Праваслаўе з'яўляецца фундаментальным каменем духоўнасці беларускага народа
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 кастрычніка на сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам, які знаходзіўся з візітам у Беларусі па запрашэнні Мітрапаліта мінскага і Слуцкага Філарэта.
"У нашай краіне адносіны свецкай і духоўнай улады будуюцца па прынцыпе сімфоніі, гэта значыць гарманічнага саюза і сумеснай работы на карысць Айчыны. Беларусь паспяхова развівае супрацоўніцтва з нашай праваслаўнай царквой", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ адным сведчаннем гэтых добрых адносін стала адкрыццё ў Мінску помніка Патрыярху Аляксію ІІ — мудраму пастыру, які быў, паводле евангельскага слова, соллю зямлі і святлом свету, якога мы глыбока паважаем, гэтак жа як і Вы. І Ваш візіт — сведчанне гэтага, — адзначыў Прэзідэнт. — Дзякуй за тое, што раздзялілі з беларусамі радасць гэтага свята. Вы — верны і надзейны сябар нашай краіны, і не раз даказвалі гэта, падтрымліваючы нас у самых няпростых сітуацыях".
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў аўтарытэт Патрыярха Кірыла як духоўнага лідара і грамадскага дзеяча, які ўносіць вялікі ўклад у абнаўленне праваслаўя і ўзмацненне яго сацыяльнай ролі ў сучасным жыцці: "Высокай ацэнкі заслугоўвае Ваша імкненне захаваць адзінства Рускай праваслаўнай царквы і наша славянскае брацтва. Гэта ідэя поўнасцю адпавядае спадзяванням народаў Беларусі, Расіі і Украіны".
"Можаце быць упэўнены ў тым, што пазіцыі праваслаўя ў Беларусі непахісныя, — запэўніў Прэзідэнт. — Не таму, што і я як кіраўнік дзяржавы, і нашы свяшчэннаслужыцелі, Сінод, высокапаважаны Мітрапаліт — прыхільнікі гэтага, а таму, што беларусы такія. Мы ніколі не былі здраднікамі, мы заўсёды былі надзейнай апорай тым, з кім сябравалі, а праваслаўе для нас — фундаментальны камень, закладзены ў аснову нашай духоўнасці і нашага народа".
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Патрыярха Кірыла са святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы і ўзнагародзіў яго ордэнам Дружбы народаў за значны ўклад у саюзнае будаўніцтва, умацаванне дружалюбных адносін, адзінства народаў Беларусі і Расіі.
"Будзем шчырымі, многія ўзнагароды даюцца на перспектыву, авансам. А калі паглядзець за мяжу, то наогул часам не разумеем, за што каго ўзнагароджваюць. Але ў Вас няма ніякага авансу. Я памятаю Вашы шчырыя адносіны да Беларусі на працягу дзясяткаў гадоў", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што з Патрыярхам Кірылам яго звязваюць і шчырыя асабістыя адносіны.
"Я заўсёды з хваляваннем і адпаведнай дастойнай павагай ставіўся да нашай праваслаўнай царквы, яе свяшчэннаслужыцеляў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Так атрымалася гістарычна, што вы аказаліся на самым версе ў гэтым бурным патоку жыцця: удары па царкве ідуць і злева, і справа. Я вельмі рады, што вы дастойна ўспрымаеце гэта, і павінен адзначыць, што нам трэба вучыцца ў вас, як рэагаваць і адказваць на такія рэчы".
Прымаючы ордэн, Патрыярх Кірыл адзначыў, што ўзнагарода вельмі арганічная ў дачыненні да той місіі, якую ажыццяўляе праваслаўная царква: "Справа царквы ў тым, каб ратуючыся, ператвараючы сваю душу, людзі ўмелі вынікі гэтага ўнутранага ператварэння, вызвалення ад граху ўключаць у тканіну грамадскіх адносін".
Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што Руская праваслаўная царква на працягу ўсёй сваёй больш як тысячагадовай гісторыі служыла адзінству народаў, стварала духоўную і культурную прастору, якая сёння называецца прасторай гістарычнай Русі або Святой Русі. "У ХХ і ХХІ стагоддзях мы як бы жывём у розных дзяржавах. Народы пайшлі па шляху суверэннай арганізацыі свайго дзяржаўнага жыцця. І царква з павагай ставіцца да гэтага нацыянальнага выбару. Але гэту павагу яна суправаджае намаганнямі, накіраванымі на захаванне духоўнай культурнай прасторы той самай гістарычнай Святой Русі. І адно не супярэчыць другому, — упэўнены Патрыярх. — Наадварот, клопат аб сваёй уласнай дзяржаве, развіццё суверэнітэту, эканомікі, сацыяльных адносін, удасканаленне палітычных адносін павінны адначасова суправаджацца духоўным, маральным і культурным удасканаленнем асобы і грамадства. На гэты складальнік накіравана ўвага Рускай праваслаўнай царквы".
"Мы сёння заклапочаны пытаннямі інтэграцыі на постсавецкай прасторы. І ў апошнія гады, у тым ліку пры Вашым актыўным удзеле, ёсць, несумненна, поспехі. Нават з часу нашай апошняй сустрэчы адбылося шмат такога, што ў лепшы бок мяняе развіццё гэтых працэсаў. І дай Бог, каб ад іх выйгралі ўсе і эканамічна, і палітычна, і культурна, і духоўна, — адзначыў Патрыярх Кірыл. — А царква будзе падтрымліваць, натхняць людзей. Царква будзе пастаянна падкрэсліваць важнасць сумеснага жыцця брацкіх народаў пры ўсёй павазе да суверэнітэту краін і зробленага гістарычнага выбару".
Патрыярх Кірыл таксама выказаў цёплыя словы адносна развіцця сучаснай Беларусі і яе сталіцы Мінска: "Кожны раз, калі прыязджаю ў Беларусь, я бачу штосьці новае, што мяне вельмі радуе. Сёння яшчэ дзень такі — радасны і светлы — амаль што вясенні: шмат сонца, блакітнага неба. На фоне гэтага пейзажу Мінск, яго навакольная мясцовасць выглядае асабліва: шмат прасторы, паветра, чыстая прырода і цудоўныя людзі. Гэта і ёсць багацце, якое ў многім вызначае якасць чалавечага жыцця".