу і сур'ёзна працаваць для нарошчвання экспарту. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў учора на нарадзе па пытаннях экспарту беларускай прадукцыі, перадае БЕЛТА.

"Мною неаднаразова ставілася задача перад урадам, перад рэгіёнамі, перад канкрэтнымі кіраўнікамі аб тым, што ўсім не проста трэба выходзіць на знешнія рынкі, а энергічна бегчы. Агрэсіўна праціскацца туды, заваёўваць усё новыя нішы, выкарыстоўваць для гэтага нават самы малы шанц", — падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных, запатрабаваў: "Усе павінны запрагацца ў работу і, як кажуць, сур'ёзна працаваць!"

Прэзідэнт падкрэсліў, што эканоміка Беларусі — адкрытая, практычна ўсе яе галіны — экспартаарыентаваныя. "Таму дабрабыт нашай краіны залежыць у многім ад дынамічнага нарошчвання паставак прадукцыі і паслуг на знешнія рынкі — ад дасягнення дадатнага гандлёвага сальда", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўжо не першае дзесяцігоддзе на ўсебеларускіх народных сходах сярод важнейшых прыярытэтаў называецца экспарт. "І гэта не проста лозунг, гэта галоўны фактар паспяховага развіцця дзяржавы. Менавіта таму вырашэнне задач па нарошчванні экспарту, пашырэнні яго геаграфіі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. У гэтых пытаннях няма дробязей. Ніводная тэндэнцыя не павінна заставацца незаўважанай. Заўсёды трэба трымаць руку на пульсе", — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

На сённяшні дзень па тэмпах росту экспарту прагнозны паказчык выконваецца. За 8 месяцаў 2012 года рост экспарту тавараў і паслуг склаў 22,5 працэнта пры прагнозе 11,6-12 працэнтаў. Дадатнае сальда склала каля $4 млрд. "Аднак мяне сёння больш цікавяць не агульныя паказчыкі, а рэльефная карціна таго, як і хто працуе на нарошчванні экспарту, ці ўсе рэзервы задзейнічаны?" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў ад удзельнікаў нарады даць адказы на наступныя пытанні: "Па-першае, хто "вязе" і паспяхова асвойвае знешнія рынкі, а хто выязджае на чужых плячах, у чым прычыны скарачэння вытворчасці і экспартных паставак, росту складскіх запасаў, напрыклад, на прадпрыемствах Мінпрама, легпрама? Чаму мінусуюць арганізацыі Дзяржхарчпрама?"

"Калі хтосьці стаміўся, вы ж разумееце, трэба сказаць аб гэтым — заменім. Патрэбна дапамога... Калі яна патрэбна, таксама дапаможам. Але, падкрэсліваю, усім трэба даваць вынік", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Другім важным пытаннем з'яўляецца экспарт паслуг, асабліва будаўнічых і транспартных. У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу на праблему нарошчвання экспарту будаўнічых паслуг пры паскораных тэмпах нарошчвання імпарту гэтых жа паслуг: "Ставім задачы — нарасціць экспарт будаўнічых паслуг, і ён расце на 34,5 працэнта. Але пры гэтым падвоенымі тэмпамі нарошчваем імпарт (больш як у два разы). У выніку па будаўнічых паслугах маем адмоўнае сальда $170 млн".

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў устараніць відавочныя недапрацоўкі ў экспарце транспартных паслуг: "У сённяшніх умовах, калі стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы, здавалася б, павінна даць магчымасць дынамічна нарошчваць аб'ёмы гэтых паслуг, нашы транспартнікі ледзь плятуцца (каля 3 працэнтаў прыросту). А гэта ж адна з самых важкіх пазіцый — больш за палавіну ўсяго экспарту паслуг. Рост тут павінен быць больш адчувальны".

Трэцяя праблема, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, — разлікі за пастаўленую прадукцыю і вяртанне валютнай выручкі ў краіну. "У прынцыпе гэта галоўнае, для чаго, увогуле, мы сюды і сабраліся. Вы можаце наогул нічога не прадаваць, але грошы вязіце ў краіну. А калі прадалі ўжо, то на 200 працэнтаў грошы павінны быць тут", — запатрабаваў Прэзідэнт.

Яшчэ адной важнай тэмай нарады стала работа тавараправоднай сеткі за мяжой, а менавіта — пошук прычын нізкай эфектыўнасці такой работы. "Менш за 10 працэнтаў беларускага экспарту рэалізуецца праз уласныя сеткі, але і гэтыя арганізацыі церпяць ад нізкай фінансавай дысцыпліны, адсутнасці правільнай цэнавай палітыкі", — канстатаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на адсутнасць у экспарцёраў дакладнай стратэгіі развіцця. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў зборачную вытворчасць прадпрыемстваў Мінпрама: "То іх адкрываюць, то праз паўгода палавіну закрываюць. Гэта ўжо не гібкасць гандлёвай палітыкі, а імітацыя бурнай дзейнасці".

Нярэдкія выпадкі продажу прадукцыі на знешнія рынкі, абмінаючы ўласныя сеткі, праз пасрэдніцкія схемы на шкоду эканоміцы прадпрыемстваў. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Камітэт дзяржкантролю ўстанавіў факты, калі трактары МТЗ і запчасткі да іх пастаўляліся пасрэднікам па ўнутраных цэнах нібыта для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, але фактычна яны экспартаваліся ў Расію, Казахстан, іншыя краіны, толькі ўжо зусім па іншых цэнах.

"Складваецца ўражанне, што кіраўніцтва шэрагу нашых міністэрстваў і канцэрнаў знаходзіцца ў самазаспакоенасці, больш за тое, бестурботнасці, хаваючыся за дадатнымі агульнымі лічбамі, да дасягнення якіх яны не маюць ніякага дачынення. Гэтаму трэба пакласці канец. Усе павінны запрагацца ў работу і, як кажуць, сур'ёзна працаваць", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

←Секреты их безналичной жизни

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика